Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьню Мікалаю Дзядку адмовілі ў харчовай бандэролі


Мікалай Дзядок

Мікалай Дзядок

Жонка палітвязьня Мікалай Дзядка Валерыя Хоціна паведаміла, што яму адмовілі ў атрыманьні харчовай бандэролі, якую дасылалі сваякі.

«Даслалі яму бандэроль: пару „Снікерсаў“, цыгарэты, якія ён прасіў, гарбату. Ён паведаміў, каб дасылалі, маўляў, можна, але вось прыйшло паведамленьне, што бандэроль вяртаецца. Не прапусьцілі. Пакуль ня ведаем, чаму не дазволілі. Атрымліваецца, што кніжную бандэроль прапусьцілі, а гэтую не».

Раней сваякі даслалі Мікалаю Дзядку некалькі кніг. Паводле зьвестак ад Мікалая Дзядка, ён прачытаў усе кнігі з турэмнай бібліятэкі, якія яго зацікавілі, апроч дэтэктываў.

Мікалаю Дзядку ў турму прыходзіць шмат газэт. Валерыя Хоцінай сказала, што зьдзіўленая дасьведчанасьцю мужа ў падзеях, якія зараз адбываюцца ва Ўкраіне.

«У апошніх лістах Мікалай не скардзіўся на дрэннае здароўе», — паведаміла Валерыя Хоціна.

Вядома, што ў турме ў Мікалая Дзядка абвастрылася хвароба страўніка. Ў сьнежні мінулага году яму былі прызначылі дыетычнае харчаваньне.

Актывіст анархісцкага руху Мікалай Дзядок асуджаны на 4,5 года зьняволеньня за хуліганскія дзеяньні адносна афіцыйных будынкаў, чаго ў судзе не прызнаў. Утрымліваюць палітвязьня Мікалая Дзядка ў Магілёўскай турме, дзе таксама трымаюць Мікалая Статкевіча і Яўгена Васьковіча.
XS
SM
MD
LG