Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я ўвогуле ня ведаю, што такое «Гарызонт»


Віцэ-прэм’ер Пётар Пракаповіч падчас нядаўняй нарады з кіраўніком краіны заявіў пра неканкурэнтаздольнасьць беларускіх МАЗаў і трактароў. Не вытрымлівае канкурэнцыі з замежнымі вытворцамі і яшчэ адно буйное прадпрыемства Менска —завод «Гарызонт». Колішні гігант беларускай радыёэлектронікі сёньня — у глыбокім заняпадзе.

Завод «Гарызонт» займае цэлы квартал у цэнтры Менску. Дзьве прахадныя на вуліцах Куйбышава і Кісялёва амаль бязьлюдныя. Прычыну тлумачыць супрацоўніца пэнсійнага веку ў фірмовай вопратцы:

Карэспандэнтка: «Чаму так мала людзей тут, на прахадной?»

Працоўная: «Бо тут у нас арандатары, тут у нас вытворчасьці няма. Вытворчасьць — на Соф’і Кавалеўскай».

Карэспандэнтка: «Але ж тут была вытворчасьць. Калі яе згарнулі?»

Працоўная: «Так, так, тут была. А згорнута... ну, ня ведаю. Увогуле цяпер няма...»





Прайсьці на тэрыторыю «Гарызонта» зусім не складана: пасярод прахадной у шкляной кабіне замест вахтара — майстэрня, дзе рамантуюць дробную пабытовую тэхніку. На сьценах — спрэс рэкляма офісаў і іхніх паслугаў. У двары — паркоўка аўтамабіляў розных фірмаў. Пэнсіянэрка Антаніна Іванаўна цяпер прыбіральшчыца, а калісьці працавала ў цэхах «Гарызонту»:

Працоўная: «Я тут прарабіла 20 гадоў, і завод працаваў цудоўна! Мы выдавалі гэтулькі тэлевізараў! А цяпер я ня ведаю, чаму так — перабудова... Запоўнілі ўсё чужымі — вось і ўсё. А ў нас што, сваёй моладзі няма, сваіх тэхнікаў няма? Я думаю, што мы таксама не дурныя!»

Карэспандэнтка: «Дык вы за беларускі „Гарызонт“ ці за нейкія іншыя тэлевізары?»

Працоўная: «Я за „Гарызонт“! Бо Беларусь!»






Былыя вытворчыя цэхі «Гарызонту» з боку двара выглядаюць занядбанымі і пакінутымі, як, зрэшты, і звонку. Супрацоўнікі фірмаў-арандатараў, якія праходзяць праз былую прахадную штодня, кажуць, што мала ведаюць пра цяперашні «Гарызонт» і ягоную прадукцыю:

Спадарыня: «Мы наймаем памяшканьне тут, на „Гарызонце“.

Карэспандэнтка: „Што пра „Гарызонт“ ведаеце?“

Спадарыня: „Нічога ня ведаю. Ведаю, што гэта вытворчасьць нашай тэхнікі, штосьці тут рабілі, а больш нічога ня ведаю“.

Карэспандэнтка: „Як вы ставіцеся да таго, што тут няма цяпер вытворчасьці?“

Спадарыня: „Ну, у мяне была мікрахвалёўка „Гарызонт“ — яна згарэла адкрытым полымем. Таму я рада, што яны нарэшце спынілі ўсю гэтую справу“.



Вытворчыя цэхі менскага „Гарызонту“, якія яшчэ працуюць на ўскраіне гораду, сёньня выпускаюць пабытовую тэхніку, у тым ліку мультываркі, кандыцыянэры, мэдыяплееры і іншую прадукцыю — пераважна з кітайскіх вузлоў і дэталяў. Бальшыні ж менскіх мінакоў, якія шпацыруюць уздоўж сьценаў прадпрыемства, „Гарызонт“ вядомы перадусім як завод тэлевізараў, якімі яны стараюцца не карыстацца:

Карэспандэнтка: „Ці хацелі б вы, каб больш было айчынных тэлевізараў „Гарызонт“ — ці больш замежнай тэхнікі? Вы за што?“

Спадарыня: „За замежную — яна па якасьці лепшая“.

Карэспандэнтка: „У вас дома якая тэхніка? Ці ёсьць „Гарызонт“?“.

Спадарыня: „Не, нічым гарызонтаўскім не карыстаемся, толькі імпартная тэхніка“.

Карэспандэнтка: „Ці не шкадуеце вы, што цяпер мала вырабляецца прадукцыі „Гарызонту“, а больш замежнай тэхнікі?“

Юначка: „Мабыць, не, не шкадую. Па-першае, яна таньнейшая, ну, і якасьць лепшая“.

Карэспандэнтка: „Дома ў вас што?“

Юначка: „LG“ і „Samsung“ плянуем набываць. Таму не шкадую — выбар сьвядомы».

Спадар: «У мяне тэлевізара „Гарызонт“ няма — таму не магу вам нічога сказаць».

Карэспандэнтка: «А калі-небудзь была якая тэхніка „Гарызонту“?»

Спадар: «Быў некалі так званы „кубік“ яшчэ ў савецкія часы, тады гэта было — о-го-го! Бо нічога імпартнага тады яшчэ ня ўвозілася».

Карэспандэнтка: «А калі пачало ўвозіцца?»

Спадар: «Ну, канечне — усе тэлевізары былі ўжо на панэлях, а гэтыя яшчэ кінэскопныя выпускалі. А ўвогуле тэлевізары трэба выпускаць з інтэрнэтам — вы ім падкажыце».

Карэспандэнтка: «Ці былі ў вас калі-небудзь тэлевізар ці іншая тэхніка „Гарызонт“?»

Юнак: «Ды не было ніколі. Я ўвогуле ня ведаю, што такое «Гарызонт».

Паводле незалежных экспэртаў, вытворчасьць беларускіх тэлевізараў летась зьнізілася амаль на 60%. Доля імпартных тэлевізараў на айчынным рынку перавысіла 80%.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG