Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пагадзіцца суд з тым, што лучніцу Сярдзечкіну забілі без папярэдняга пляну


Канстанцін Казлоў
Канстанцін Казлоў

Прысуд ў справе аб забойстве вядомай беларускай лучніцы Ганны Сярдзечкінай агалосяць 11 лютага ў 14 гадзінаў дня. Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведамілі ў Завадзкім судзе Менска, дзе праходзіць працэс.

Абвінавачанаму ў забойстве былой жонкі праграмісту Канстанціну Казлову пракурор запатрабаваў 15 гадоў зьняволеньня — максымум паводле 1 часткі 139 артыкулу аб забойстве, які выстаўлены падсуднаму. Канстанцін Казлоў у судзе сваю віну прызнаў цалкам. Паводле яго, ён не плянаваў забойства былой жонкі, а задушыў яе ў выніку сваркі адносна тэрмінаў будучай сустрэчы з чатырохгадовым сынам.

Ці сапраўды забойства не плянавалася? У судзе гэтыя паказаньні падсуднага вывучаліся асабліва ўважліва. На працэсе стала вядома, што Канстанцін Казлоў, які звычайна бачыўся з сынам раз на месяц, на апошнім спатканьні нечакана запатрабаваў ад былой жонкі яшчэ адну сустрэчу з сынам на наступны дзень. У жанчыны былі іншыя пляны і гэта, паводле Казлова, выклікала ягонае незадавальненьне. Таксама судзьдзя Жана Брысіна вывучала тое, чаму Канстанцін Казлоў напрасіўся ў кватэру былой жонкі, дзе і адбылося забойства. Пэўна патлумачыць, чаму яго не задаволіла сустрэча з сынам на гульнявой пляцоўцы ў двары дома, Канстанцін Казлоў ня змог.

Пасьля забойства цела Ганны Сярдзечкінай было разрэзана на кавалкі. Былы муж Сярдзечкінай даў суду паказаньні, што ён зрабіў гэта звычайным кухонным нажом, а потым вывез фрагмэнты цела ў заплечніку на таксі.

«Адны кавалкі закапаў у лесапаласе, другія патапіў у Цнянскім вадасховішчы», — распавядаў у судзе Канстанцін Казлоў. Паводле яго, ён зрабіў гэта, каб пазьбегнуць адказнасьці за сьмерць жанчыны. Псыхіятрычная экспэртыза, якую Казлоў праходзіў пасьля арышту ў жніўні 2013 года, паказала, што ён здаровы.

Сьведкі на працэсе, прыкладам, знаёмы Сярдзечкінай Віктар Калач распавядаў, што Казлоў і раней выяўляў агрэсію адносна былой жонкі і нават пагражаў іх агульнаму сыну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG