Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да Аўтуховіча не прапусьцілі пошту з Майдану


Мікалай Аўтуховіч

Мікалай Аўтуховіч

Грамадзкая актывістка, рэжысэр Вольга Мікалайчык атрымала ад палітвязьня Мікалая Аўтуховіча ліст, з якога вынікае, што да яго не дайшлі тэлеграма і паштоўкі з Майдану.

Гэтыя тэлеграма і паштоўкі дасылаліся Мікалаю Аўтуховічу 7 студзеня, кажа Вольга Мікалайчык.

«На дзень народзінаў Мікалая яму з Майдану дасылалі віншавальную тэлеграму. Я дакладна ведаю, бо гэта рабілася на маіх вачах. І даволі нятанна — за 180 грыўнаў. Ён не атрымаў ані тэлеграму, ані паштоўкі, што таксама цікава. Падобныя паштоўкі людзі адправілі з паштамту, які знаходзіцца побач з Майданам, для ўсіх 12 палітвязьняў Беларусі. Таксама няма.»

Вольга Мікалайчык мяркуе, што гэта беларускія ўлады не прапускаць да палітвязьняў пошту, якая ідзе з Украіны, дзе зараз адбываюцца драматычныя падзеі.

Паводле зьвестак Вольгі Мікалайчык, былы палітвязень Васіль Парфянкоў дагэтуль знаходзіцца ў Жодзінскай калёніі. Яшчэ ў пачатку году Васілю Парфянкову паведамілі ў калёніі, што перавядуць яго для адбыцьця пакараньня ў калёнію ў Горках, але гэтага пакуль не адбылося. Чаму?

«Мяркую ў Жодзіна Васіля адмыслова трымаюць як мага больш, бо там ўмовы вельмі жорсткія», — кажа Вольга Мікалайчык.

Ці атрымаў хто зь палітвязьняў паштоўкі салідарнасьці з Майдану? Маці палітвязьня Эдуарда Лобава Марына кажа, што ёй пра такую паштоўку сын нічога не казаў, калі днямі тэлефанаваў дамоў. Паводле зьвестак Марыны Лобавай, з яе сынам ў Івацэвіцкай калёніі «пакуль усё нармальна».

«Пасьля невялікага перапынку аднавілася вучоба, сын навучаецца на зваршчыка», — нагадала Марына Лобава.

Палітвязень Мікалай Аўтуховіч асуджаны на 5 гадоў і 2 месяцы нібыта за захоўваньне патронаў і ўтрымліваецца ў гарадзенскай турме. Ягоны тэрмін заканчваецца ў пачатку вясны. Былы палітвязень Васіль Парфянкоў у канцы мінулага году асуджаны на год калёніі строгага рэжыму за парушэньне адбыцьця прэвэнтыўнага нагляду. Маладафронтавец Эдуард Лобаў асуджаны на 4 гады нібыта за бойку, якую лічыць правакацыяй спэцслужбаў.
XS
SM
MD
LG