Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Даём рады» — музычная прэмія «Эўрарадыё», пераможцаў у якой па выніках году вызначаюць шляхам галасаваньня ўсіх супрацоўнікаў рэдакцыі, уключна прыбіральшчыц.

7 лютага падчас вялікага канцэрту ў Менску адбылося ўручэньне прызоў пераможцам «Даём рады» ў 9 асноўных намінацыях. Уладальнікі галоўнага прызу «Гурт-2013» — удзельнікі калектыву «Ляпіс Трубяцкі» на цырымоніі адсутнічалі.

Дарэчы, «Ляпісы» набралі большасьць галасоў і ў намінацыі «Музычнае відэа-2013» дзякуючы свайму кліпу «Месяц» (рэжысэр А. Сьцяколенка). «Сінглам-2013» было названае выданьне песьні «Гуантанама» групы «Nizkiz», «Альбомам-2013» — праграма «Чорная панна» групы «Litvintroll». У намінацыі «Дэбют-2013» перамагла група «Tonqiхod». Другі год запар лепшым сольным выканаўцам году называецца Зьміцер Вайцюшкевіч.

Галоўны рэдактар «Эўрарадыё» Віталь Зыблюк патлумачыў, што сярод кандыдатаў на атрыманьне прэміі «Даём рады» знаходзяцца тыя выканаўцы, на музыцы якіх трымаецца фармат станцыі. А гэта пераважна рок. Тым ня менш «Музычным праектам-2013» быў адзначаны цыкль канцэртаў «Джазавыя суботы ля ратушы», а «Фэстывалем-2013» назвалі міжнародны фэст фальклёрнай музыкі «Камяніца». Упершыню прэміяй «Эўрарадыё» быў адзначаны лепшы альбом замежнага калектыву: праграма «Right Thoughts, Right Words, Right Action» групы «Franz Ferdinand».

«Заснаваньне новай намінацыі — гэта сьведчаньне таго, што „Даём рады“ нельга разглядаць як нейкі міжсабойчык, як прэмію лякальнага маштабу», — патлумачыў Віталь Зыблюк. — «Гэта агульнабеларуская прэмія, намінантамі якой робяцца тыя выканаўцы, якія цягам году выдалі сваю музыку на дысках. Сярод удзельнікаў цырымоніі — музыкі з розных гарадоў краіны. Сёлета не атрымалася прывезьці замежны калектыў. Але праз год мы тое зробім абавязкова. „Даём рады“ павінна выйсьці на міжнародны ўзровень».

І першыя крокі ў гэтым напрамку ўжо зроблены. Клюб «Re:Public», на сцэне якога адбывалася ўручэньне прэмій «Даём рады», заснаваў уласную намінацыю, названую «Найбольш вар’яцкі канцэрт году». Пераможцам зрабілася брытанская група «Enter Shikari», удзельнікі якой прывіталі прысутных у клюбе за дапамогай відэа.

Падчас цырымоніі быў уручаны шэраг спэцыяльных жартаўлівых прызоў, адзін з якіх называўся «Каляка-маляка». Гэты прыз дастаўся ўжо згаданай вышэй камандзе «Litvintroll». Дызайн вокладкі альбому «Чорная панна», як вызначыў калектыў «Эўрарадыё», "неверагодна нагадвае вокладку дыску брытанцаў "Paradise Lost«— «Tragic Idol».

Напрыканцы лютага лепшых выканаўцаў айчыннай музыкі па выніках 2013 году ўжо ў шосты раз назаве сайт experty.by
XS
SM
MD
LG