Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нуланд: ЗША ня будуць дапамагаць нерэфармаванай Украіне


Вікторыя Нуланд і Джэф Пает

Вікторыя Нуланд і Джэф Пает

Высокапастаўлены амэрыканскі дыплямат абвергла расейскія прэтэнзіі, што ўкраінскія антыўрадавыя баевікі нібыта навучаюцца ў амбасадзе ЗША ў Кіеве.

Памочнік дзяржаўнага сакратара Вікторыя Нуланд таксама сказала, што Вашынгтон і міжнародная супольнасьць гатовыя даць больш дапамогі Ўкраіне, калі лідэры хутка правядуць дэмакратычныя рэформы і прызначаць, як яна выказалася, «нацыянальны тэхнічны ўрад» для завяршэньня супрацьстаяньня паміж уладамі і антыўрадавымі дэманстрантамі.

«Ніхто не зьбіраецца даваць эканамічную падтрымку ад ЗША ці ад МВФ або з Эўропы нерэфармаванай Украіне» – заявіла Нуланд.

Сёньня раней прэсавы сакратар Белага дому Джэй Керні заявіў, што Расея, на ягоную думку, мела дачыненьне да ўцечкі зьместу падслуханай тэлефоннай размовы паміж памочнікам дзяржсакратара ЗША Вікторыяй Нуланд і амбасадарам ЗША ва Ўкраіне Джэфам Паетам. У аўдыёзапісе тэлефоннай размовы, разьмешчаным у інтэрнэце з расейскімі субтытрамі, Нуланд і Паета, абмяркоўваюць падзеі ва Ўкраіне. У адным месцы Нуланд выкарыстоўвае ненарматыўную лексыку, каб выказаць сваё раздражненьне дзеяньнямі Эўрапейскага зьвязу па ўрэгуляваньні крызысу ва Ўкраіне.

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША папрасіў прабачэньня перад ЭЗ.

Тым ня менш, Нямеччына, вядучы саюзьнік ЗША і найбольш эканамічна магутная краіна ЭЗ, скрытыкавала камэнтары Нуланд як «абсалютна непрымальныя».

Прэс-сакратар канцлера Ангелы Мэркель заявіла, што Мэркель рашуча падтрымлівае дзейнасьць кіраўніка ЭЗ у справе зьнешняй палітыкі ЭЗ Кэтрын Эштан у справе вырашэньня ўкраінскага крызысу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG