Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У савецкія часы і пасьля развалу СССР праз турму і зону прайшла вялікая частка грамадзтва. Разам з былымі асуджанымі на волю пранікла табуяваная калісьці ў грамадзтве субкультура.

Паводле некаторых аналітыкаў, Расея, а зь ёю і іншыя постсавецкія краіны, — дзіўны прыклад таго, як турэмная культура — яе кодэкс гонару, жаргон, музыка — накладае адбітак на грамадзкую і палітычную рэальнасьць і паўнапраўна функцыянуе ў публічным ужытку.

Сёньня пра тое, у якой ступені гэта закранула Беларусь. Традыцыйнае апытаньне, якое мы правялі на вуліцах Магілёва, прадэманстравала: большасьць нашых рэспандэнтаў лічаць тыповымі праявамі ўплыву турэмнай культуры на масавую такія зьявы як папулярнасьць расейскага шансону ды шырокае распаўсюджваньне турэмнага жаргону ў грамадзтве. Яны таксама адзначаюць, што апошнім часам рэзка ўзрасло захапленьне тату, асабліва сярод моладзі. Аднак гэта ўжо самастойная зьява і турма тут не пры чым.



«Сёньня кожны выбівае, што хоча»


З гледзішча псыхолягаў, любая наколка, калі чалавек пайшоў на яе сам, незалежна ад таго, у турме ён ці на волі, — гэта ня проста малюнак, а сымбаль ягонага характару. Тату замацоўвае за чалавекам пэўны імідж, становіцца своеасаблівай візытоўкай. Лічыцца, што добраахвотна тату робяць людзі зь вялікімі амбіцыямі. Падобны крок зьвязаны ў іх зь неабходнасьцю пераадолець нейкі бар’ер у самім сабе. Па-другое, ёсьць жаданьне, хай нават і неўсьвядомленае, сваім вонкавым выглядам узьдзейнічаць на тых, хто навакол. Нярэдка тату зьяўляецца прыкметай глыбока схаваных комплексаў.

Былы асуджаны Аляксандар 15 гадоў як зьехаў зь Беларусі. Зь мінулым, як кажуць, «завязаў». За плячыма ў Аляксандра некалькі турэмных ходак. Кожная пакінула пасьля сябе розныя наколкі. У выніку ў наколках большая частка цела — сьпіна, грудзі, рукі, ногі...

Калі „завязваеш“ з турэмным жыцьцём, то наколкі вельмі перашкаджаюць
«Калі „завязваеш“ з турэмным жыцьцём, то наколкі вельмі перашкаджаюць, — сьведчыць Аляксандар, — хоць тут, на Захадзе, гэта адчуваеш значна менш, чым дома. Аматараў тату цяпер паўсюль нямала, і гэта далёка ня толькі крымінальны сьвет. Зразумела, наколкі ў „вольных“ зусім іншыя. Калі гэтыя людзі бачаць мае, то зьяўляюцца дапытлівыя позіркі. Ну дзеля чаго, напрыклад, было выбіваць праваслаўную царкву з купаламі ці эпалеты?»

Паводле Аляксандра, кожная турэмная наколка мае сваё значэньне.

Царква з купаламі на сьпіне ці на грудзях — да праваслаўнай веры гэта ніякага дачыненьня ня мае. Кожны купал сымбалізуе год адседкі або ходку. Чым больш купалоў, тым больш часу за кратамі.

Нічога агульнага з вайсковай тэматыкай ня маюць выбітыя на плячах пагоны ці эпалеты. Гэта клясычныя лягерныя татуіроўкі, на якія традыцыйна мела права эліта злачыннага сьвету. Падчас адседкі Мікалая тым крымінальнікам, якія не належалі да гэтай касты, але наважваліся самавольна выбіць сабе «пагоны», пагражалі сур’ёзныя пакараньні, ажно да зьнішчэньня гэтых татуіровак разам з кавалкам скуры.

Татуіроўкі зь пярсьцёнкамі распаўсюджаныя сярод прадстаўнікоў самых розных турэмных кастаў. Іх колькасьць на фалангах пальцаў ды фасоны могуць быць самыя разнастайныя. Яны вызначаюць саму масьць («блатныя», «мужыкі», «пеўні»), зладзейскую прафэсію, нораў, біяграфію.

Наколкі ў выглядзе зорак на каленях азначаюць «ніколі ня ўстану на калені». Такім чынам зэкі дэманструюць сваю незалежнасьць і непакорлівасьць.

У старых зэкаў, зь якімі давялося сядзець Аляксандру, сустракаліся наколкі правадыроў — Маркса, Леніна, Сталіна, ці — Леніна і Сталіна. Такія наколкі дазвалялася насіць ня кожнаму, іх трэба было заслужыць. Малюнак зь Леніным на грудзях лічыўся таксама знакам злодзея (па-расейску «Вождь Октябрьской Революции» — скарочана «вор»).

Сустракаліся і наколкі ў выглядзе свастыкі, гітлераўскіх крыжоў, што абсалютна ня сьведчыла пра прыхільнасьць уладальніка да нацызму або фашызму. Такія татуіроўкі азначалі поўнае так званае «отрицалово» — нежаданьне ЗК падпарадкоўвацца як турэмным уладам, так і савецкай уладзе ўвогуле. Выбітыя лацінскія літары SS азначалі «Сохрани Совесть» — «Захавай Сумленьне».

Зробленыя ў часы крымінальнага мінулага татуіроўкі сёньня не прыносяць аніякай прыемнасьці і нашаму сталаму аўтару Зьмітру Вольнаму.
Калі апынаесься недзе на пляжы, адразу ж зьяўляюцца „мусаркі“ і накідваюцца на цябе, як дзікія сабакі — маўляў, пакіньце пляж або адзеньцеся

«Сёньня гэта мне надакучае і, чаго хаваць, часта перашкаджае. Калі апынаесься недзе на пляжы, адразу ж зьяўляюцца „мусаркі“ і накідваюцца на цябе, як дзікія сабакі — маўляў, пакіньце пляж або адзеньцеся. Ведаю, што многім, хто пачынае жыць на волі, турэмныя тату таксама перашкаджаюць.

Навошта тады білі? Хто па дурной маладосьці, хто „па паняцьцях“, хто — таму што трэнд, але большасьць — „ад няма чаго рабіць“. Наша сёньняшняя беларуская турма — гэта суцэльнае „няма чаго рабіць“. Дарэчы, сёньня кожны выбівае, што хоча, зусім ня думаючы ані пра значэньне, ані пра табэль аб рангах. Галоўнае, што цяпер ніхто ні за што не адказвае. Шмат нетурэмных наколак выбіваюць. Усялякіх цмокаў кітайскіх, герогліфы, карціны на розную дэманічную тэматыку.

Гэта раней, калі турэмныя наколкі былі нечым забароненым ды рамантычным, азначалі прыналежнасьць да пэўнай касты, магчыма, і быў нейкі ўплыў на тату ў вольным жыцьці. Цяпер жа іншы час, і хутчэй, так бы мовіць, маргіналізаваная воля ўплывае на турму, чым наадварот. Ну скажыце, хто ў здаровым розуме будзе на волі набіваць, да прыкладу, царкву з купаламі? ці там пагоны? ці Леніна? Напэўна, толькі надзвычай ідэйныя».


«Турэмны жаргон цяпер разумеюць многія»


Так лічыць польскі аналітык з Варшаўскага Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў Ядвіга Рагожа, якая вывучала фэномэн пранікненьня турэмнай культуры ў культуру масавую. Яна таксама трымаецца думкі пра духоўную маргіналізацыю на самых розных прыступках грамадзтва як у Расеі, так і ў іншых постсавецкіх краінах.

«Турэмны жаргон, — піша Рагожа. — усё часьцей мільгае ў газэтных тэкстах і нават афіцыйных выступах высокіх службовых асобаў. Выкарыстаньне апошнімі турэмна-крымінальнай лексыкі можна трактаваць як адлюстраваньне адпаведнага сьветапогляду прадстаўнікоў уладаў. Ролю папулярызатара крымінальнай культуры дадаткова ўзяла на сябе культура масавая. Ад 1990-х велізарнай папулярнасьцю пачалі карыстацца дэтэктывы пра жыцьцё расейскіх пракурораў ды крымінальнікаў, на тэлеэкраны абрынулася хваля дэтэктыўных фільмаў і сэрыялаў, галоўнымі героямі ў якіх выступаюць (мала адрозныя адны ад адных) бандыты ды міліцыянты. З крымінальнай культуры ў культуру масавую прыйшоў так званы расейскі шансон — песьні, натхнёныя турэмным або бандыцкім досьведам»

Блатняцкі «навадзел» ды клясыка гучаць сёньня ў Беларусі адусюль, адкуль толькі можна. Некалькі гадоў таму бард Алесь Камоцкі выпусьціў альбом «Час», у які ўвайшлі некалькі «шансонных» твораў, у тым ліку фаварыт жанру — адэская «Мурка». Гэтую песьню ён сьпявае па-беларуску, у сваім аўтарскім перакладзе. Кажа, што беларускі варыянт рабіў на замову.



Камоцкі: «Жаргон там ці не — якая мне розьніца? Я проста перакладаю ці перапісваю, новыя тэксты пішу. Калі казаць пра песьню, то гэта наша гісторыя. Тая Адэса, якая ў ёй, у той час была паўсюль. Проста на Адэсу тады акцэнт паставілі. „Мурка“ — песьня, у сваёй вагавай катэгорыі геніяльная, легендарная. Гэта клясыка блатняцкага жанру. Колькі ў „Муркі“ тэкстаў? Сотня розных. А мой — адзін зь іх. Па матывах тых тэкстаў. Ува ўсіх такіх песень ёсьць багатая гісторыя. І ў „Муркі“ таксама. Гісторыя гэтая абрасла мноствам разнастайных тэкстаў — дзіцячых, дарослых, матных, нэўтральных, самых розных».

Наколькі глыбока сядзіць турма ў беларусах? Як доўга будзе працягвацца захапленьне расейскім турэмным шансонам ды іншымі атрыбутамі турэмнай культуры ў грамадзтве? На гэтыя пытаньні мы папрасілі адказаць мінакоў на гарадзенскіх вуліцах.




Трэба падзяляць турэмны блатняк і «песьні няволі»


Падчас апытаньня ў Горадні адзін немалады гарадзенец расказаў нашаму карэспандэнту наступную гісторыю:

«Гэта было з паўгода таму. У рэстарацыі „Гродна“, што на Паповіча. Адзін стары чалавек замаўляў музыкам вельмі старую песьню пра Карэлію. Я яе добра памятаю. Дык той чалавек, аказваецца, сядзеў там і рабіў на лесапавале. Ён музыкам вялікія грошы нават плаціў, каб яны прасьпявалі. Музыкі палезьлі ў свой кампутар і знайшлі яе і яшчэ другую. Людзі яшчэ доўга будуць памятаць той ГУЛАГ».


...Беларускі журналіст ды бард Зьміцер Бартосік у сваім рэпэртуары мае песьні пра ГУЛАГ. Напрыклад, ён сьпявае па-беларуску «Калымскую песьню».



Аўтар перакладу Рыгор Барадулін. Аўтар арыгінальнага вершу расейскі паэт Анатоль Жыгулін. На пачатку 1950-х Жыгулін быў вязьнем калымскага лягеру сьмерці Бутугычаг, на рудніках якога загінула шмат беларусаў. Пра такія песьні Бартосік кажа:

Зьміцер Бартосік

Зьміцер Бартосік

«Сам жанр гэты можна абазваць „балядай няволі“. Гэта мой варыянт. Сам па сабе ён някепскі, хаця б ужо таму, што нарадзіўся падчас сталінскіх рэпрэсіяў. Што да турэмнай песьні, то гэта цэлы пласт расейскага фальклёру. Сёньняшні блатняк, які зусім выпадкова назвалі „расейскім шансонам“, мае вытокі ў турэмнай песьні. Але гэта не адно і тое ж. Сапраўды, былі вялікія драматычныя творы ў турэмных песьнях 1920–30-х гадоў, у дарэвалюцыйных. Да ўсяго гэтага расейскага шансону пра нейкія ходкі, схаднякі, пра шалманы гэта ня мае аніякага дачыненьня. „Блатняк“ на 99 адсоткаў — абсалютная пашляціна».

Барду Зьмітру Бартосіку ня вельмі падабаецца ідэя «асваеньня» турэмнага песеннага жанру беларускімі сьпевакамі.

«Калі асноўны матыў напісаньня — хай турэмная песьня будзе і па-беларуску, то я не зусім веру ў посьпех, — кажа ён. — Іншая справа — створаныя на падставе добрай паэзіі „песьні няволі“. Пагатоў, беларусам гэта апошнія гады вельмі блізка».

Андрэй Пачобут

Андрэй Пачобут

Былы палітвязень, гарадзенскі журналіст Андрэй Пачобут мяркуе, што цікавасьць насельніцтва да шансону — гэта своеасаблівая рэакцыя грамадзтва на карную палітыку, якую праводзяць суды яшчэ з савецкіх часоў, наступства таго, што шмат людзей сядзела, вельмі шмат прайшло праз турму. Як лічыць журналіст, «у заходнім грамадзтве гэтага няма, а тут заканадаўства „заточана“ на тое, каб садзіць. І фактычна ў кожнай сям’і ёсьць той, хто сядзеў — далёкі сваяк ці блізкі».

Седзячы ў гарадзенскай турме, Андрэй Пачобут даведаўся пра песьні, створаныя ў гэтай вязьніцы ў 1940-х былымі акоўцамі. У яго нават ёсьць некаторыя куплеты зь іх на польскай мове:

«Я думаю, што абсалютна магчымыя такія песьні пра гарадзенскую турму і на расейскай, і на беларускай мовах. Так, пасьля 2010 году ў Беларусі было напісана нямала кніг пра турму, у тым ліку і па-беларуску. Гэта рэакцыя на падзеі ў краіне, калі зьявілася вялікая колькасьць палітзьняволеных. Калі казаць пра тэмы — чалавек у няволі, у турме і турма ў жыцьці беларусаў — то гэта можа быць і па-беларуску. Іншая справа — крымінальны сьвет у Беларусі. Ён выключна расейскамоўны, беларускамоўнага крымінальнага сьвету ў Беларусі няма, таму і „шансон“ будзе па-расейску».


Былы ЗК: Лепшыя песьні пра няволю напісаныя «Ляпісамі»


Для былога асуджанага Сяргея, які падчас адседкі стварыў у калёніі музычны гурт, лепшымі песьнямі пра няволю і імкненьне чалавека да свабоды сталі песьні «Ляпісаў». Ані ён, ані іншыя музыкі гурту, а іх за час працяглай адседкі Сяргея зьмянілася нямала, ніколі прыязна ня ставіліся да шансону. Паводле былога асуджанага, «Беларускі канцэрт» лягерных музыкаў зь песьнямі «Ляпісаў», іншых беларускіх гуртоў, у тым ліку на вершы Купалы ды Коласа, на ўра прынялі ня толькі зэкі, але і адміністрацыя калёніі, і госьці з гарадзенскай турмы, і праваслаўны бацюшка мясцовага прыходу.

«На жаль, адміністрацыя зьнішчыла гэты наш дыск з-за таго, што мы сьпявалі Міхалка, — кажа Сяргей. — Было на двух кампах, і нічога не засталося».



Раней, яшчэ з-за кратаў, у адным зь лістоў у рэдакцыю, Сяргей распавёў, як гэта ня проста захапляцца нечым сапраўдным у няволі.

«Напісанай намі музыкі хапае. Вершы нараджаюцца... Мы маем шмат задумаў, якія, на жаль, ня ў стане рэалізаваць. Ёсьць два моцныя барабаншчыкі, але няма барабанаў. Ёсьць два бас-гітарысты, але няма бас-гітары ды апарату. Ёсьць два мікрафоны, але няма галасавога апарату. Сядзелец-электрык, які разумее ў электроніцы, нядаўна ўваскрасіў узмацняльнік „Родина“, які ледзь дыхае. Тыя дзьве калёнкі, якія мы маем, сабраныя з таго, што было пад рукамі. Той жа электрык спаяў паводле кніжак мікшарны пульт, калі, зразумела, яго можна так назваць. Адзінае, што ў нас ёсьць, гэта Casio, якое клявішнік нядаўна набыў для калёніі за свае заробленыя на промцы грошы. Часам з-за гуку нават няма жаданьня хадзіць на рэпэтыцыю. (Музыкі мяне зразумеюць.)»

Мы паказалі гэты ліст некалькім беларускім рок-выканаўцам. У некаторых зьявілася жаданьне наведаць вязьніцу з канцэртам. Аднак рэалізаваць задуму не ўдалося. Так званага ўплыву вольнага мастацтва на эстэтычныя густы тых, хто за кратамі не здарылася.

Пра тое, што вязьні беларускіх турмаў — неабходная аўдыторыя для беларускіх рок-музыкаў, гаварыў некалі ў інтэрвію нашай праграме і кіраўнік «Ляпісаў» Сяргей Міхалок. Сяргей узгадвае часы, калі яго гурту дазвалялі выступаць з канцэртамі ў бабруйскай калёніі, а таксама ў колішняй менскай папраўчай установе № 1:

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG