Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЭГУ пачалі падрыхтоўку да страйку


Максім Жбанкоў

Максім Жбанкоў

Выкладчыкі ЭГУ, аб’яднаныя ў прафсаюз «Плятформа», пачалі падрыхтоўку да паўнавартаснага страйку, які заплянаваны на сакавік.

Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў сябра Сэнату ЭГУ Максім Жбанкоў.

«Мы рыхтуем страйк згодна з законам, і гэта істотна, бо адміністрацыя абвінавачвае нас у тым, што мы займаемся неправавой дзейнасьцю. Мы ж падпарадкоўваемся літоўскаму закону. І паралельна з гэтым мы ўжо ад сёньняшняга дня пачынаем акцыі акадэмічнага супраціву. То бок мы пачынаем інфармаваньне студэнтаў, сваіх калегаў пра нашу крызісную сытуацыю. Мы пачынаем сэрыю пікетаў, флэш-мобаў і сеткавых акцый. А бліжэй да сакавіка мы стартуем у фармаце страйку».

Першае патрабаваньне — гэта аднаўленьне на працы кіраўніка Сэнату Паўла Церашковіча. Паводле Жбанкова, студэнты сабралі больш за 250 подпісаў пад пэтыцыяй у падтрымку Церашковіча.

«Мы патрабуем таксама перавесьці ў легальны статус усіх выкладчыкаў ЭГУ, якія сёньня пераважна працуюць у выглядзе „гастарбайтэраў“. Мы патрабуем спыніць рэпрэсіўны, непрадуманы і катастрафічны па сваіх наступствах працэс рэформаў унівэрсытэта, які фактычна яго забівае. Мы патрабуем адстаўкі прарэктараў Бярнардаса Гайлюса і Аляксандра Каўбаскі, якія непасрэдна вінаватыя ў сёньняшнім крызісе ЭГУ. Мы патрабуем ад кіроўнай рады ўводу антыкрызіснага мэнэджмэнту. Учора быў прыняты адмысловы ліст да рэктара Анатоля Міхайлава, у якім яму прапануецца падаць у адстаўку. Дагэтуль мы адказу не атрымалі. Наша кіраўніцтва на ўзроўні топ-мэнэджмэнту апынулася бездапаможным у сытуацыі крызісу і ня здолела знайсьці выйсьце. Тое, што яны прапануюць, ёсьць катастрафічным для нашага праекту. Мы фактычна ратуем праект ад ягоных кіраўнікоў, мы ратуем ЭГУ ад яго адміністрацыі».

Паводле Жбанкова, актывісты дэмакратычнага руху атрымалі сёньня ліст ад прарэктара Дарыюса Удрыса.

«У ім ён пагражаў нам усімі магчымымі рэпрэсіўнымі мерамі, бо,маўляў, мы займаемся нелегетымнай дзейнасьцю. То бок мы атрымалі ліст з пагрозамі. І гэта, я думаю, і ёсьць адказ адміністрацыі. Бо нічога большага мы ня бачым і ня ўбачым», — сказаў Жбанкоў.

5 лютага Бэрнардас Гайлюс падпісаў загад пра звальненьне старшыні Сэнату ЭГУ прафэсара Паўла Церашковіча.

«Звальненьне старшыні Сэнату зьяўляецца адкрыта рэпрэсіўнай мерай супраць нязручнага актывіста і актам запалохваньня акадэмічнай супольнасьці. Мы патрабуем скасаваць загад пра звальненьне Паўла Церашковіча, бо яно абражае акадэмічную супольнасьць і публічна дыскрэдытуе Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт», — адзначаецца ў лісьце ў абарону Паўла Церашковіча.


Канфлікт у ЭГУ


Канфлікт адміністрацыі ўнівэрсытэту і выкладчыкаў ЭГУ, якія аб’яднаныя ў прафсаюз выкладчыкаў «Плятформа», доўжыцца ўжо некалькі месяцаў.

13 студзеня рэктар ЭГУ Анатоль Міхайлаў падпісаў загад пра абвяшчэньне адкрытага міжнароднага конкурсу на замяшчэньне 17 выкладчыцкіх пасадаў.

Старшыня сэнату ЭГУ Павал Церашковіч выказаў сумнеў у справядлівасьці і празрыстасьці гэтага конкурсу. Асноўная асьцярога, якую маюць прадстаўнікі сэнату, — гэта тое, якім чынам будзе фармавацца конкурсная камісія.

9 лістапада прайшлі выбары ў сэнат Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, які працуе ў Вільні. Сэнат — галоўны орган акадэмічнага самакіраваньня. У сэнат прайшло 12 з 13 прадстаўнікоў дэмакратычнай плятформы «За новы ЭГУ». Яна аб’яднала выкладчыкаў, нязгодных з прапанаваным адміністрацыяй ВНУ плянам разьвіцьця ўнівэрсытэту.

Плятформа хоча вярнуць праекту ЭГУ ягоны першапачатковы сэнс — эфэктыўнай беларускай гуманітарнай ВНУ з эўрапейскай якасьцю адукацыі і навуковай працы.
XS
SM
MD
LG