Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёлета, як і ў папярэднія гады, незалежны Саюз беларускіх пісьменьнікаў да ўдзелу ў Менскім міжнародным кніжным кірмашы не запрошаны. Але прысутнасьць ягоная заўважная.

Кнігі з сэрыяў СБП «Кнігарня пісьменьніка», «Пункт адліку» і «Каляровы ровар» прадстаўленыя на стэндах некаторых іншых удзельнікаў выставы — што зьдзівіла кіраўнікоў СБП.

Але асабліва іх зьдзівіла і нават абурыла зьяўленьне на стэндзе афіцыйнага, так званага чаргінцоўскага, cаюзу пісьменьнікаў выдадзеных незалежнай пісьменьніцкай грамадой тамоў збору твораў Васіля Быкава.

Вось як пракамэнтаваў гэтую сытуацыю старшыня недзяржаўнай пісьменьніцкай арганізацыі Барыс Пятровіч:

«Мы не перадавалі гэтыя тамы ім. І бачыць кнігі, выдадзеныя нашай арганізацыяй, на стэндзе іншай арганізацыі, мякка скажам, дзіўна. Але зь іншага боку — і ня дзіўна. Бо спачатку яны скарысталіся нашай назвай, таму што наш саюз да 1995 году называўся менавіта так — Саюз пісьменьнікаў Беларусі. Потым яны занялі наш Дом літаратара. Цяпер яны рыхтуюцца сьвяткаваць 80-годзьдзе нашай арганізацыі, хоць самі створаныя толькі ў 2006 годзе. Таму ня дзіўны і гэты крок — пакарыстацца выданьнямі нашага саюзу. Яны выставілі першыя тамы збору твораў Быкава, у якіх зьмешчаныя творы, напісаныя ў 90-я гады, і прыпавесьці, і вядомая аповесьць „Аўганец“. Думаю, што той, хто арганізоўваў гэты стэнд, захацеў пакарыстацца імем Васіля Быкава, не падумаўшы, што за гэтым стаіць і што гэта нясе».

Поўны збор твораў Васіля Быкава ў 14-ці тамах рыхтуецца і выдаецца незалежным Саюзам беларускіх пісьменьнікаў супольна з маскоўскім выдавецтвам «Время». Першы том выйшаў у 2005 годзе. У складзе рэдакцыйнай калегіі — Ірына Быкава, Алесь Пашкевіч, Барыс Пятровіч, Людміла Сінькова, Міхась Тычына. На дадзены момант ужо выйшла 9 тамоў, рыхтуецца да друку дзясяты.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG