Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыстыя, чыстыя... Як у чыстцы. Адкуль ты ведаеш, што яны і праўда чыстыя? Ад расейскага турыста, які прыяжджае сюды, як да сябе на дачу? Хто ж будзе ганіць сваё лецішча...

Не, турыста, асабліва зімовага, трэба накарміць, абагрэць, акунуць у ціхія Нарачы тоні, даць яму зьняць кіно пра ягоную Маскву і паказаць яму Бібліятэку. І пакласьці на паліцу ў спальным вагоне, клапатліва захінуўшы белым саванам... то бок пледам. Але слухаць яго — сабе даражэй. Для таго, каб зразумець, якія чыстыя ў Беларусі вуліцы, адсюль абавязкова трэба куды-небудзь зьехаць. Пажадана туды, дзе ні пра якую Беларусь ні почуту няма. Каб потым вярнуцца і сказаць: так, сапраўды, чыстыя. Веру. І пад прысягай паўтару. Я, грамадзянін Рэспублікі Беларусь... уступаючы ў шэрагі... з моманту свайго вяртаньня не наступіў пакуль што ні на адну жуйку. Хаця гэта ў Сынгапуры за кінутую на ходнік жуйку саджаюць у астрог. А ў нас — дастаткова проста выкінуць абутак.

Першым, што прамовіў мой знаёмы ўзьбецкі філёзаф, упершыню прыехаўшы ў Нямеччыну, было: «Так чыста, што аж плюнуць хочацца». Наш гід запатрабавала перакладу. Пачуўшы, што сказаў філёзаф, яна паглядзела на яго з жахам. Не, яна не пакрыўдзілася. Напэўна, проста ўявіла сабе ягоную загадкавую, вусьцішную радзіму, у параўнаньні зь якой Нямеччына — рай чысьціні. Калі гэта называецца чысьцінёй — што ж мусіць рабіцца ў вас?..

У філёзафу гаварылі стэрэатыпы. Маўляў, Нямеччына — гэта чысьціня і пунктуальнасьць. Ён яшчэ ня бачыў пацукоў памерам з котку, якія перабягаюць уначы вуліцы ў цэнтры гораду, ня бачыў, што пакідае пасьля сябе натоўп пасьля народных гуляньняў, не сутыкаўся зь мілай звычкай кідаць пад ногі недапалкі і, што да пуктуальнасьці, ня езьдзіў цягнікамі Deutsche Bahn. У яго ўсё было наперадзе. Але ён верыў у Эўропу. І — увага — яму быў знаёмы той факт, што ў Беларусі Чыстыя Вуліцы. Бо гэта ў нас пішуць: «одежда із Европы». А для ўзьбецкага філёзафа Беларусь — ня меншая Эўропа за Нямеччыну. Відавочны факт, які, тым ня менш, прымусіў бы шмат каго і ў нас па-новаму зірнуць на сваю краіну.

Насамрэч вуліцы ў Беларусі не чысьцейшыя і не бруднейшыя, чым у большасьці эўрапейскіх гарадоў, і нашыя камунальнікі — ня меншыя героі за нямецкіх. Расею браць у разьлік ня варта — у яе, як вядома, можна толькі верыць, а ейнае сьмецьце прыбярэ хтосьці іншы. Які-небудзь гастарбайтэр. Магчыма, вобраз незвычайнай чысьціні беларускіх гарадоў паўстаў дзякуючы неасвоенасьці іхнай прасторы. Чаго-чаго, а гэтага майна тут хапае. На поўначы можна некалькі гадзін блукаць, не сустрэўшы ні трактара, ні чалавека: палі, лясы, азёры... У Заходняй Эўропе хвілін празь пятнаццаць блуканьня натрапіш на нейкую вёску. Нашыя гарады заселеныя досыць густа, але вольнага месца хопіць яшчэ для аднаго гораду. Напрыклад, Менск — гэта шырокія (часам — шырачэзныя, па эўрапейскіх мерках) вуліцы і праспэкты, вялізныя плошчы, пустэльныя сквэры, агромністыя залежы непадпарадкаванай прасторы, ад якой у непадрыхтаванага іншаземца напраўду займае дух. Заходнія гарады, тыя, што ня надта закранутыя вайной або сацыялізмам, пераважна старыя, дамы туляцца адзін да аднаго, вуліцы вузкія. Ясная рэч, любое сьмецьце тут навідавоку. А на прарэджанай «для блага чалавека» прасторы буйных беларускіх гарадоў сьмецьце губляецца, як актор масоўкі на вялікім экране.

Хаця з кожным годам прасторы і ў нас робіцца ўсё менш. Сталіцу паядае, як рак, гатэльная хвароба. Але горад трымаецца — і сьмецьцю пакуль што ёсьць куды схавацца.

Заўважым: вуліцы, вуліцы. Ніхто ня кажа пра двары. Двары чыстыя, як у Беларусі — так ніхто ня кажа. Хваляць дарогі і вуліцы. То бок Беларусь раіць нікуды ня збочваць. Ісьці сваёй дарогай. У гэтым таксама — сутнасьць нашай чысьціні. Яна просталінейная. Чысьціня як абсалют. Але ці ёсьць чысьціня абсалютнай каштоўнасьцю? Для большасьці чалавецтва чысьціня — рэч функцыянальная, аснова камфорту. Для нас — нешта большае. Сымбаль і апошні фарпост. Можа, і ў нас можна толькі верыць?

Калі мы ганарымся сваёй чысьцінёй на вуліцах, значыць, мы яе бачым. Калі бачым, значыць, часта глядзім пад ногі. Шукаем згублены кашалёк (каб аддаць гаспадару, вядома ж). Баімся глядзець адно аднаму ў вочы. Ня бачым неба. Бачым чысьціню пад нагамі. Беларуская чысьціня часам набывае паранаідальныя формы. Ёсьць такая паталёгія псыхікі, манія чысьціні. Калі чалавек па сто разоў на дзень мые рукі з мылам, ледзьве не пасьля кожнага дотыку.

Беларуская гарадзкая чысьціня бывае розная. Скажам, пхэньянская. Гэта калі перад табой аграмадная гулкая плошча, на якой нікога няма — не пускаюць, на ёй толькі транспаранты і сьцягі. І Палац Рэспублікі, зь якога ніхто не выходзіць. Беларуская чысьціня бывае пацёмкінская — калі гарады, колішнія мястэчкі, мыюць, шмаруюць і фарбуюць «чыста» да прыезду гасьцей. Беларуская чысьціня бывае сапраўдная. Калі ты ідзеш па беларускім горадзе і думаеш: тут ёсьць чым ганарыцца. Гэта Эўропа. Проста іншая. Забытая, выкрэсьленая і здраджаная. Чы-ы-стая...
Малюнак: П. Tатарнiкаў (c) 2014

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG