Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Хурсік: У менскай кніжнай выставы няма душы


Віктар Хурсік
Віктар Хурсік

У Менску адкрылася ХХІ Міжнародная кніжная выстава-кірмаш. Чаму з кожным годам у ёй удзельнічае ўсё менш і менш прыватных выдаўцоў? Чым адрозьніваюцца менскія кніжныя кірмашы ад аналягічных за мяжой? Якой літаратуры бракуе на менскіх кніжных кірмашах?

Госьцем «Вольнай студыі» — прыватны выдавец Віктар Хурсік.

— Віктар, наколькі я памятаю, ваша выдавецтва раней удзельнічала ў кніжных выставах-кірмашах. Сёлета — не. Чаму?

— Сапраўды гэта так. Ну, па-першае, гэтым разам арганізатары не даслалі запрашэньня, як у мінулыя гады. Відаць, шмат удзельнічае буйных выдавецтваў, і ўжо такая драбяза, як я, не ўяўляе цікавасьці для арганізатараў. Там жа такі размах. Учора Беларускае тэлебачаньне ў інфармацыі пра кірмаш выказалася: «Минск стал центром книгоиздания мира». Але я лічу, што кірмаш не зрабіў ні кроку наперад, хутчэй, зрабіў крок назад. Напярэдадні кірмаша Міністэрства інфармацыі праводзіла конкурс «Мастацтва кнігі». Але гэта для мастакоў і паліграфістаў. А чаму няма конкурсу на лепшы раман ці кнігу вершаў?

— Выходзіць, зьмест кнігі нікога не цікавіць...

— Абсалютна. Таму ў выставы-кірмаша адсутнічае душа. Адсутнічае зьмест, які закладваецца ў падобныя кірмашы ў іншых краінах. Скажам, на кірмаш у Лёндане ці Нью-Ёрку зьяжджаюцца творцы. Яны там прадаюць сваё імя, свае творы, і ў гэтым зацікаўленыя выдаўцы. Чаго абсалютна няма на кірмашы ў Менску. Па-другое, я ня ўдзельнічаю з-за коштаў. Там за 1 м2 трэба заплаціць 240 эўра. А што такое 1 м2? Гэта памер нашага гарадзкога клязэту. На адным мэтры можна сесьці, але працаваць на такой плошчы выдаўцу немагчыма. Хочаш плошчу большую — плаці да 600 эўра. А ці прадасі ты літаратуры на такую суму? У нашых рэаліях — не. Дык дзеля чаго ўдзельнічаць у такім кірмашы?

— Намесьніца міністра інфармацыі Лілія Ананіч у інтэрвію БТ сказала, што з айчынным кнігавыданьнем у нас усё выдатна, што «ў параўнаньні зь мінулымі гадамі мы ня страцілі сваіх пазыцый». Вы падзяляеце аптымізм чыноўніцы?

— Я ўвогуле паважаю жанчынаў, асабліва аптымістычных, але ў дадзеным выпадку я далёкі ад аптымізму. Скажам, падчас Варшаўскага кніжнага кірмаша выдаецца адмысловы статыстычны зборнік. Кожны наведвальнік можа паглядзець, што выдадзена за год у Польшчы. На менскім кірмашы такой завядзёнкі няма. І мы проста ня ведаем, колькі якіх кніг выйшла, колькі зь іх па-беларуску, у каго з замежных выдавецтваў Беларусь набыла правы на выданьне твораў, і які з гэтага атрымаўся гешэфт. Камэрцыйны бок справы зьяўляецца для менскага кірмашу страшнай таямніцай. Увогуле, наколькі мне падаецца, туды запрашаюцца дзяржаўныя выдавецтвы, таму дзяржаўныя грошы з адной кішэні перакачваюцца ў другую, не забываецца пры гэтым і камэрцыйная фірма-арганізатар.

— Здаецца, прыканцы мінулага году вы бралі ўдзел у кніжным кірмашы ў Варшаве. Калі параўнаць — што найперш кідаецца ў вочы?

— Па-першае, на выставе ў Варшаве прадстаўленыя найперш польскамоўныя кнігі. Там усе шыльды на польскай мове. А ў нас, я дзіўлюся, шыльды ў мэтро
Там няма воклічаў: увага, да нас прыйшоў Мікалай Іванавіч Чаргінец, сёньня адбудзецца яго аўтограф-сэсія!
на беларускай лацінцы, а выстава аздобленая па-расейску. Для кагосьці гэта можа здацца дробязьзю, але насамрэч гэта ж прапаганда мовы на кніжным кірмашы. Па-другое, у Варшаве галоўны на кірмашы — пісьменьнік. Але ўсё адбываецца бяз лішняга ляманту. Пісьменьнік прыходзіць, сядае за стол і проста падпісвае свае кнігі. Там няма воклічаў: увага, да нас прыйшоў Мікалай Іванавіч Чаргінец, сёньня адбудзецца яго аўтограф-сэсія! Дарэчы, я зьдзівіўся, ён уваходзіць у журы «Мастацтва кнігі». Хіба ён мастацтвазнаўца, хіба ён разьбіраецца ў гэтым? У Варшаве ўсё адбываецца сьціпла, ад душы, набываюцца кнігі, прадаюцца правы, як і належыць на падобных імпрэзах. А ў нас? Сёлета нават ганаровых гасьцей няма. Пэўна, самыя ганаровыя — Азэрбайджан і Вэнэсуэла. Азэрбайджанцы дзьве кніжкі выставілі, адна зь іх — Аліева. А на стэндзе Вэнэсуэлы — вялікія лёзунгі ў абарону ідэяў Леніна і барацьбы з капіталізмам. Вось такая кніжная выстава...

— Неяк госьцем на менскім кніжным кірмашы быў украінскі паэт Іван Драч. І я памятаю, ён, выступаючы, запытаўся ў арганізатараў: «А дзе мае беларускія сябры — Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін?». Як вы лічыце, наколькі адсутнасьць на кірмашы «нядобранадзейных» з гледзішча беларускай улады пісьменьнікаў б’е па яго прэстыжы?

— Вядома ж, б’е. Увогуле, кніжныя кірмашы-выставы — гэта выставы для творцаў, выставы твораў. На такія кірмашы зьбіраюцца творчыя людзі. Яны прапагандуць сябе і свае творы. Скажам, на апошнім лёнданскім кніжным кірмашы найбольшым посьпехам карысталіся «Хатынская аповесьць» Алеся
Я ні разу на гэтых кірмашах ня бачыў нашых народных пісьменьнікаў — Гілевіча і Барадуліна
Адамовіча і «Дзікае паляваньне караля Стаха» Ўладзімера Караткевіча. Былі б жывыя гэтыя творцы, яны мелі б сусьветны посьпех і ўліліся б у кола сусьветных творцаў. І гэта нармальна, прымальна, так жыве ўвесь кніжны сьвет. У нас жа ізноў — падзел пісьменьнікаў на розныя саюзы. Я ні разу на гэтых кірмашах ня бачыў нашых народных пісьменьнікаў — Гілевіча і Барадуліна. Чытачам і пакупнікам было б цікава пабачыць жывых творцаў, хай сабе і з розных саюзаў.

— У вашым выдавецтве, у вашым жа перакладзе з польскай нядаўна выйшла кніга пад назвай «Маскоўская ўлада на Літве: 1863–1869». Аўтарскае прысьвячэньне на кнізе: «Памяці суачыньнікаў, бязьвінных ахвяраў расейскага царызму, спаленых, закатаваных, забітых, сасланых у Сыбір». Не ўяўляю сабе, каб яна прэзэнтавалася на кірмашы... На вокладцы няма імя аўтара. Хто ён?

— Фэрдынанд Чапліцкі (1828–1886) — вайсковец, удзельнік паўстаньня 1863 году, быў рэпрэсаваны. Кніга выходзіла нелегальна, таму і імя аўтара хавалася. Вядома ж, з такой кнігай Чапліцкаму на нашай выставе месца не было б. Уявіце, прыходзіць ён туды і кажа: «Што тут робяць гэтыя акупанты?». Напэўна, на яго тут жа наваліліся б, скруцілі і завезьлі ў пастарунак... У кнізе расказваецца падрабязна пра мэханізм рэпрэсій на тэрыторыі Беларусі ў часы задушэньня паўстаньня пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Я доўга шукаў такі твор, і вельмі ўсьцешаны, што ён пабачыў сьвет. У кнізе ёсьць такі эпізод. У гонар імянінаў генэрала Мураўёва мясцовае начальства ў Бельску арганізоўвала баль. Пад прымусам, пад вайсковым канвоем былі зьвезеныя няшчасныя беларускі, полькі, якія сядзелі па вязьніцах — адбывалі пакараньне. І Мураўёву далажылі — баль адбыўся... У нас нешта падобнае адбываецца з кніжным кірмашом... Але калі гаварыць больш пра зьмест кнігі, то мы і сёньня ня ведаем, наколькі жорстка расейская ўлада распраўлялася з паўстанцамі і тымі, хто спрыяў паўстаньню. Я б зьвярнуў увагу на памеры кантрыбуцый, якія расейскі ўрад наклаў на ўсе губэрні, у тым ліку Магілёўскую, Менскую ды іншыя, якія ўваходзяць у склад сучаснай Беларусі. Мы павінны былі штогод, да скону, пералічваць Расеі суму, роўную па кошце сямі з паловай тонам золата!

— У школьных падручніках генэрал-губэрнатар Мураўёў, якому былі нададзеныя неабмежаваныя паўнамоцтвы, названы «таленавітым адміністратарам». А якім ён паўстае на старонках кнігі Чапліцкага?

— Мураўёў паўстае тым, кім яго называлі ў народзе, — катам і вешальнікам. Расейскія гісторыкі пра яго пішуць: школы адчыняў... Ніякім асьветнікам ён ня быў. У кнізе апісваецца адзін цікавы факт. На карчме павесілі шыльду «Школа». Правяральшчыкі здалёк паглядзелі ды паехалі далей. Вось так «адкрывала» ў Беларусі школы расейская адміністрацыя. Гвалтам пераводзілі людзей з уніяцтва ў праваслаўную веру. Палілі разам з жыхарамі вёскі. Недалёка ад таго месца, дзе я нарадзіўся, спалілі, напрыклад, вёску Суцін, цяпер яна ў Пухавіцкім раёне. Расейцы заўсёды зьдзіўляюцца, калі ім кажаш пра жорсткасьць падчас задушэньня паўстаньня. Але куды падзець факты? Скажам, у Сямятычах, у сядзібе пана Фэнша жыўцом былі спаленыя 26 параненых інсургентаў. Калі яны спрабавалі выскачыць праз вокны, траплялі на штыкі...

— Адно з самых частаўжывальных словаў у кнізе Чапліцкага — «неблагонадёжный». Міжволі прыгадваеш, як сёньняшняя ўлада ў Беларусі напладзіла сабе нядобранадзейных — пісьменьнікаў, гісторыкаў, мастакоў...

— Паралелі сапраўды напрошваюцца самі. Напрыклад, у 1867 годзе на курорце ў Друскеніках ня ўся публіка ўстала і зь недастатковым энтузыязмам пляскала ў ладкі, калі выконваўся гімн «Боже, царя храни». За што сёй-той атрымаў вялікія штрафы. У вёсцы Побікры ксёндз занадта гучна адпраўляў малітву за цара, што было расцэнена як насьмешка. Падзел на «чэсных» і «нячэсных» у нас існуе, і зьявіўся ён пад пэўным уплывам з боку той самай імпэрыі. І пакуль ён будзе мець месца, мы ніколі не атрымаем кніжную выставу-кірмаш нацыянальнага зьместу, з душой. Заўсёды будзе панаваць расейская мова, а беларуская будзе выглядаць «неблагонадёжной» — як прыкмета ўсё тых жа інсургентаў 1863 году.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG