Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як паведаміла блогерка Дар’я Каткоўская, на гэтым тыдні мы скончылі збор сродкаў для сям’і беларуса Міхаіла Жызьнеўскага, які загінуў пад час супрацьстаяньня ў Кіеве 22 студзеня.

Дар’я Каткоўская апублікавала канчатковую справаздачу:

«Разам з сумай 2915$, якая была перададзеная 27.01, шляхам асабістага збору сродкаў, пераводамі і web-money з Менска, Горадні, Гомеля, Варшавы, Вільні і ўсёй Беларусі, ўсяго мы сабралі 4 700 $».

Грамадзкая актывістка Дар’я Каткоўская паведаміла Радыё Свабода:

«Дакладна не магу сказаць, колькі людзей перадалі грошы. Я асабіста сустрэлася ў Менску больш як зь пяцьцю дзясяткамі людзей. Людзі прыходзілі, казалі „Дзякуй“, прасілі перадаць словы падтрымкі.

Безумоўна, ёсьць людзі, для якіх Міхаіл — герой і сымбаль. Для іншых людзей было відаць, што яны бачаць у гэтым асабістую трагедыю, і яны хацелі вось менавіта ў гэты момант дапамагчы сям’і.

На ўсю гэтую колькасьць людзей быў толькі адзіны „фрык“, які патэлефанаваў мне, і яшчэ адзін патэлефанаваў Андрэю Стрыжаку, які таксама прымаў грошы. Збольшага людзі тэлефанавалі вельмі ўзрушаныя, суперажывалі і вельмі спачувалі.

Самым маленькім ахвяраваньнем было 10 тысяч беларускіх рублёў, а самым вялікім — 300 даляраўЗША. Сярэднія ахвяраваньні, якія прыносілі, былі па 50, 100 і 200 тысяч рублёў. І вось так удалося назьбіраць 4 700 даляраў.

Сваякі ўспрынялі нашу дапамогу з удзячнасьцю. Гэта небагатая сям’я. У выніку нейкіх сямейных абставін, нягледзячы на тое, што бацькі Міхаіла ўжо старыя, яны здымаюць кватэру ў Гомелі.

У Міхаіла была заўжды мара купіць бацькам кватэру — пра гэта сказала ягоная дзяўчына, якая зьбірае грошы ва Ўкраіне. Дык вось у гэтага „ўкраінскага“ боку ёсьць такая мара, каб за свае ахвяраваньні купіць ім кватэру».

Збор грошай быў арганізаваны ў Менску, Гомелі, Гародні, Варшаве, Вільні і іншых гарадах. У ім прымалі ўдзел Дар’я Каткоўская, Андрэй Стрыжак, Дзьмітры Гурневіч, Сьвятлана Курс, Кірыл Атаманчык, Андрэй Мялешка, Юлія Сьцяпанава.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG