Лінкі ўнівэрсальнага доступу

80-я гады мінулага стагодзьдзя зь сёньняшняга дня часам выглядаюць як нешта шэрае, аднастайнае і малацікавае. Хоць насамрэч у тых далёкіх 80-х здараліся такія творчыя зьявы, пра якія сёньня можна толькі марыць. І часьцей за ўсё здараліся яны далёка ад сталіцы. Як у мястэчку Слабодцы, што пад Браславам.

Селянін Пётра Зяляўскі — чалавек вельмі пакручастага лёсу. Нарадзіўся падчас бальшавіцкага перавароту. У польскае войска быў мабілізаваны напрыканцы 30-х. Мог на пачатку вайны загінуць пад нямецкімі бомбамі, але жывым дабраўся да роднага мястэчка. Падчас акупацыі быў вывезены ў Нямеччыну, дзе рабіў на вытворчасьці мэблі — і там навучыўся выразаць з дрэва фігуркі. Сьмерць жонкі дзеліць жыцьцё Зяляўскага на дзьве часткі. Зь ім адбываецца мэтамарфоза. Ён пачынае абсалютна новае жыцьцё. Прадае карову, перастае займацца гаспадаркай. І цалкам аддаецца творчасьці. Выразае велізарныя скульптуры з дрэва на біблійную тэматыку і ператварае падворак перад сваёй хатай у райскі сад.

Побач стаялі высачэзныя Ісус і Марыя, бусел і леў. На страсе сьвяты Юры забіваў цмока. І над усім гэтым раем на даху лунаў драўляны анёл. Для мясцовага калгаснага начальства такая выстава была, напэўна, як гром сярод яснага неба. Мастак, які памёр у 95-м, зазнаў на сваім нядоўгім творчым шляху і непрыманьне, і кпіны, і разбурэньне сваіх работ, і напрыканцы жыцьця — зацікаўленьне з боку мастацтвазнаўцаў.


Адзіны, у каго ў Слабодцы захавалася скульптура Зяляўскага, ягоны аўтапартрэт, — гэта пляменьнік майстра, Часлаў. Сам ён даўно захапляецца фатаграфіяй. Ёсьць у яго і нямала здымкаў скульптураў знакамітага дзядзькі.

— Во певень, во анёл, тутака зьмея перамагае, тут леў у яго, тут лебедзь.

— Такія здаровыя скульптуры стаялі...

— У рост чалавека. Нават большыя. Во лебедзь стаіць побач зь ім.

— А як яго людзі ўспрымалі, калі ён пачаў...

— Нармальна. Проста, калі ён пачаў гэта рабіць, было яшчэ ня вельмі... Ён каля хаты іх паставіўшы быў.

— А як калгаснае начальства ўсё гэта ўспрымала? Яго не прымушалі прыбраць?

— Не, не. Да яго езьдзілі карэспандэнты.

— Чалавек унікальны тым, што, па сутнасьці, можна пачаць новае жыцьцё пасьля 70 гадоў.

— Так! Так! Узяць — і ўсё па новай. Але былі задаткі. Бо як няма задаткаў, пачынай як хочаш. Я не пачну.

Пан Часлаў вельмі распаліўся, калі загаварыў пра самае набалелае. Аказваецца, жыцьцё тутэйшых людзей вельмі зьмянілася пасьля таго, як Браславы сталі Нацыянальным паркам.

— У нас Нацыянальны парк «Браслаўскія азёры». І вось яны разьвялі дзікоў. І гэтыя дзікі закалябалі ўсіх. Я пасею, пасаджу, яны прыйдуць, перааруць. Некаторыя нават з дому баяцца выйсьці. Адсюль чатырыста мэтраў да кармушкі. І яны тут зімой сядзяць. Лета прыйшло, кармушкі няма — пайшлі па палях. Ён далёка ня пойдзе, ён прыйдзе да мяне ў гарод. Агарадзіся, але толку ня будзе. Вось што атрымліваецца. Людзі ўжо і землі пакідалі, і кароў кінулі. Бо немагчыма. Ужо ў Браслаў прыходзяць дзікі. Такая палітыка зроблена. Як зьдзек зь людзей. Каля кожнай вёскі стаіць кармушка. Хочаце кабаноў? Трымайце ў лесе. І дзікі, і ласі, і зайцы. Паляўнічых разагналі. Кабан каштуе мільёнаў дзесяць. О Езус, якую ты шкоду прынясеш. А калі ён да мяне ў гарод прыйдзе — «Дык ты ж агарадзіся». Як я магу ўсё поле гарадзіць?

— Як у старым фільме. «Мне на яго паляваць нельга, а яму на мяне можна».

— Можна! Бардак самы настаяшчы. Чый гэта ўказ?

Унук майстра Зяляўскага Алег, спадар гадоў трыццаці, сек са сваім сябрам дровы каля легендарнага дома свайго дзеда. Дзе нішто ўжо не нагадвае пра мінулыя часы. Толькі на ростанях каля хаты, сярод галін высокага дрэва можна, калі вельмі прыгледзецца, убачыць драўлянага ўкрыжаванага Хрыста.

— А ў вас не засталося ніякіх твораў?

— Усё ў музэі. Тут нічога няма.

— А вы дзеда памятаеце ці не?

— Памятаю.

— Што за чалавек быў?

— Чалавек і чалавек.

— Аказваецца, можна пачаць новае жыцьцё пасьля 70-ці.

— Не зусім пасьля 70-ці. А пасьля таго, як у яго жонка памерла. Пачалося ягонае разьбярства.

Гэтыя маладыя людзі цалкам задаволеныя сваім жыцьцём. Формула шчасьця нескладаная. Дзеці, невялікая зарплата, любімае возера і тэлевізар з расейскімі сэрыяламі.

— Я во ў школе качагарам працую.

— А я ў ЖКГ браслаўскай. Але і тут, у Слабодцы, бальніцу ацяпляем.

— Па мясцовых мерках нармальна плацяць. Даляраў трыста атрымліваю.

— Уцякаць са Слабодкі вы нікуды...

— Не. У мяне дзіця.

— А я горад не люблю.

— А я ад возера нікуды, я рыбак.

— А вы слухаеце якую беларускую музыку, беларускія навіны ў інтэрнэце?

— Навіны па тэлевізары глядзім. А музыку ня вельмі.

— Я музыку канца 90-х слухаю, кшталту «Рукі ўверх». Сэрыялы расейскія я люблю.

Тое, як простыя людзі ставіліся да свайго мастака, я зразумеў з размовы зь дзьвюма немаладымі спадарынямі. Ставіліся да яго, у лепшым выпадку, як да бясьпечнага дзівака. Што, зрэшты, не навіна.

— А як людзі ставіліся да Зяляўскага?

— Па-рознаму.

— Трохі ня ўсё ў галаве. Рукі добрыя, шмат чаго рабіў з дрэва.

— Крыху своеасаблівы быў. Пра чары нейкія казаў.

— Што яго чаруюць. Ён і ў касьцёл хадзіў, але па-свойму маліўся.

Але па-свойму тут моляцца здаўна і да нашых дзён. І часам моляцца розным багам. Малады ксёндз Сяргей цяжка змагаецца з малітвамі богу Бахусу.

— Які грэх паствы найбольш засмучае?

— Вёскі сьпіваюцца. Хоць ніякіх праблемаў раней не было ў каталікоў. Алькаголь — гэта нармальна. Заўсёды ён быў. Культура піцьця. Але моладзь, якая застаецца ў вёсках, яна сьпіваецца. Гэта трагедыя. Распуста. Беларусь крочыць шырокімі крокамі. У людзей страчаны паняцьці маралі, нейкіх нормаў, жыцьцёвых прынцыпаў. Паглядзім, што будзе далей. Змагаемся, наколькі гэта магчыма. Ну, і шмат паганскіх традыцый. Я хаджу па хатах. І практычна праз хату вісіць мяцёлачка. На шчасьце, як яны кажуць.

— А што гэта такое?

— Кітайскія венічкі.

— Гэта даўняя традыцыя?

— Гэтая традыцыя прыйшла з кітайскімі рэчамі. З 90-х. Праз хату. Няма сіл ужо. Каталікі часам — як японцы. Усяму моляцца. Зь беларуса выкінуць паганства нерэальна. Розныя забабоны. Ксяндза прымаюць, але руку не працягнуць, калі на парозе ксёндз стаіць. Трэба, каб у хату ксёндз увайшоў. Бо нельга. Што нельга?

У Слабодку варта прыехаць толькі дзеля таго, каб наведаць тутэйшы касьцёл Провіду Божага. Пабудаваны на пачатку мінулага стагодзьдзя ў нэагатычным стылі на высокім пагорку, ён відаць зь любой кропкі мястэчка. Але галоўная цікавостка гэтага храма — усярэдзіне. Пакуль не пачалася імша, я разгаварыўся са спадарыняй, якая пры храме званаркаю. Па словах былой настаўніцы, на малітву зьбіраецца ўсё больш людзей нестарых.

— Мне 54 гады. Больш заняцца няма чым. Але ўся пайшла інтэлігенцыя. Загадчыца клюбу пайшла на хор пяяць, бібліятэкарка пайшла на хор пяяць. Настаўнікі пайшлі на хор пяяць. Хто хоча ў тэлевізары сядзець? Больш заняцца няма чым. А тэлевізар ужо надакучыў. Сэрыялы тыя самыя. А так прыйдзеш, разьвеесься. Усё нейкая... да Бога ж ідзем. Праўда?

Усярэдзіне храм уражвае сваімі росьпісамі. Нават ня так. На сьценах няма ніводнага месца, якое б не было расьпісанае біблейскімі сюжэтамі. Прычым расьпісана, як на маё непрафэсійнае вока, вельмі грунтоўна. І гэта ўсё дзякуючы наяўнасьці ў Слабодцы псыхіятрычнай клінікі. Вось такі мудрагелісты сюжэт. У 80-я гады тут лячыўся ад алькагалізму адзін самадзейны мастак зь Віцебску.

— Гэтыя росьпісы адноўленыя?

— Гэта ўсё 80-я гады. У нас тут ёсьць бальніца. А ён быў алькаголік. Ён пазнаёміўся з ксяндзом. Ксяндзу ён спадабаўся. Быў такі ксёндз Гурскі. І ён яго ўзяў да сябе. Але ён быў такі ад Бога мастак... Ён нават твары змалёўваў. Дзеткі да яго прыходзілі. Мясцовых жыхароў. Ад Бога самавучка. Чатыры гады ён жыў у ксяндза і красіў.

— А ён ня быў душэўна хворы...

— Алькаголік. Кажа ксяндзу: «Мне трэба папіць тры-чатыры дні». Той яму дасьць грошы. Ён адап’ецца...

— А як яго клікалі?

— Гена. А прозьвішча я ня помню. Але ён ужо памёршы, вечны спакой.

Для местачкоўцаў ён так і застанецца п’яніцам Генам, які размаляваў касьцёл. А звалі мастака Генадзем Саламонавым. І колькі б пакаленьняў ні мянялася ў Слабодцы, храм ужо ніколі ня стане зернясховішчам. І зь ягоных сьценаў на нас будуць глядзець твары сьвятых, якіх Генадзь маляваў з тутэйшых людзей. І праўнук, молячыся Богу, будзе пазіраць на твар свайго прадзеда. Такога, напэўна, больш нідзе ў сьвеце няма.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG