Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра гэта ён сам паведаміў у артыкуле «Сила в правде, брат», які разаслаў 6 лютага па некалькіх інфармацыйных рэсурсах.

Віцебскі стваральнік незарэгістраванай Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі «Белая Русь» тлумачыць і сваё ранейшае зьнікненьне, пра якое яшчэ 15 студзеня паведамляў ягоны знаёмы ўрач Ігар Пасноў. Тады Рыжову пагражаў арышт на 15 сутак, прысуджаны судзьдзёй Першамайскага райсуду Натальяляй Карабліной за хуліганства і непадпарадкаваньне супрацоўнікам выцьвярэзьніка 16 лістапада мінулага году.

Рыжоў цьвердзіў, што справу супраць яго сфабрыкавалі, і што ён сам стаўся ахвярай міліцэйскага гвалту. Выйшаўшы з выцьвярэзьніка, ён зьвярнуўся да лекара Ігара Паснова па мэдычную дапамогу, і той гатовы засьведчыць, што бачыў на целе Рыжова сьляды катаваньняў. Спадар Пасноў кажа, што пасьля прысуду Рыжоў быў у дужа знэрваваным стане, а потым зьнік.

Як высьвятляецца з аповеду самога Рыжова, некалькі дзён ен насамрэч не зьяўляўся дахаты, а потым праходзіў лячэньне ў псыхіятрычнай клініцы, куды зьвярнуўся зноў-такі паводле рэкамэндацыі Ігара Паснова. Аднак той не хацеў паведамляць пра такія акалічнасьці ў СМІ, каб не дыскрэдытаваць Рыжова.

Цяпер ён сам апісвае сытуацыю зь лячэньнем у закрытым адзьдзяленьні № 5 віцебскага абласнога псыханэўралягічнага шпіталя: «дакары зрабілі ўсё магчымае, каб за кароткі тэрмін мэдыкамэнтозна падмацаваць мой аслаблены арганізм. Але 31 студзеня мяне выклікалі да псыхоляга і пачалі патрабаваць прайсьці тэставаньне». Рыжоў адмовіўся праходзіць тэсты, бо баяўся, што яму паставяць псыхіятрычны дыягназ, паводле якога будуць трымаць «у псыхушцы» пажыцьцёва. Як ён піша, пасьля ў ягоную палату зьмясьцілі двух неадэкватных асобаў, каб справакаваць бойку. Таму 4 лютага ён выпісаўся з шпіталя і вырашыў пакінуць Беларусь, нават не заходзячы дахаты.

Паводле тэксту артыкула, ён накіраваўся ў Маскву. І быў расчараваны, што яго не падтрымалі замежныя праваабаронцы, у тым ліку і расейскія, на дапамогу якіх ён разьлічваў, бо баяўся перасьледу беларускіх уладаў. З артыкула вынікае, што вяртацца на Радзіму, прынамсі, у хуткім часе, Сяргей Рыжоў не зьбіраецца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG