Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхар Менску, прадусар Ільля Кузьняцоў, які працуе са здымачнай групай амэрыканскага тэлебачаньня, прыляцеў у Сочы тры дні таму.

Алена Радкевіч: Падзяліцеся ўражаньнямі найперш ад свайго гатэлю: ці сапраўды там столькі недаробкаў, як даводзіцца чытаць у інтэрнэце?

Ільля Кузьняцоў: У маім гатэлі нічога дрэннага няма. Адзінае, што вельмі маленькі пакой каштуе 300 даляраў за ноч. Гэта, канечне, бязьмежжа. Што раней каштавала 100 даляраў, падчас алімпіяды каштуе 300 даляраў.

Радкевіч: На аднаго чалавека?

Кузьняцоў: На аднаго. Нумар 3 на 3 мэтры, вельмі просты гатэль, які ў Эўропе палічылі б за хостэл, каштуе такія шалёныя грошы.

Радкевіч: Сам горад выглядае гатовым да спартовага сьвята?

Кузьняцоў: Цяжка сказаць. Сочы — вялікі горад. На Алімпійскія аб’екты без спэцыяльнага допуску ня трапіш. Мы маем пяць камэр і пяць здымачных групаў амэрыканскага тэлебачаньня і толькі адной камэры далі допуск на алімпійскія аб’екты. Мы ня бачым, што адбываецца ўнутры алімпійскай вёскі і спартовых аб’ектаў, але звонку горад як горад. Адзінае што не гатова — тое, што будавалася спэцыяльна для Алімпіяды — гатэлі для спартоўцаў, турыстаў. Многія зь іх увогуле не гатовыя. Відавочна, што ня хутка будуць гатовыя.

Радкевіч: А тое, што здымачныя групы ня маюць допуску на Алімпійскія аб’екты, гэта здымачныя групы, якія прайшлі ўсе патрэбныя інстанцыі для таго, каб акрэдытавацца, і ў выніку ўсё роўна ня маюць такога доступу?

Тое, што непакоіць мясцовых жыхароў — амаль цалкам зьнішчылі горад Адлер
Кузьняцоў: Так. Ёсьць некалькі ступеняў гэтага доступу. Найперш акрэдытацыя ў мэдыйным цэнтры Сочы, якая ўвогуле нічога не дае, яна дае права хадзіць па вуліцы і здымаць тое, што можа здымаць звычайны грамадзянін. Потым патрэбная яшчэ акрэдытацыя, каб трапіць на ўсе алімпійскія аб’екты, і яе атрымаць вельмі складана. Сёньня я спрабаваў трапіць у галоўны прэс-цэнтар Сочынскай алімпіяды, і нават з гэтай акрэдытацыяй мяне туды не пусьцілі, пасьмяяліся, што я магу з гэтай акрэдытацыяй толькі па вуліцы пагуляць. Шмат журналістаў абураныя, таму што ніхто нікуды ня можа трапіць.

Радкевіч: Што, акрамя спорту, цікавіць замежных журналістаў у Расеі ў гэтыя дні?

Кузьняцоў: Усіх чамусьці цікавяць праблемы з гатэлямі, хаця я асабіста лічу, што гэта лянівая журналістыка, калі нічога ня робіш, сядзіш у гатэлі, чытаеш твітэр і фэйсбук і з гэтага робіш рэпартажы. Мне здаецца, што гэта ня самая вялікая праблема ў Сочы, што два ўнітазы побач стаяць ці там пчала ў мёдзе.

Радкевіч: Якую асноўную праблему ў Сочы вы вылучылі б на сёньня?

Кузьняцоў: Тое, што непакоіць мясцовых жыхароў — амаль цалкам зьнішчылі горад Адлер. Перабудавалі яго пад Алімпіяду, шмат дамоў зьнесьлі, паркі выразалі і зрабілі дарогі, па якіх ніхто не ўмее езьдзіць і паркуюцца на хайвэй на трэцяй паласе. Напрыклад, тое, што «зялёных», абаронцаў навакольнага асяродзьдзя пасадзілі ў турму напярэдадні Алімпіяды. Ёсьць сур’ёзныя праблемы.

Радкевіч: Яшчэ адна рэч, пра якую шмат гаварылася напярэдадні: адлоў бадзяжных сабак, а таксама вываз за рысу гораду непажаданых асобаў — у тым ліку бамжоў і прастытутак. Наколькі пасьпяхова ўдалася ўладам зачыстка Сочы?

Кузьняцоў: Дзякуй Богу, сабакі пакуль што ёсьць. Вельмі дружалюбныя сабакі, няхай жывуць. Ёсьць сабакі, якія на гарналыжных курортах жывуць ужо 7 гадоў. Мясцовыя жыхары іх любяць, называюць іх доўгажыхарамі. Дзякуй Богу, што іх яшчэ не адлавілі і не застрэлілі.

Радкевіч: Наколькі адчуваецца прысутнасьць сілаў аховы правапарадку, наколькі навязьлівы сэрвіс па гарантаваньні бясьпекі? Вас часта правяраюць?

Ня бачна людзей, бачна міліцыю. Кажуць, што ўзровень наведваньня Алімпіяды расейскімі гледачамі будзе 0 працэнтаў. Алімпіяда не для жыхароў Расеі
Кузьняцоў: Нас пэрсанальна правяраюць ня часта. Але іх прысутнасьць адчуваецца заўсёды і ўсюды. Учора мы ехалі па новай алімпійскай трасе, па якой нармальныя машыны ня могуць ехаць. Пабудавалі трасу за 9 мільярдаў, па якой зараз можа езьдзіць толькі алімпійскі транспарт. Калі едзеш увечары, больш за палову — гэта машыны з мігалкамі, міліцыянты, вайскоўцы. За 40 кілямэтраў пабачыш болей за 100 міліцэйскіх машын. Прысутнасьць міліцыя вельмі вялікая на кожным кроку.

Радкевіч: Яшчэ адна тэма, якая абляцела інтэрнэт — кур’ёзныя пераклады на ангельскую мову надпісаў, інструкцый і іншай нагляднай прадукцыі. Вядома, што перад спартовымі мерапрыемствамі такога кшталту, як Алімпіяда, уся абслуга, паліцыя масава дасканаліць сваю ангельскую. Наколькі прыкметныя посьпехі ў авалоданьні замежнай мовай сочынскай паліцыяй, прадавачкамі, пакаёўкамі і г. д. Іх можна зразумець?

Кузьняцоў: З паліцыяй, дзякуй Богу, не размаўлялі, астатнія, як мне здаецца, як ня ведалі ангельскай, так і ня ведаюць. Акрамя таго ўзровень сэрвісу застаўся вельмі нізкі. Калі мы хацелі паесьці ў нятаннай кавярні, нас было пяцёра і мы папрасілі пяць чэкаў, нам адказалі спачатку, што гэта ўвогуле немагчыма, потым пагадзіліся даць пяць чэкаў, але сказалі, што будуць ежу насіць кожнаму асабіста разам з чэкам, маўляў вельмі доўга будзеце чакаць. Потым сказалі, што найлепшае, што я магу зрабіць — гэта тры чэкі, таму што няма ў кампутары месца для чэкаў. Вось такі ўзровень алімпійскага сэрвісу.

Радкевіч: Якія самыя моцныя ўражаньні ў вашых амэрыканскіх калегаў, як замежнікаў?

Кузьняцоў: Напэўна, колькасьць службаў бясьпекі. Іх болей чым нармальных людзей. Ня бачна людзей, бачна міліцыю. Кажуць, што ўзровень наведваньня Алімпіяды расейскімі гледачамі будзе 0 працэнтаў. Алімпіяда не для жыхароў Расеі.

Радкевіч: А вас што найбольш уразіла?

Кузьняцоў: Добрае надвор’е, плюс восем, мора. Колькасьць міліцыі.

Радкевіч: Заўтра будзеце на адкрыцьці Алімпіяды?

Кузьняцоў: Не, бо няма допуску, пропуску. Маем акрэдытацыю, па якой нельга трапіць нікуды.

Радкевіч: Што здымаць замежным журналістам, у якіх няма допуску?

Кузьняцоў: Ёсьць што здымаць вакол Алімпіяды.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG