Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы салдат унутраных войскаў: Кідаўся на сваіх са словамі «Мянты г...о!»


Былы міліцыянт, які праходзіў службу ў адной з частак унутраных войскаў у Менску, апавёў Свабодзе пра падрыхтоўку да разгону мітынгаў ды парадкі ў сваёй частцы. У прыватнасьці, пра асаблівасьці ідэалягічнай працы з асабовым складам, да якой ён сам прычыніўся.

Збольшага пра службу ва ўнутраных войсках у Івана засталіся добрыя ўспаміны: як пра школу сталеньня і даросласьці. Кажа, што служба для яго праходзіла даволі камфортна: значна больш сытнае ў параўнаньні з армейскімі салдатамі харчаваньне; камандзір роты не дазваляў дзедаўшчыны і апякаў маладых. Да таго ж Іван быў на добрым рахунку як адмысловец у электроніцы і таму меў пэўныя прывілеі. У прыватнасьці, яго часта адпускалі ў адпачынкі. Вядома, даводзілася выяжджаць і на масавыя акцыі, у тым ліку апазыцыйныя. Але асабіста яму пашанцавала — у разгонах апазыцыянэраў удзелу ня браў, нікога не затрымліваў.

Пра разгон мітынгу супроць фальшаваньня прэзыдэнцкіх выбараў, які праходзіў 19 сьнежня 2010 году ў Менску, Іван ведае са словаў былых калегаў, бо тады ўжо не служыў. Але разам зь іншымі рыхтаваўся да падобных акцыяў. Звычайна трэніроўкі праходзілі на пляцы. Праводзілі іх байцы АМАП, якія адмыслова прыяжджалі да іх у частку. Салдатаў дзялілі на дзьве групы: адны са шчытамі і дубінкамі нібыта ахоўваюць парадак, другія яго сьвядома парушаюць. Іван распавёў падрабязнасьці гэтай інсцэніроўкі, у якой часта граў ролю разьюшанага парушальніка парадку:

«Разганяесься і нагамі скачаш на шчыты, спрабуеш іх зламаць, а тыя мусяць выстаяць. Яшчэ кідалі ў іх дымавыя шашкі. Крычалі рознае: „Вам хана!“, „Маць-анархія!“, яшчэ крычалі „Мянты г...о!“. Задача была ня проста паказаць натоўп, а паказаць разьюшаных людзей, нападнікаў. Але перад намі ставілася задача ў такіх умовах пагасіць ня сам натоўп, а толькі гэтых вар’ятаў, якія на ўсё здольныя».

Карэспандэнт: А лёзунгі кшталту «Жыве Беларусь!», «Далоў Лукашэнку!» не выкрыквалі?
На мяне гэта дзейнічае дагэтуль: калі бачу, як нехта крычыць фашыстоўскі лёзунг ці нешта такое малюе, хочацца падысьці і даць у галаву, каб злажыўся. Гэта сядзіць у падкорцы

«Не, у нас такога не было. Малявалі знакі, падобныя да фашыстоўскай свастыкі, альбо знакі анархістаў. Задача была, каб паказаць, што мы — зло. На мяне гэта дзейнічае дагэтуль: калі бачу, як нехта крычыць фашыстоўскі лёзунг ці нешта такое малюе, хочацца падысьці і даць у галаву, каб злажыўся. Гэта сядзіць у падкорцы».

Карэспандэнт: «А вам рэальна даводзілася быць на такіх апазыцыйных мітынгах, дзе б крычалі «Мянты г...о!»?

«Так, хоць я б не назваў гэта мітынгам. Проста стаіш у ачапленьні, і на цябе ўсякае кажуць. Часта такое чуеш, калі нейкі канцэрт, ідуць побач і пачынаюць на цябе гэта казаць. З аднаго боку, хочацца ўдарыць на гэта, з другога боку — нельга, бо не было загаду. Пакуль няма бойкі, нельга іх чапаць. Проста ідзеш, суправаджаеш. Часам па тэлевізары кажуць, што некаму незаслужана дасталося. Можа, такое і бывае. Але, зь іншага боку, калі пачалі разгон, то, значыць, была яўная спроба пачаць беспарадкі. Бо такі загад аддаецца з самага верху і нездарма».

Іван успомніў некалькі прыкладаў, калі ягоныя калегі пры разгоне несанкцыянаваных акцыяў «перавысілі паўнамоцтвы»: аднаго мітынгоўца занадта моцна ўдарылі гумовай палкай, другога паранілі пры «пагрузцы» ў аўтазак. Гэтыя міліцыянты потым доўга пісалі тлумачэньні, чаму перавысілі інструкцыю, кажа Іван.

Яшчэ адзін мэтад недапушчэньня злоўжываньняў, які, паводле Івана, ужывала камандаваньне ягонай часткі ўнутраных войскаў, — калектыўная адказнасьць. «Усе ведаюць, што за правіну аднаго адкажа ўсё падразьдзяленьне», — кажа Іван. Пачуцьцё гэткай калектыўнай адказнасьці фармуецца зь першых дзён службы, калі малады салдат нават з казармы ня можа выйсьці без нагляду старэйшага. «Прыкладам, накладуць на цябе пакараньне — толькі 2 цыгарэты ў дзень. І будзеш выконваць, куды дзенесься. А інакш пакараюць увесь узвод», — згадвае Іван.

Калі я расказаў Івану пра ўдзельніцу мітынгу 19 сьнежня 2010 году Маю Абромчык, якой пры разгоне міліцыянты зламалі нагу ды на яе вачах зьбілі да крыві яе знаёмага, Іван зьдзівіўся і сказаў, што ў «іхняй роце такое б было немагчыма».

Іван назваў некаторыя каманды, якія яны выконвалі, трэніруючыся на пляцы разганяць мітынгі. Пад каманду «Забор!» яны накрывалі шэраг шчытоў яшчэ адным іх слоем, каб у міліцыянтаў немагчыма было трапіць камянямі. Каманда «Газы» азначала, што трэба надзець адгазьнікі, бо мітынгоўцы выкарысталі газавыя гранаты. Было шмат і іншых камандаў, але іх Іван ня стаў называць, баючыся раскрыць вайсковую таямніцу. Да таго ж, паводле Івана, кожныя паўгода назвы камандаў мяняюцца. Зноў жа, каб захаваць сакрэтнасьць.

А хто праводзіць з шараговымі салдатамі ўнутраных войскаў ідэалягічную падрыхтоўку? Іван згадаў пра некалькі партрэтаў Лукашэнкі ў вайсковай частцы і ў гэтак званым «ленпакоі», дзе ў іх праходзілі палітінфармацыі. Пад такім вось партрэтам ён сам, на даручэньне камандзіра, праводзіў штотыднёвае інфармаваньне пра тое, што адбылося ў краіне і сьвеце.
Усе ведаюць, што за правіну аднаго адкажа ўсё падразьдзяленьне

«Што мне давалі ў якасьці крыніцы? Паколькі я рабіў палітінфармацыі для служачых, то мусіў чытаць газэты і глядзець праграмы навінаў. Ня дай бог ротны прыйдзе і ўбачыць, што я па тэлевізары гляджу не навіны, а нейкі фільм! І потым распавядаць сваім салдатам: дзе што здарылася, дзе беспарадкі, дзе хто стаў прэзыдэнтам, каго абралі».

Карэспандэнт: «А пра што пасьля вашых палітінфармацыяў часьцей за ўсё ў вас пыталіся вашы слухачы?»

«Пытаньні, вядома, былі, бо калі праводзіш палітінфармацыю, ты для іх як настаўнік. Пыталіся, прыкладам, колькі было ахвяраў у выніку землятрусу».

Карэспандэнт: «А пра Беларусь што пыталіся? Пра палітычнае становішча, пра праблемы, нейкія пытаньні з падтэкстам былі?»

«Салдаты? Ды яны ж такія, як і я. Калі яны туды прыйшлі, то разумелі, што гэта проста прымусовы ўрок. Асаблівай цікаўнасьці ў іх я ніколі ня бачыў. Іх задача была — проста адбыць гадзіну, адчуць тое, што я скажу, хай я скажу нейкую бязглузьдзіцу. Але бывала, што мяне і дапаўнялі. Нехта падымаўся і казаў, што ўраджай у іх сабралі дрэнны, як яму маці казала».

Палітінфармацыі, якія праводзіў Іван, звычайна праходзілі ў прысутнасьці афіцэра, які адказваў у частцы за ідэалёгію. Іван згадаў, што ў іх гэта быў палкоўнік, які сядзеў у канцы «ленпакоя» і пасьля палітінфармацыі часта сам яшчэ нешта распавядаў салдатам. Таксама гэты палкоўнік рэгулярна праводзіў сустрэчы салдатаў з вэтэранамі.

Пра стасункі салдатаў з афіцэрамі — у наступнай частцы размовы з Іванам.

Варта дадаць, што Іван скончыў службу ва ўнутраных войсках у 2010 годзе і не вярнуўся ў райцэнтар, адкуль яго прызывалі, а застаўся жыць у Менску. У сталіцы ён працуе на цывільнай працы, але працягвае сябраваць з былымі таварышамі па службе, у тым ліку і тымі, хто працягвае служыць. Магчыма, таму Іван не захацеў, каб ягонае імя і прозьвішча называліся ў мэдыях.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG