Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці Малдова стане другой Украінай?


На саміце Ўсходняга партнэрства ў Вільні. Лістапад 2013.

На саміце Ўсходняга партнэрства ў Вільні. Лістапад 2013.

Малдова сёлета спадзяецца падпісаць пагадненьні аб асацыяцыі і вольным гандлі з Эўразьвязам. Але шмат хто баіцца, што як і ў выпадку з Украінай летась, Масква можа аказаць на Кішынэў эканамічны і палітычны ціск з мэтай сарваць падпісаньне гэтых дакумэнтаў.

Як лічаць палітычныя назіральнікі, адзін з рычагоў палітычнага ціску Масквы на Кішынэў быў задзейнічаны ў нядаўнім рэфэрэндуме ў аўтаномным рэгіёне Малдовы, Гагаузіі, у якім 97% выбаршчыкаў выказаліся супраць інтэграцыі ў Эўразьвяз і, адначасова, 98% падтрымалі наладжваньне цясьнейшых адносінаў з Мытным зьвязам Расеі, Казахстану і Беларусі.

Восеньню ў Малдове будуць парлямэнцкія выбары. Паводле апытаньняў самай папулярнай палітычнай сілай у краіне зьяўляюцца камуністы, якія маюць падтрымку 35% насельніцтва. Камуністы, якія выступаюць супраць эўраінтэграцыі краіны, знаходзяцца ў апазыцыі да кааліцыйнага ўраду, якім кіруюць праэўрапейскія дэмакраты і лібэралы.

"Перад выбарамі кааліцыя павінна адолець некаторыя перашкоды з боку апазыцыі, якая супрацоўнічае з Расеяй, каб скінуць гэты ўрад і прадухіліць падпісаньне пагадненьня аб асацыяцыі летам«— сказаў нашаму радыё румынскі палітоляг Станіслаў Сэкрыеру.

Паводле Сэкрыеру, кампартыя выкарыстае вынікі рэфэрэндуму ў Гагаузіі, каб аслабіць пазыцыю цяперашняга праэўрапейскага ўраду.

Іншым рычагом палітычнага ўплыву Крамля на Малдову зьяўляецца сэпаратысцкае Прыднястроўе, якое не прызнае цэнтральнай улады ў Кішынэве.

Расея таксама можа ціснуць на Малдову эканамічна, як галоўны пастаўшчык газу і важны гандлёвы партнэр краіны. У верасьні летась Расея ўвяла забарону на імпарт малдаўскага віна; у Маскве чуваць галасы, каб падобнае эмбарга ўвесьці на малдаўскую гародніну і садавіну. Такі крок несумненна мог бы павялічыць незадаволенасьць у сельскіх раёнах Малдовы, дзе камуністычная партыя мае сваю найбольшую падтрымку.

Тым ня менш Нік Папэску, аналітык Інстытуту Эўразьвязу па вывучэньні праблем бясьпекі, кажа, што Масква магла ўжо вычарпаць большую частку свайго ўплыву на Кішынэў:

«За апошняе дзесяцігодзьдзе Расея часткова страціла шмат рычагоў уплыву на Кішынэў у такіх пытаньнях, як гандаль і віно, таму што яна выкарыстоўвала іх у мінулым, але так і не змагла па-сапраўднаму зьмяніць зьнешнепалітычны курс Рэспублікі Малдова».

Папэску адзначае, што Малдова пераарыентавала сваю эканоміку на Эўразьвяз больш, чым любая іншая краіна Ўсходняга партнэрства. ЭЗ зьяўляецца галоўным гандлёвым партнэрам Малдовы, на які прыпадае 54% ад агульнага аб’ёму гандлю краіны. Калі пагадненьне аб асацыяцыі і дамова аб вольным гандлі будуць падпісаныя і ратыфікаваныя, Папэску лічыць, што гэтая новая сытуацыя стане па сутнасьці «палітычна і эканамічна незваротнай».

Ня выключана, што самым вялікім інструмэнтам уплыву Масквы на Кішынэў зьяўляецца значная колькасьць малдаўскіх працоўных мігрантаў у Расеі і грашовых пераводаў, якія яны пасылаюць дадому. У 2012 годзе гэтыя пераводы склалі суму каля 1 мільярда даляраў. Калі Расея выдварыць малдаўскіх работнікаў або ўскладніць правілы прыезду для сэзонных працаўнікоў у Расею на летні будаўнічы сэзон, гэта можа выклікаць сур’ёзныя эканамічныя праблемы і незадаволенасьць сярод малдаванаў.
XS
SM
MD
LG