Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ўсё ж Расея ніяк ня можа вырвацца з замкнёнага кола гісторыі? Чаму ўпарта застаецца на другое стагодзьдзе, калі не на другое тысячагодзьдзе? Я – пісьменьнік, і ў мяне ёсьць свая гіпотэза: граматычная.

Можа быць, разгадка расейскай гісторыі палягае ў слове плюсквампэрфэкт. У яго адсутнасьці. У лацінскай мове плюсквампэрфэктам называюць перадмінулы час. Утвараюць яго праз дапаможны дзеяслоў. Уставіў такі дзеяслоў-«жучок», і ты ўжо ў мінулым, якое патанула ў мінулым. Такія «жучкі» дагэтуль точаць ангельскую, нямецкую, францускую мовы. Былі яны некалі і ў расейскай, але стачыліся. У старых кніжках засталіся толькі прастамоўнасьці накшталт «он был привыкши». Граматыку даводзіцца папаўняць лексыкай: «помню, бывало...» ці «давным-давно...». Гэты граматычны недабор або, калі жадаеце, граматычны рамантызм дорага абыходзіцца носьбітам мовы. Іх гісторыя ніяк не становіцца гісторыяй; як упартая старонка ў навюткай кнізе, не перагортваецца; ірвецца ў цяперашнасьць. Няма на яе, расейскую гісторыю, граматычнай аброці. А вось у расейскім жыцьці плюсквампэрфэкт здараецца. Клясычны прыклад – эміграцыя. Сьпелая проза Буніна і Шмялёва – двух чароўных Іванаў зусім нават не бяз роду і племені, - напісана як бы ў перадмінулым. Чароўнасьць іх прозы ў гэтым «як бы», у граматычнай недасказанасьці. Але пісьменьнікі ня тое што кульгавасьць – заіканьне, шапялявасьць выставяць як узор дасканаласьці.

Або іншы прыклад жыцьцёвага плюсквампэрфэкту. Зь якой асалоднай пазьнярымскай зьнямогай можна цяпер прыгадваць сваё імпэрскае дзяцінства, пішучы «Імпэрыя» зь вялікай літары. У майго горада было адразу чатыры імя: аўстрыйскае Tschernowitz , румынскае Cernăuți, украінскае Чернівці, даваеннае расейскае Черновицы. Варта было выйсьці на вуліцу, і твой слых прадзімалі адразу некалькі моваў і гаворак, дадайце да згаданых вышэй ідыш, гуцульскую, польскую. Здаецца, гэта і ёсьць культура: жыць на скразьняку некалькіх лінгваў. Але пра культуру сказана ўжо ўсё, а вось пра граматыку гісторыі... Памятаю, бывала... даўным-даўно... віселі нэонавыя літары МЕБЛІ над мэблевым магазінам, не, не над магазінам, а над склепом. І быў прыехаўшы Галоўны Ідэоляг Суслаў з узнагародай – ордэнам Леніна – Чарнаўцам. І на Савецкай - Радянської - плошчы шматкроць апаганіў ён вушныя ракавіны чарнаўчан, націскаючы «Черновцы» на перадапошнім складзе. І ніхто ня быў наважыўшыся яго паправіць. А яшчэ я быў памятаўшы школьнае захапленьне ад уздыбленай экспрэсіі двух маларасійскіх вершаў:

Як упав же він з коня
та й на білий сніг...

І лаціністку ўнівэрсытэцкую, пані Зіновію, памятаўшы, і пры ёй нязломнага Плюсквампэрфэкта ў рыштунку легіянэра.

Пераклад: Сяргей Шупа
XS
SM
MD
LG