Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выкладчыкі ЭГУ заклікаюць рэктара Міхайлава да адстаўкі


На пазачарговым паседжаньні Сэнату ЭГУ, якое адбылося 6 лютага, частка выкладчыкаў прапанавала рэктару Анатолю Міхайлаву сысьці ў адстаўку. Сэнат выказаў недавер прарэктарам Бярнардасу Гайлюсу і Аляксандру Каўбаску.

«Сытуацыя крызісу ў нашым унівэрсытэце дасягнула свайго піку. Сёньня фактычна гаворка ідзе пра тое, што гэты калектыў руйнуецца, руйнуецца атмасфэра даверу, вальнадумства, сумеснага пошуку ісьціны. Драматычным увасабленьнем крызісу сталі адносіны адміністрацыі зь беларускай акадэмічнай супольнасьцю ў асобе Сэнату, якія па сутнасьці зайшлі ў тупік. Магчыма, самым мудрым у гэтай сытуацыі было б вяртаньне да вытокаў. Ваша вяртаньне ў акадэмічны калектыў — ад якога вы вольна або мімаволі дыстанцыяваліся — у якасьці прызнанага навуковага аўтарытэту і ідэйнага натхняльніка.

Мы зьвяртаемся да Вас з просьбай прыняць самастойнае і адказнае рашэньне аб ганаровай адстаўцы», — гаворыцца ў адкрытым лісьце на адрас Міхайлава.

Выкладчыкі таксама выказалі вотум недаверу прарэктару па адміністраваньні і інфраструктуры Бярнардасу Гайлюсу і прарэктару па акадэмічных пытаньнях Аляксандру Каўбаску.

Вытрымка з заявы Сэнату пра вотум недаверу Гайлюсу і Каўбаску: «ЭГУ ліхаманіць тры месяцы. За гэты час не было прынята ніводнага эфэктыўнага кіраўнічага рашэньня дзеля выхаду з крызісу. Пасьлядоўны бескампрамісны курс адміністрацыі на абвастрэньне зацяжнога канфлікту паміж кіраўніцтвам ЭГУ і акадэмічнай супольнасьцю ставіць пад выпрабаваньне само існаваньне нашага адукацыйнага праекту. Сэнат выказвае вотум недаверу прарэктарам унівэрсытэту — Бярнардасу Гайлюсу і Аляксандру Каўбаску — і патрабуе зьняць іх з займаных пасадаў».

ЭГУ ліхаманіць тры месяцы. За гэты час не было прынята ніводнага эфэктыўнага кіраўнічага рашэньня дзеля выхаду з крызісу
Аўтары заявы просяць Кіраўнічую раду і Раду суўладальнікаў (GAPO) увесьці ў ЭГУ антыкрызіснае кіраваньне.

5 лютага Бэрнардас Гайлюс падпісаў загад пра звальненьне старшыні Сэнату ЭГУ прафэсара Паўла Церашковіча.

«Звальненьне старшыні Сэнату зьяўляецца адкрыта рэпрэсіўнай мерай супраць нязручнага актывіста і актам запалохваньня акадэмічнай супольнасьці. Мы патрабуем скасаваць загад пра звальненьне Паўла Церашковіча, бо яно абражае акадэмічную супольнасьць і публічна дыскрэдытуе Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт», — адзначаецца ў лісьце ў абарону Паўла Церашковіча.

Зьвязацца з Бярнардасам Гайлюсам і Аляксандрам Каўбаскам пакуль не ўдаецца — іхныя тэлефоны не адказваюць.

Прарэктар Каўбаска: пра сытуацыю ў ЭГУ даведваюся з мэдыяў

Прарэктар па акадэмічных пытаньнях Аляксандар Каўбаска паведаміў карэспандэнту Свабоды, што цяпер ён у Расеі і камэнтаваць сытуацыю зможа пазьней:

«Я цяпер знаходжуся ў Санкт-Пецярбургу і пра сытуацыю даведваюся з мэдыяў. Таму, на жаль, камэнтаваць гэта не магу, пакуль сам ня буду да канца ведаць інфармацыю. Цяпер я ў Расеі. Пакуль ад мяне ніякіх камэнтароў».

На просьбу пракамэнтаваць звальненьне старшыні Сэнату ЭГУ прафэсара Паўла Церашковіча і ягоныя заявы пра палітычны тэрор супраць іншадумцаў спадар Каўбаска сказаў:

«Ён кажа, што ён думае. Я, зноў-такі, пэрсанальныя справы нашых калегаў камэнтаваць не ўпаўнаважаны».

Камэнтар прарэктара па разьвіцьці і камунікацыі ЭГУ Дарыюса Удрыса:
Адміністрацыя ЭГУ: халодныя галовы пераважаць


Канфлікт у ЭГУ


Канфлікт адміністрацыі ўнівэрсытэту і выкладчыкаў ЭГУ, якія аб’яднаныя ў прафсаюз выкладчыкаў «Плятформа», доўжыцца ўжо некалькі месяцаў.

13 студзеня рэктар ЭГУ Анатоль Міхайлаў падпісаў загад пра абвяшчэньне адкрытага міжнароднага конкурсу на замяшчэньне 17 выкладчыцкіх пасадаў.

Старшыня сэнату ЭГУ Павал Церашковіч выказаў сумнеў у справядлівасьці і празрыстасьці гэтага конкурсу. Асноўная асьцярога, якую маюць прадстаўнікі сэнату, — гэта тое, якім чынам будзе фармавацца конкурсная камісія.

9 лістапада прайшлі выбары ў сэнат Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, які працуе ў Вільні. Сэнат — галоўны орган акадэмічнага самакіраваньня. У сэнат прайшло 12 з 13 прадстаўнікоў дэмакратычнай плятформы «За новы ЭГУ». Яна аб’яднала выкладчыкаў, нязгодных з прапанаваным адміністрацыяй ВНУ плянам разьвіцьця ўнівэрсытэту.

Плятформа хоча вярнуць праекту ЭГУ ягоны першапачатковы сэнс — эфэктыўнай беларускай гуманітарнай ВНУ з эўрапейскай якасьцю адукацыі і навуковай працы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG