Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр апошні з камуністаў, якія запрасілі савецкія войскі ў Чэхаславаччыну


У Браціславе ва ўзросьце 96 гадоў памёр Васіл Біляк – былы высокі камуністычны функцыянэр, які разам з чатырма іншымі сябрамі Палітбюро кампартыі Чэхаславаччыны падпісаў зварот да савецкага кіраўніцтва з просьбай дапамагчы чэхаславацкім таварышам здушыць «контррэвалюцыю» ў краіне.

Васіл Біляк нашмат перажыў чатырох іншых падпісантаў таго звароту – яны памерлі ў 1972-1990 гг.

У прыватнасьці, у звароце адзначалася:

«У гэтай цяжкай сытуацыі мы зьвяртаемся да вас, савецкія камуністы, кіраўнікі КПСС і СССР, з просьбай забясьпечыць эфэктыўную падтрымку і дапамогу ўсімі сродкамі, якія ў вас маюцца. Толькі з вашай дапамогай можа адвярнуць ад ЧССР пагрозу контррэвалюцыі».

Гэты зварот быў знойдзены ў дзяржаўным архіве Расеі ў ліпені 1992 году ў запячатаным канвэрце, на якім у 1968 годзе чалец ЦК КПСС і пазьнейшы генэральны сакратар КПСС Канстанцін Чарненка зрабіў прыпіску: «Без дазволу не адкрываць». У 1992 годзе прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын перадаў копію гэтага звароту прэзыдэнту Чэхаславаччыны Вацлаву Гаўлу.

Як адзначаюць чэскія і славацкія СМІ, Біляк ніколі ня выказаў шкадаваньня з прычыны сваёй ролі, якую ён адыграў у падзеях 1968 году. Больш за тое, Біляк у свой час запярэчыў, што ён падобны зварот Леаніду Брэжневу дасылаў, а калі была апублікаваная копія гэтага звароту, ён выказаў сумнеў у сапраўднасьці свайго подпісу пад ім.

У выніку ўвядзеньня савецкіх войскаў у Чэхаславаччыну ў жніўні 1968 загінулі больш за 100 цывільных асобаў, а каля 500 атрымалі раненьні. За першы год савецкай акупацыі з Чэхаславаччыны эмігравалі 70 тысяч чалавек.

На гэтым відэа Васіл Біляк выступае пасьля генэральнага сакратара ЦК КПСС Леаніда Брэжнева на 14-м зьезьдзе Камуністычнай партыі Чэхаславаччыны ў 1971 годзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG