Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскія прастытуткі спадзяюцца зарабіць на чэмпіянаце сьвету


Напярэдадні чэмпіянату сьвету па хакеі супрацоўнікі раённых упраўленьняў міліцыі пачалі запрашаць на размову некаторых жыхароў Менску.

Паводле агенцтва «Минск-Новости», міліцыянты грунтоўна рыхтуюцца да чэмпіянату сьвету па хакеі: тых, хто злоўжывае алькаголем, накіроўваюць на прымусовае лячэньне, пад самым жорсткім кантролем трымаюць жабракоў, былых зьняволеных ды жанчын лёгкіх паводзінаў.

Паводле зьвестак, якія атрымала «Свабода», некаторых прадстаўнікоў гэтых непажаданых катэгорыяў выклікалі ў міліцыю і бралі зь іх падпіску аб паводзінах на час чэмпіянату.

25-гадовая Ірына не належыць да ніводнай зь пералічаных групаў. Праўда, зь месцаў пазбаўленьня волі ня так даўно вярнуўся яе муж. Гэтымі днямі абодвух сужонцаў выклікалі ў РУУС.

Ірына распавяла Свабодзе:

«Асабіста я не судзімая, ня маю адміністрацыйных штрафаў, нічога такога ня маю. Аднак і мяне таксама выклікалі разам з мужам у Маскоўскі РУУС Менску і сказалі падпісаць паперу, што ў час чэмпіянату ня буду наведваць ані дыскатэк, ані хакейных гульняў, то бок буду сядзець дома. Мне так ніхто і не патлумачыў, чаму».

Жыхарка Менску Тацяна да «непажаданай катэгорыі» належыць. Яна займаецца аказаньнем сэкспаслугаў 15 гадоў. Яе «кропка» — адзін зь менскіх гатэляў. Пакуль саму Тацяну ў РУУС не выклікалі, але вось ад таварышак па занятку пра падобныя «запрашэньні» яна ўжо чула:

«Так, кажуць такое. Сяброўка мая падпісала паперу, што падчас чэмпіянату ня будзе наведваць розныя грамадзкія месцы, кшталту кавярняў, гатэляў, лядовых палацаў і г.д.».

Тым ня менш жанчына ўсё ж мае свае пляны на чэмпіянат:

«Вядома ж, хацелася б... У плянах ёсьць такое, а як яно будзе насамрэч, хто ведае. Але ўжо цяпер працаваць не даюць. Мы ж на ўліку ў міліцыі. Падчас рэйдаў у гатэлях, барах, на вуліцах даводзіцца бегаць ад іх. У нас адміністрацыйная адказнасьць — караюць як штрафамі, так і суткамі. Раней сутак увогуле не давалі, а цяпер даюць і 10 сутак, і нават 20. Штрафы даходзяць да пяці мільёнаў. Але я ніколі не плаціла, бо чаму я мушу плаціць 5 мільёнаў і за што, калі мне не даюць зарабіць?

Скажу вам нават болей... Вось проста ідзеш па вуліцы ўвечары — а прастытуцыяй у той дзень увогуле не займаесься — усё роўна могуць адвесьці ў пастарунак і скласьці пратакол. Не падпішаш — пачнуць усяляк запалохваць. А калі падпішаш, тады ідзеш пад суд, і, залежна ад волі судзьдзі, табе прызначаецца або штраф, або суткі. Кажуць, што на гэтым ня спыняцца. Адзін знаёмы міліцыянт, які ставіцца да нас ляяльна, падзяліўся, што можа дайсьці і да завядзеньня крымінальнай справы. А якім чынам? Што, фабрыкаваць нейкія справы пачнуць? Карацей, калі маеш кляймо, то на ўсё жыцьцё».

Як лічыць Тацяна, на час чэмпіянату сьвету паслугі путанаў ейнага ўзроўню, то бок тых, хто працуе ў гатэлях, барах ды на цэнтральных менскіх вуліцах, будуць «яшчэ як запатрабаваныя»:

«Ужо паверце мне,— кажа жанчына. — Вы ўявіце сабе, які натоўп, колькі замежнікаў, колькі адрэналіну. Ну, а нам пры такой інтэнсіўнай працы такі капітал можна зарабіць, што нават ня думаць пра грошы ўсё астатняе жыцьцё! Калі ў нас такое яшчэ было?!»

Карэспандэнт: «І калі забароняць, як жа бяз вас?»

Тацяна: «У мяне таксама падобнае пытаньне ўзьнікла. Але дзяржава так хоча: прыехалі глядзець хакей — яго і глядзіце! Навошта вам забавы розныя?! Палітыка такая! Зразумела, многія спадзяюцца на інтэрнэт. Але ў інтэрнэце такая ж праблема: ахвотных могуць адлавіць, і іх могуць чакаць розныя пакараньні... Яшчэ ёсьць дзяўчаты з агенцтваў эскорт-паслугаў. Яны апошнім часам шмат працуюць з масквічамі, якія прыяжджаюць у казіно гуляць. Ці будуць адлоўліваць іх — ня ведаю».

Паводле Тацяны, з практыкі падобных міжнародных першынстваў вядома: заўсёды на іх, акрамя заўзятараў з усяго сьвету, зьлятаюцца махляры, злодзеі ды прастытуткі.

Як вынікае з інфармацыі ГУУС Менгарвыканкаму, распаўсюджанай агенцтвам «Минск-Новости», літаральна за кожным мэтрам, асабліва ў цэнтры гораду і каля дзьвюх лядовых арэнаў, будзе замацаваны супрацоўнік, які нясе пэрсанальную адказнасьць за даручаную яму тэрыторыю.

Дапамагаць забясьпечваць правапарадак прыедуць супрацоўнікі АМАПу і апэратыўна-пошукавых атрадаў зь іншых рэгіёнаў краіны. Яны ўжо стажыруюцца ў Менску — адпрацоўваюць маршруты, на якіх стануць несьці службу. Ва ўсіх гатэлях і інтэрнатах, дзе разьмесьцяцца заўзятары, будзе весьціся відэаназіраньне.

Паводле зьвестак управы наркакантролю і супрацьдзеяньня гандлю людзьмі МУС Беларусі, за 11 месяцаў 2013 году ў Менску зарэгістравана 438 асобаў, прыцягнутых да адказнасьці за занятак прастытуцыяй. Гэта амаль палова ад агульнай колькасьці зафіксаваных у краіне такіх правапарушэньняў (939). На другім месцы ў зводках з «інтымнага фронту» — Менская вобласьць: тут да адказнасьці за занятак прастытуцыяй прыцягнута 136 асобаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG