Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зісер: Гэта не перахоп інфармацыі, а Youtube, Gmail і порна


Юры Зісер

Юры Зісер

Чуткі пра тое, што збоі ў працы амэрыканскай дзяржаўнай мэдычнай праграмы адбыліся з прычыны вірусаў, закладзеных у праграму беларускімі дзяржаўнымі распрацоўшчыкамі, мы папрасілі пракамэнтаваць ўладальніка парталу TUT. BY Юрыя Зісера.

Зісер: Загаловак публікацыі на папулярным у ЗША сайце тэлеканала NBC гучыць так: «ЗША афіцыйна паведамляюць пра адсутнасьць сьведчаньняў таго, што праграмнае забесьпячэньне Obamacare распрацоўвалася ў Беларусі». У нататцы згадваецца, што такое падазрэньне сапраўды разглядалася, аднак пасьля было зьнятае. У канцы тэксту адзначана, што супрацоўнікі амэрыканскай выведкі не хацелі пагалоскі з-за першапачатковых сумненьняў у дакладнасьці гэтых зьвестак. Шум быў узьняты на амэрыканскім сайце «Маяк свабоды» www. freebeacon. com, на працягу некалькіх дзён запар там паўтараліся адны і тыя ж недарэчныя, унутрана супярэчлівыя здагадкі, у якіх галоўныя аргумэнты — фотаздымкі Лукашэнкі з Пуціным, спасылкі на аўтарытарызм беларускага прэзыдэнта, на кантроль дзяржавы над «Белтэлекамам», на цалкам вытлумачальны вялікі трафік з ЗША ў Беларусь і назад, а таксама на дрэнныя адносіны паміж урадамі нашых краін.

Парк высокіх тэхналёгіяў (ПВТ) — адмысловая эканамічная зона з ільготным падаткова-прававым рэжымам.

Мэта ПВТ — стварэньне спрыяльных умоваў для распрацоўкі праграмнага забесьпячэньня і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналёгіяў.

Плошча ПВТ — 50 гектараў. Месьціцца на ўскрайку Менску.

Ідэя стварыць беларускі аналяг «Крэмніевай даліны» пачала абмяркоўвацца ў 2004 годзе. У 2005-м Аляксандар Лукашэнка падпісаў дэкрэт № 12 «Аб Парку высокіх тэхналёгіяў».

У верасьні 2012 году сумарны прыбытак ПВТ за ўвесь час дайшоў да мільярда даляраў.

ПВТ — адзін з найбуйнейшых ІТ-кластэраў у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе.

На 1 лістапада 2013 года году ў ПВТ было зарэгістравана 134 кампаніі.

Агульная колькасьць супрацоўнікаў — больш за 16 тыс. чалавек.

Афіцыйны сайт: http://www.park.by/

Дырэктар ПВТ — Валер Цапкала, які ў 1997–2002 быў амбасадарам Беларусі ў ЗША, а да гэтага 3 гады займаў пасаду намесьніка міністра замежных спраў.

У Назіральную раду сярод іншых уваходзяць:

  • памочнік прэзыдэнта Ўсевалад Янчэўскі
  • памочнік прэзыдэнта Кірыл Руды
  • намесьнік начальніка Апэратыўна-аналітычнага цэнтру, начальнік управы абароны інфармацыі Сяргей Капарыха
  • рэктар БДУІР Міхаіл Батура
  • дырэктар ПВТ Валер Цапкала

Іншыя факты пра ПВТ:

  • больш за 30% супрацоўнікаў — жанчыны
  • больш за 70% супрацоўнікаў маюць узрост да 28 гадоў
  • кліенты ПВТ — кампаніі з 50 краінаў сьвету
  • 87,4% прадукцыі ПВТ ідзе на экспарт: 39% пастаўляецца ў ЗША і Канаду, 48% — у краіны Эўропы, 12% — у Расею і СНД.

Паводле аналітычнай кампаніі Gartner, Беларусь уваходзіць у топ-30 краінаў у сфэры афшорнага праграмаваньня.
РС: Там была спасылка і на інтэрвію кіраўніка Парку высокіх тэхналёгіяў (ПВТ) Валерыя Цапкалы.

Зіссер: На жаль, у паведамленьнях амэрыканскіх праваабарончых сайтаў няма падрабязнасьцяў, якія дазваляюць зразумець, пра што канкрэтна гаворка. Пакуль што ў адсутнасьці доказаў і фактаў аргумэнтацыя зводзіцца да спасылкі на летняе інтэрвію Валерыя Цапкалы, у якім ён з гонарам паведаміў аб тым, што беларускія праграмы выкарыстоўваюцца ва ўсіх установах аховы здароўя ЗША. Незразумела, аднак, хто іх распрацоўшчык. У ПВТ каля 130 кампаній-рэзыдэнтаў. Кожны зь іх мае дзесяткі замоўшчыкаў па ўсім сьвеце. Больш за тое, фрагмэнты коду і нават цэлыя сэрвісы, распрацаваныя ў любой краіне, у тым ліку ў Беларусі, могуць выкарыстоўвацца ў другой і нават паўсюдна па ўсім сьвеце, уключаючы любыя сфэры. Паколькі канкрэтыкі няма, журналісты пачынаюць дадумваць. І ў якасьці «доказаў» зьяўляюцца фотаздымкі Лукашэнкі​з Пуціным і хвосткія прапагандысцкія штампы.

РС: А хто мог бы быць распрацоўшчыкам такой праграмы ў Беларусі?

Зіссер: У амэрыканскіх крыніцах распрацоўка прыпісваецца то прыватнай амэрыкана-беларускай кампаніі EPAM, то праграмістам, якія працуюць на беларускую дзяржаву, забываючы, што гэтыя варыянты ўзаемна выключаюць адзін аднаго. Ужо не кажучы пра тое, што ў EPAM офісы ў 12 краінах сьвету. Зрэшты, EPAM ўжо пракамэнтаваў, што гэта наогул не іх распрацоўка.

Я таксама ўпэўнены, што калі б вопытны дыплямат, былы намесьнік міністра замежных справаў і пасол у ЗША спадар Цапкала ведаў ці нават проста падазраваў пра існаваньне «закладак» у праграмным забесьпячэньні, ён бы ні пры якіх абставінах не заікаўся б аб такім праграмным забесьпячэньні ў сваіх інтэрвію.

Сьмешная ў якасьці «доказу» спасылка на вялікай трафік з ЗША ў Беларусь для краіны — найбуйнейшага імпарцёра трафіку, дзе звыш 90 % трафіку — замежны, а яго львіная доля — відэа з амэрыканскай кампаніі Youtube і — прабачце — парнаграфічных сайтаў, не кажучы ўжо пра папулярны сярод беларусаў электронны паштовы сэрвіс Gmail. com, у якім пошта як раз перасылаецца з ЗША ў ЗША празь Беларусь. А гэты факт у артыкулах разглядаўся як сьведчаньне перахопу «Белтэлекамам» дадзеных амэрыканскай сыстэмы аховы здароўя.

Таму я не бачу, што тут далей камэнтаваць, пакуль ЗША афіцыйна не апублікуюць канкрэтыку.

Але самае галоўнае — ва ўсіх тэкстах на гэтую тэму гаворыцца толькі аб самім факце наяўнасьці ўразьлівасьці, якой маглі б скарыстацца хакеры усяго сьвету, аднак адзначана, што няма зьвестак аб тым, што гэтай уразьлівасьцю нейкім чынам нешта скарыстаўся.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG