Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Мёрах замярзаюць дзьве тысячы чалавек: заніжаная тэмпэратура альбо адключанае ацяпленьне ў шэрагу жылых дамоў горада. Пра гэта Свабодзе паведаміў мясцовы жыхар Валер Валажонак.

Спадар Валажонак скардзіцца, што праз нядбайнасьць камунальнікаў ад холаду церпіць і ён сам, і іншыя людзі:

«У нас тут бяда: прыблізна дзьве тысячы чалавек засталіся без цяпла на тэрыторыі дзьвюх выбарчых акругаў, дзе я зараз зьбіраю подпісы на вылучэньне кандыдатам у дэпутаты абласнога савета. Ужо два тыдні людзі без цяпла, сьпяць апранутыя, батарэі ў дамах з цэнтральным ацяпленьнем палопалі. І трэцяя школа пакутуе, і шэраг шматпавярховых дамоў, і прыватныя.

Пакутуюць і дзеці, і пэнсыянэры. Уявіце: у жылых памяшканьнях мінусавая тэмпэратура. Каб сагрэцца, людзі паляць газавыя пліты, уключаюць калярыфэры, але вышэй за 16 градусаў тэмпэратура не падымаецца. Батарэі халодныя — руку замарозіш, яны грэюць толькі на паперах ва ўладаў. У мяне ў доме размарожаную батарэю інжынэр выразаў і выкінуў, рэгулятар цяпла таксама паламалі і выкінулі. А я жыву з бацькам-інвалідам, яму 76 гадоў і ён пры 20-градуснай тэмпэратуры мерзьне, а пры такой яму зусім сьмерць. І гэтак размарожаная кватэра ўжо тыдзень. А ў адказ на скаргі ўлады пагражаюць, што прыватныя дамы яны будуць адключаць ад цэнтральнага ацяпленьня. Гэткім чынам яны хочуць зьняць зь сябе вырашэньне праблемы.

А ў людзей гэтае цэнтральнае ацяпленьне было шмат гадоў, людзі не карысталіся печамі, яны ўжо разбурыліся ад часу. Калі іх запаліць, то распачнуцца пажары. Я штодня хаджу па кабінэтах: быў у мэра, у галоўнага інжынэра, але нічога не вырашаецца. І мой выпадак не адзіны.

У нас зараз праходзяць вайсковыя вучэньне „Мёры 2014“. Каб сагрэць вайскоўцаў, улады падключылі да ацяпленьня гарадзкую спартовую залю, якая раней не ацяплялася, і разьмясьцілі там вайскоўцаў. Нагрузка на сыстэму ацяпленьня сталася такой магутнай, што ў выніку яна перастала працаваць у жылых дамах. Каб сагрэць вайскоўцаў, яны ахвяравалі людзьмі. Людзі ўжо даведзеныя да адчаю такімі паводзінамі ўладаў».

Галоўны інжынэр ЖКГ Мёрскага раёну Аляксандр Каратаеў у сваю чаргу паведаміў Свабодзе:

«Размарожаныя батарэі ў прыватным доме, і Валажонак зьвярнуўся да нас тады, калі батарэі ў ягоным доме ўжо лопнулі. Гэта прыватны сэктар, а ў астатніх дамах і ў шматпавярховых ужо грэецца».

Карэспандэнтка: «А ня грэлася чаму? Здарылася аварыя?»

«Не, не аварыя. Ну, ня грэла таму што...працуем. Там... рознае — мы працуем над гэтым. Што я магу патлумачыць дакладна, і гэта адна з прычын, чаму скаргі пайшлі: уся зіма была плюсавая, а ў нас кацёл выпрацоўвае пэўную нагрузку. Ён працаваў і ў кватэрах было 25 градусаў і больш. А нарматыў — 18 градусаў і калі стала менш, каля 18–19 стала — пачалі скардзіцца. Не ва ўсіх кватэрах, як яны там скардзяцца, што, нібыта 13-15 градусаў. Ёсьць асобныя кватэры, дзе 15 градусаў. Мы над гэтым працуем, шматкватэрны дом ужо зрабілі. Нам і абласное упраўленьне даводзіць графік работы кацельнай, мы працавалі па графіку — падавалі тэмпэратуру ў залежнасьці ад тэмпэратуры паветра. Зараз памянялі помпы на дамах. Горад павялічваецца, шматпавярховікі збудавалі — гэта таксама павялічыла нагрузку. А прыватны сэктар, ён... Іх калісьці падключалі да цэнтральнага ацяпленьня, але гэта ня значыць, што яны павінныя з намі ўвесь час працаваць. У нас у горадзе праведзены газ і людзей папярэджвалі, што з часам прыватны сэктар будзе адключаны ад цэнтральнага ацяпленьня, бо з прыватным сэктарам працаваць нявыгадна. Гэта значыць, што людзі мусяць ацяпляць дамы самі. Некаторыя ўжо ўсталявалі газавае абсталяваньне і самастойна ацяпляюць свае дамы».

Карэспандэнтка: «І ўсё ж, на сёньняшні дзень ці ёсьць ў горадзе дамы-кватэры, дзе нізкая тэмпэратура?»

«Мы гэтую сытуацыю вырашылі».
XS
SM
MD
LG