Лінкі ўнівэрсальнага доступу

EPAM адмаўляе свой удзел у распрацоўцы Obamacare


Рэзыдэнт беларускага Парка высокіх тэхналёгіяў кампанія EPAM са штаб-кватэрай у ЗША афіцыйна абвясьціла, што ня мае аніякага дачыненьня да распрацоўкі праграмнага забесьпячэньня праграмы аховы здароўя адміністрацыі Барака Абамы.

«Любыя іншыя сьцьвярджэньні зьяўляюцца лжывымі», — паведамляецца ў прэс-рэлізе кампаніі.

Інфармацыю пра тое, што праграмісты зь Беларусі ўдзельнічалі ў распрацоўцы забесьпячэньня і заклалі ў яго шкодны код, зьявілася на 3 лютага на сайце freebeacon.com. Аўтары сьцьвярджаюць, што амэрыканскія спэцслужбы праінфармавалі адміністрацыю Барака Абамы пра ўразьлівасьць сыстэмы да кібэратак у тым выпадку, калі ў яе распрацоўцы прымалі ўдзел беларускія праграмісты зь дзяржаўнай структуры.

Падставай для занепакоенасьці спэцслужбаў стала інтэрвію кіраўніка Парка высокіх тэхналёгій (ПВТ) Валера Цапкалы радыёстанцыі «Голас Расеі». Ён заявіў, што ПВТ мае замову ад ўрада ЗША, якая зьвязаная з рэформай аховы здароўя.

Сайт HealthCare.gov выкарыстоўваецца для пошуку і пакупкі мэдычнай страхоўкі. Ён запушчаны 1 кастрычніка 2013 году ў межах рэформы аховы здароўя, ініцыяванай Абамай, якая атрымала назву Obamacare. Вядома, што сайт перастаў працаваць ужо ў першы дзень, бо ня даў рады колькасьці запытаў.

EPAM — вядучая амэрыканская кампанія па распрацоўцы праграмнага забесьпячэньня, якая мае офісы ў 16 краінах сьвету. У чэрвені 2013 Форбс паставіў EPAM на шостае месца сярод кампаніяў, якія разьвіваюцца найбольш інтэнсыўна.

Заснавальнікам EPAM зьяўляецца беларускі бізнэсмэн Аркадзь Добкін.
XS
SM
MD
LG