Лінкі ўнівэрсальнага доступу

200 пісьменьнікаў з усяго сьвету крытыкуюць Расею


Адкрыты ліст пісьменьнікаў апублікаваны 6 лютага ў брытанскай газэце The Guardian.

Больш за 200 пісьменьнікаў з усяго сьвету раскрытыкавалі расійскія законы, якія, на іх думку, абмяжоўваюць свабоду самавыяўленьня.

У адкрытым лісьце ў брытанскай газэце Guardian аўтары назвалі пагрозлівымі нядаўна прынятыя зьмены ў заканадаўства, якія датычацца абразы рэлігіі і «прапаганды нетрадыцыйных сэксуальных адносін» сярод непаўналетніх, а таксама вяртаньне крымінальнай адказнасьці за паклёп.

«Здаровая дэмакратыя павінна чуць незалежныя галасы ўсіх грамадзян»,— адзначаюць аўтары звароту.

«Мы заклікаем улады Расеі адмяніць гэтыя законы, якія абмяжоўваюць свабоду слова. Расея павінна выконваць міжнародныя канвэнцыі: паважаць свабоду перакананьняў і іх выказваньня, свабоду веравызнаньня, уключаючы права ня верыць, павінна заняцца стварэньнем асяродзьдзя, у якім усе грамадзяне змогуць карыстацца пладамі свабоднага выказваньня свайго меркаваньня», — гаворыцца ў лісьце.

Свае подпісы пад адкрытым лістом паставілі больш за 200 пісьменьнікаў з 30 краін сьвету, у тым ліку трое ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі па літаратуры. Свае подпісы пад лістом паставілі і расейскія літаратары.

Сярод тых, хто паставіў свае подпісы,— Архан Памук, Салман Рушдзі, Маргарэт Этвуд.

Адкрыты ліст зьяўляецца часткай ініцыятывы Міжнароднага ПЭН-клюба мэта якой — прыцягнуць увагу «да драконаўскага абмежаваньня свабоды слова», прынятага ўладамі Расеі за апошнія 1,5 года.
XS
SM
MD
LG