Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цыганская грамада абараняе маці, у якой хочуць адабраць дзяцей


Любоў Макарава

Любоў Макарава

Цыганская грамада імкнецца абараніць шматдзетную маці-цыганку зь вёскі Прыбар Гомельскага раёну Любоў Макараву, у якой улады хочуць адабраць дваіх меншых дзяцей-школьнікаў. У абарону выступілі і некаторыя грамадзкія актывісты абласнога цэнтру.

Саракагадовая Любоў Макарава ня ведае, у які бок ёй кінуцца і хто ва ўладзе можа рэальна разабрацца і дапамагчы ёй:

Макарава: «Прыехалі з райвыканкаму забраць дзяцей у мяне. Не сказалі нічога, папярэджаньня не было. Не паклікалі мяне ў райвыканкам, а самі прыехалі на маршрутцы. Я спытала: „За што?“ А яны адказваюць, што ў іхняй паперчыне напісана, што я „неўмяняемая“, ці як там. Яны так сказалі. Мяне палічылі — так у той паперчыне — што я ненармальная, ці што там».

Любоў нарадзіла сямёх дзяцей. Пяцёра зь іх ужо дарослыя, павыходзілі замуж альбо пажаніліся:

«Двое засталіся, а тыя — замужам. Двое ходзяць у школу: дзяўчынка — у чацьвёртым, сын — у другім».

Жыцьцё ў Любові Васільеўны склалася няпроста. Сама яна, як і многія іншыя цыганскія дзеці, колькі гадоў наведвала школу, але ня скончыла нават і пачатковых клясаў. Падрасла — выйшла замуж. Хаціна, у якой жыла сям’я, згарэла. Шэсьць гадоў таму Люба разышлася са сваім грамадзянскім мужам і жыве цяпер зь меншымі дзецьмі ў хаціне сваёй старой маці. Працавала часова ў лясьніцтве. Цяпер — дома. З даходаў — толькі невялікая пэнсія маці. Адпаведныя і ўмовы жыцьця — і ў дзяцей, і ў дарослых:

«Няма дроў — няма. Што тут хаваць, у доме холадна. Сяк-так імкнёмся апальваць. Імкнёмся штосьці прыдбаць паесьці».

Міліцыя ня раз затрымлівала Любу зь дзецьмі ў горадзе, калі тыя прапускалі школу й жабравалі. У Прыбарскім сельскім савеце апавялі, што працэдуру адлучэньня дзяцей у цыганскай маці распачала мясцовая школа, бо тыя прапускалі заняткі. А заключэньне, што Макарава ня можа выхоўваць дзяцей, зрабіў абласны клінічны псыханэўралягічны шпіталь. На гэтай падставе райвыканкам і прыняў 27 студзеня рашэньне: забраць у Макаравай другаклясьніка Рому і чацьвёртаклясьніцу Раду.

Намесьніца начальніка Гомельскага раённага аддзелу адукацыі Алена Якіменка кажа, што яны мусяць выканаць рашэньне выканаўчага камітэту:
Мы ў дадзенай сытуацыі дзейнічаем у інтарэсах дзяцей

«Мы ў дадзенай сытуацыі дзейнічаем у інтарэсах дзяцей. Калі ёсьць мэдычнае заключэньне, што яна ня можа выконваць бацькоўскія абавязкі — а такі дакумэнт ёсьць, — то мы й павінны дзейнічаць у інтарэсах дзяцей. Ёсьць рашэньне райвыканкаму на падставе гэтых дакумэнтаў. Мы павінны надаць дзецям адпаведны статус і накіраваць іх у інтэрнат».

Камісія райвыканкаму з удзелам прадстаўнікоў аддзелу адукацыі, сацыяльнай службы, інспэкцыі па справах непаўналетніх ужо двойчы прыяжджала ў Прыбар, каб забраць дваіх меншых дзяцей у Любові Макаравай. Аднак мясцовыя цыганы не далі гэта зрабіць. Так, Люба малапісьменная, бывае, жабруе зь дзецьмі, але ж ніхто ў Прыбары не дае веры заключэньню псыхіятрычнага шпіталя, што яна не пры сваім розуме.

Жыхарка Прыбара: «Яна пры сваім розуме, але яна непісьменная. У яе спыталі: колькі месяцаў мае год? Чалавек, які не наведваў школу, на такое пытаньне, вядома, не адкажа. Яна пяць гадоў хадзіла ў першую клясу, пераходзіла ў другую і потым зноў вярталася ў першую — ды так яе й ня скончыла. Таму яе „неўмяняемасьць“ — спрэчнае пытаньне. Гэта зрабілі, бо ў яе адбіраюць дзяцей. Якое б у Любы матэрыяльнае становішча ні было, але яна дзяцей сваіх несла у школу на плячах, каб ня зьмерзьлі».
Якое б у Любы матэрыяльнае становішча ні было, але яна дзяцей сваіх несла у школу на плячах, каб ня зьмерзьлі

Сама Люба ўжо ня хоча ніякай дапамогі ад раённых уладаў:

«Я не хачу ўжо іхняй дапамогі. Проста хачу, каб не чапалі маіх дзяцей. Не хачу! Мае дзеці мне даражэй за ўсё на белым сьвеце. Ні грошай іхніх не хачу — анічога. Проста каб яны пакінулі мяне й маіх дзяцей у спакоі. Вось што я патрабую. Няхай мне дадуць які папраўчы тэрмін. Я выпраўлю ўсё — даю слова. Даю Боскае слова, што спраўлюся. Маіх дзяцей так напалохалі, што школу кінулі. Не пайшлі ў школу, бо баяцца. Напалоханыя такія».

Гомельская грамадзкая актывістка Марыя Багдановіч, якая вывучае становішча цыганоў у рэгіёне і ня раз абараняла іхнія правы, лічыць, што гомельскія ўлады ў выпадку з Макаравай дэманструюць бюракратычны падыход да праблемнай цыганскай сям’і:

«Улады ў дадзеным выпадку дэманструюць казённа-бюракратычны падыход. Дзецям заўсёды лепей са сваёй роднай маці, калі гэтая маці клапатлівая, калі яна іх любіць. Калі ж яны апынуцца ў інтэрнаце, то гэта будзе для іх яшчэ большай траўмай, чым калі яны пасядзяць у халоднай хаце. Тым больш ня трэба забываць, што гэтая сям’я — цыганскамоўная. Родная мова для іх — цыганская. А я ня ведаю ніводнага пэдагога на сёньняшні дзень, які гэтай мовай валодае».

Грамадзкая актывістка перакананая, што чыноўнікам няблага было б дапамагчы сям’і Любові Макаравай з рамонтам жытла, набыцьцём дроў — праз дабрачынныя фонды, бізнэсоўцаў, калі гэта ня ў стане зрабіць раённы выканаўчы камітэт. Зрэшты, над дзецьмі могуць узяць апякунства шматлікія сваякі, якія жывуць у Прыбары й пасёлку Піянэр. А гомельскія чыноўнікі толькі бяздушна дзейнічаюць, спасылаючыся на прэзыдэнцкі дэкрэт № 18.

Багдановіч: «Васямнаццаты дэкрэт на сёньня — гэта сродак тэрору ў дачыненьні да цыганскай беднаты. Нядобрасумленныя службовыя асобы злоўжываюць уладай і чапляюцца да бедных сем’яў».
XS
SM
MD
LG