Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвешчаны конкурс «Эксьлібрыс» імя Аляксандра Ўласава


Аляксандар Уласаў

Аляксандар Уласаў

Саюз беларускіх пісьменьнікаў абвясьціў прыём твораў на конкурс маладых пісьменьнікаў «Эксьлібрыс» імя Аляксандра Ўласава.

Аляксандар Уласаў — публіцыст, першы рэдактар газэты «Наша Ніва», 140-годзьдзе з дня нараджэньня якога адзначаецца сёлета.

Конкурс прысьвечаны нон-фікшн. Партнэры конкурсу — кампанія «Prestigio», газэта «Наша Ніва», грамадзка-культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі».

Да ўдзелу запрашаюцца аўтары ва ўзросьце да 40 гадоў.

Паводле ўмоваў, на конкурс прымаюцца творы ў наступных жанрах: эсэ (літаратуразнаўчае, сацыякультурнае, гістарычнае, краязнаўчае, этнаграфічнае), нарыс, публіцыстычны (аналітычны) артыкул, літаратурны агляд, рэцэнзія і інш.

Мова твораў — беларуская або расейская, аб’ём тэксту — ня больш за 20 тысяч знакаў з прабеламі.

Тэмы конкурсу: «Асоба ў прасторы і часе», «Аўтар. Герой. Чытач», «Мая ідэнтычнасьць», «Пераадоленьне абмежаваньняў», «Суіснаваньне і супрацьстаяньне».

У межах гэтых агульных тэмаў могуць быць раскрытыя любыя вузейшыя і больш канкрэтныя тэмы. Назва твора можа быць любая.

У склад журы конкурсу ўваходзяць Сяргей Дубавец, Алесь Пашкевіч, Аляксандар Фядута, Ірына Шаўлякова і Вольга Шпарага.

Тэксты на конкурс можна дасылаць файламі ў фармаце .doc да 1 жніўня 2014 году на адрас sbp@lit-bel.org, пазначыўшы тэмай ліста «Конкурс». У лісьце павінны быць пазначаны імя, прозьвішча, дата нараджэньня ўдзельніка, кантактны нумар тэлефона і e-mail.

Пяць пераможцаў конкурсу атрымаюць найлепшыя рыдэры ў лінейцы кампаніі «Prestigio» — MultiReader Supreme 5664, а іхнія творы будуць зьмешчаныя ў электронных бібліятэках ebooks.prestigioplaza.com і e-kniga.by.

Аднаго з удзельнікаў чакае спэцыяльны прыз ад газэты «Наша Ніва». Асобныя тэксты будуць апублікаваныя ў «Нашай Ніве», «Літаратурнай Беларусі» і «Дзеяслове».
XS
SM
MD
LG