Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Магілёўскі бомж чакае сьмерці і спадзяецца на сустрэчу з сынам


Відэасюжэт на сайце Свабоды пра жыцьцё ў бэтоннай трубе 75-гадовага магілёўскага бадзягі выклікаў палкую дыскусію ў інтэрнэт-супольнасьці. У шматлікіх камэнтарах бамжу Юрыю Іванавічу спагадаюць, некаторыя прапануюць варыянты, як яму дапамагчы. Гучаць і папрокі на адрас журналістаў, якія паведамілі пра жыцьцё старога і тым самым спрычыніліся да таго, што бяздомнага пазбавілі жытла ў цеплатрасе.

Нягледзячы на спагадлівыя водгукі, адведваць Юрыя Іванавіча, акрамя журналіста і валянтэркі адной з дабрачынных арганізацыяў Магілёва, якая носіць яму ежу, больш ніхто не прыходзіць. Чытачы таксама не пытаюцца, як знайсьці жытло старога. А той жыве ў бэтоннай трубе вадасьцёку непадалёк ад чыгуначнай станцыі Магілёў-2.

Пераначаваўшы, бадзяга на слабых нагах ідзе ў сталоўку, што паблізу. Пра перажытыя ў бэтоннай трубе лютыя маразы стары апавядае гэтак:

«Там холадна, дужа холадна. Рукі мерзнуць, ногі мерзнуць. Там такі скразьняк дзьме. То з аднаго боку дзьме, то з другога — нават твар апякае. Вось халаднеча якая. Гэта не жыцьцё — гэта кашмар. У мяне Валерка быў, знаёмец, дык ён у падвале спаў — памёр. Дык яго пацукі аб’елі ўсяго».

У Юрыя Іванавіча няма беларускага грамадзянства. Гады два таму лёсам старога ўжо цікавіліся адпаведныя органы, але жыцьцё ягонае не зьмянілася да лепшага. Бадзяга не хавае свайго статусу ў Беларусі і прызнаецца, што ў свой час яму казалі, што рабіць, каб стаць грамадзянінам Беларусі — але ён таго не зрабіў.

«Пашпарт у мяне адабралі. І я цяпер бяз пашпарту, без прапіскі. У мяне няма грамадзянства. Я нават ня ведаю, што рабіць, куды дзявацца. Ні пэнсіі, ні дакумэнтаў — нічога няма. Як-небудзь ужо здохну. У дом састарэлых таксама ж патрэбна грамадзянства, а яго ў мяне няма».

Карэспандэнт: «Мне казалі, што вас могуць дэпартаваць у Расею?»

«Ага, так, могуць. Мяне папярэджвалі. Завязуць мяне туды, на мяжу, дый высадзяць».

Ці рэальная пагроза дэпартацыі старога? Наўрад ці. Па ўсім відаць, што лёс Юрыя Іванавіча, які бадзяецца па сьвеце больш за дваццаць гадоў, мала каго цяпер цікавіць. Ён, напэўна, і памёр бы, як згаданы ім жа ягоны прыяцель Валерка. Аднак напярэдадні навагодзьдзя Юры Іванавіч стаў адным з герояў сюжэту на Свабодзе. Бяскрыўдны рэпартаж пра тое, як сьвяткуюць Новы год і Каляды, прывёў да таго, што стары пазбавіўся жытла ў цеплатрасе. Яго адтуль выгналі, а нішу, у якой жыў, заварылі жалезнымі трубамі. Адшукаць старога ўдалося ў вадасьцёку.
Мяне папярэджвалі. Завязуць мяне туды, на мяжу, дый высадзяць

Юры Іванавіч не вінаваціць журналістаў, бо, кажа, і раней, бязь іх, яго ўжо зь «цёплага жытла» высялялі. Стары чакае сьмерці і спадзяецца, што да яго прыйдзе сын. Апошні раз бадзяга бачыў яго летась у сакавіку.

«І больш я яго ня бачыў. Трэба сабрацца неяк і наведацца да яго. Высьветліць, што зь ім. Чаго яго не відаць. Толькі да яго трэба ў аўтобусе ехаць ды стаяць. А мае ногі не даюць мне стаяць. Вось у чым справа», — кажа Юры Іванавіч.

25 гадоў таму Юры Іванавіч прыехаў у Магілёў з расейскай Пермі да сына. Як сталася, што ён зрабіўся бамжом, апавядае блытана. Дзе жыве сын у Магілёве, стары кажа, што ведае, аднак па тым адрасе, які ён называе, ягоныя родзічы не пражываюць.

Валянтэрка, якая носіць дзеду ежу, убачыўшы, як ён вылазіць са свайго «бэтоннага дому», расплакалася. Крыху супакоіўшыся, выказалася:

«Напэўна, ім падабаецца быць у гэтым сваім сьвеце. Незалежнымі, каб іх ніхто не кантраляваў. Яны ўжо прызвычаіліся ў гэтым жыць. Тут ён сам сабе гаспадар. Захацеў — папіў, захацеў — паеў. У кожнага чалавека, відаць, свой лёс. Але я не магу на гэта ўсё глядзець. Няўжо ў сына няма сэрца, каб бацька гэтак туляўся?»

Пошукі сына працягваюцца, бо ён, відаць, адзіны, хто можа дапамагчы свайму бацьку.

Яшчэ адно пытаньне, якое не пакідае ў спакоі — ці варта пісаць пра бамжоў, калі ўлада рэагуе на публікацыі такім чынам?
XS
SM
MD
LG