Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сьвіней у вёсцы так ня кормяць»,— гэтак фанат БАТЭ апісаў харчаваньне ў Барысаўскім ізалятары, дзе ён адбыў 5 сутак за акцыю салідарнасьці з Украінай.

Адзін з фанатаў БАТЭ, якога асудзілі на пяць сутак за фотаакцыю ў падтрымку Ўкраіны, з дапамогай адваката падаў пратэст на рашэньне суду.

Ён распавёў Радыё Свабода акалічнасьці свайго затрыманьня.

«Недзе каля 16.00 пазванілі ў сераду (29 студзеня — РС), сказалі — прыйдзіце на размову. Я прыйшоў да 17.15, а ў 18.30 на мяне ўжо складалі пратакол.

Пачыналася ўсё зь «мілай» размовы — якія кніжкі я чытаю, якія фільмы люблю глядзець. А скончылася — «ты там быў». Але я не адмаўляю.

Я там быў, я пазначыў сябе на гэтым фота. Толькі за што артыкул «незаконнае пікетаваньне»? Я гэтага не разумею. Але я па-любому ведаў, што да ранку буду там сядзець. А вось што пяць сутак дадуць, я нават ня думаў.

Яны (міліцыя. — РС) нікога ня ведалі з тых, хто на фота. Сказалі, што калі я назаву, то яны мяне адпусьцяць. Але я не назваў. Як яны на мяне выйшлі, я ня ведаю.

І я не разумею, за што пяць сутак? Я прапаноўваў на судзе выплаціць штраф. Прычым, як я разумею, штраф — гэта больш сур’ёзнае пакараньне. Але мне адмовілі: сказалі — пяць сутак, і ўсё на гэтым.

У міліцыі ўсё нармальна было, ніхто ня крыўдзіў, нармальна даставілі ў суд. А вось у камэры вельмі холадна. Там матрас, коўдра, падушка — але бялізны няма і ўсё вельмі бруднае. А кормяць... Сьвіней у вёсцы так ня кормяць. Нейкія кашы незразумелыя, катлеты невядома з чаго зробленыя... Усё халоднае... Я там нічога ня еў. Батон і чай — гэта ўвесь мой рацыён за гэтыя дні.

«Адразу пасадзілі ў камэру, дзе ўжо сядзела шэсьць чалавек. Зь іх трое чакалі адпраўкі на ЛТП, а іншыя сядзелі за дробны крадзеж. У другой камэры я быў трэцім, а іншыя чакалі этапу на Жодзіна.

Там 23 чалавекі. Яшчэ аднаго хлопца пасадзілі на пяць сутак. Ён распавядаў, што яму пазванілі дахаты і таксама папрасілі прыйсьці. Але ён сказаў, што бяз позвы ня пойдзе. Дык праз 10 хвілін прыехаў нарад і забралі яго. Сёньня а дзясятай ранку яго выпусьцілі. Мы нават адну ноч у адной камэры сядзелі. Нібыта камусьці яшчэ званілі, але я шчыра ня ведаю.

Хтосьці даў міліцыі каманду гэта зрабіць. Не на сваё ж жаданьне яны гэта зрабілі. Фота зьявілася ў нядзелю, а мяне паклікалі ў сераду. Але яны сказалі, што ўсіх пасадзяць».

Хлопцу каля 20 гадоў. За БАТЭ заўзее ўжо пяць гадоў. Кажа, што сваю думку пра ўкраінскія падзеі будзе трымаць пры сабе. Але калі фатаграфаваліся, то плякат «Украіна, трымайся!» ён бачыў. А вось само фота пабачыў ужо ў інтэрнэце. Як рабілася фота і хто на ім, хлопец адмаўляецца распавядаць.

Суд, які меўся разгледзець ягоны пратэст, адбыўся ўчора, але рашэньня хлопец яшчэ ня ведае. Яно павінна прыйсьці поштаю. «Хай зь мяне здымуць гэтую судзімасьць. Я лічу, што рашэньне суду было няправільным», — кажа ён.

27 студзеня ў сеціве зьявіўся здымак, на якім 23 фанаты дзесяціразовага чэмпіёна краіны па футболе — барысаўскага БАТЭ — сфатаграфаваліся зь бел-чырвона-белым сьцягам і плякатамі «Трымайся, Украіна, мы з вамі!» і «Героям слава!»

Пазьней грамадзкі актывіст Сяржук Салаш паведаміў, што на ўсіх 23-х барысаўскіх удзельнікаў акцыі салідарнасьці з украінскім Эўрамайданам падрыхтаваныя судовыя пастановы на розныя адміністрацыйныя тэрміны.

Прэсавая служба УУС Менскага аблвыканкаму пацьвердзіла Свабодзе, што двух фанатаў Барысаўскага БАТЭ пакаралі за акцыю салідарнасьці з украінскім народам, іншых — шукаюць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG