Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску зьявіцца помнік Манюшку і Дуніну-Марцінкевічу


Станіслаў Манюшка

Станіслаў Манюшка

Менскі гарвыканкам падтрымаў ініцыятыву ўсталяваць у горадзе помнік кампазытару Станіславу Манюшку.

«Прынцыпова падтрымліваючы дадзеную прапанову, паведамляем, што праектам „Рэканструкцыя, рэстаўрацыя забудовы гістарычнага цэнтра горада Менска. Першая чарга — частка Верхняга горада ў межах ракі Сьвіслач, вуліцы Інтэрнацыянальнай, вуліцы Багдановіча“ прадугледжаная ўстаноўка помніка Станіславу Манюшку на плошчы Свабоды», — гаворыцца ў афіцыйным адказе за подпісам начальніка галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі Менгарвыканкаму Сяргея Хільмана.

Менская гарадзкая мастацка-экспэртная Рада па манумэнтальным і манумэнтальна-дэкаратыўным мастацтве ўхваліла макет помніка «Станіслаў Манюшка і Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч», — паведамляе Інтэрфакс са спасылкай на гарвыканкам.

У ліпені мінулага году на сайце change.org пачаўся збор подпісаў пад зваротам да старшыні Менскага гарвыканкаму Мікалая Ладуцькі з прапановай паставіць помнік у цэнтры Менску да 200-годзьдзя Станіслава Манюшкі.

«Мы перакананыя, што 200-годзьдзе нашага вялікага земляка, сусьветна вядомага кампазытара Станіслава Манюшкі павінна быць адзначана цэлым шэрагам юбілейных захадаў, у тым ліку ўстаноўкай годнага помніка. Найлепшым месцам для помніка, на думку большасьці экспэртаў, зьяўляецца сквэр на плошчы Свабоды ў Менску, тварам да гатэля „Эўропа“. У сярэдзіне 19-га стагодзьдзя на месцы гасьцініцы „Эўропа“ знаходзіўся Менскі гарадзкі тэатар, дзе і адбылася прэм’ера „Ідыліі“. Акрамя таго, у непасрэднай блізкасьці да гэтага месца знаходзяцца іншыя памятныя мясьціны жыцьця і творчасьці Станіслава Манюшкі», — пішуць аўтары звароту да Ладуцькі.

У звароце Манюшку называюць найбольш вядомым у сьвеце менчуком 19 стагодзьдзя.

Вялікі беларускі і польскі кампазытар Станіслаў Манюшка (1819–1872) нарадзіўся ў фальварку Убель (цяпер Чэрвеньскі раён), вучыўся ў менскай клясычнай мужчынскай гімназіі, наведваў музычную школу пры менскім гарадзкім аркестры пад кіраўніцтвам Дамініка Стэфановіча, ставіў на менскай сцэне свае першыя музычныя камэдыі.

Для беларускай культуры асаблівае значэньне мае ягонае супрацоўніцтва зь Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам, плёнам якога сталіся 4 камічныя опэры, у тым ліку знакамітая «Ідылія» («Сялянка»), прэм’ера якой адбылася ў Менску ў 1852 годзе. У гэтым спэктаклі ўпершыню пасьля доўгага перапынку прагучала са сцэны беларуская мова.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG