Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьцейскую крэпасьць бароняць ад Мінкульту. У судзе


Сябра Беларускага таварыства аховы помнікаў судзіцца зь Мінкультам.

Часам толькі праз суд можна дамагчыся адказу ад чыноўнікаў. Гэта паказаў унікальны судовы працэс, як пачаўся ў Менску.

Пазоў у суд Цэнтральнага раёну Менску падаў сябра Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, жыхар Берасьця Дзяніс Турчаняк. Адказчык — Міністэрства культуры.

Актывіст просіць суд адмяніць рашэньне Міністэрства культуры, якім дадзены дазвол на будаўніцтва аўтамабільнага моста праз водны канал вакол Берасьцейскай крэпасьці ў месцы Кобрынскага ўмацаваньня.

Паводле Дзяніса Турчаняка, гістарычныя зьвесткі сьведчаць, што даўнейшы мост быў у іншым месцы. Будаўніцтва моста зьмяняе аблічча мэмарыялу. Акрамя таго, на тэрыторыі помнікаў гісторыі, культуры і архітэктуры найвышэйшай катэгорыі, да якой належыць Берасьцейская крэпасьць, новабудоўлі забароненыя. Рашэньне Мінкульту не было ўзгодненае з адмыслоўцамі Навукова-мэтадычнай рады.

Як паведаміў у судзе Дзяніс Турчаняк, з нагоды гэтага будаўніцтва Сьледчы камітэт у Берасьці распачаў крымінальную справу. Заяву ў Генэральную пракуратуру напісаў і старшыня Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч.

Прадстаўніца Міністэрства культуры, намесьніца старшыні ўпраўленьня па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Аксана Сматрэнка, у сваю чаргу, заявіла ў судзе, што яшчэ ў 2010 годзе Навукова-мэтадычная рада ўхваліла канцэпцыю разьвіцьця мэмарыяльнага комплексу «Берасьцейская крэпасьць», а рэканструкцыю паасобных элемэнтаў Мінкульт мае права не ўзгадняць. Месца ж, у якім будуецца мост, паводле спадарыні Сматрэнкі, не зьяўляецца помнікам найвышэйшай катэгорыі, хоць і знаходзіцца на ягонай тэрыторыі.

Як паведаміў Свабодзе Дзяніс Турчаняк, ён задаволены пачаткам судовага працэсу, бо адзінай магчымасьцю для грамадзянаў задаць чыноўнікам пытаньні і атрымаць адказы застаўся суд.

Ён перакананы, што судовы разбор павінен змусіць дзяржаўных чыноўнікаў больш адказна ставіцца да рашэньняў, якія яны прымаюць.

Старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч, які ў судзе выступае як прадстаўнік Дзяніса Турчаняка, паведаміў, што гэта першы прэцэдэнт у сучаснай Беларусі, калі грамадзянін прыцягвае да суду міністэрства, каб абараніць гісторыка-культурную спадчыну краіны. Паводле Антона Астаповіча, гэта першы крок у справе пераходу ад лёзунгаў і дэклярацыяў у справе абароны нацыянальных каштоўнасьцяў да практычных захадаў. Ён таксама падкрэсьліў, што Дзяніс Турчаняк мае патрэбу ў юрыдычнай і фінансавай дапамозе, бо ўсе судовыя і юрыдычныя выдаткі нясе самастойна. У гэтай сувязі Антон Астаповіч заклікаў неабыякавых людзей падтрымаць актывіста, каб супольна бараніць нацыянальную спадчыну.

У судовым працэсе абвешчаны перапынак да 25 лютага.
XS
SM
MD
LG