Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэрыя Прагі ня хоча бачыць Януковіча


Віктар Януковіч
Віктар Януковіч

Сталіца Чэхіі Прага адмовілася ўдзельнічаць у арганізацыі візыту прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча. Так вырашыла мэрыя горада.

Як заявіў мэр сталіцы Томаш Гудэчак, няма ніякіх падставаў, каб Прага прымала ўдзел у сустрэчы ўкраінскага прэзыдэнта. Да таго ж, адзначыў мэр Прагі, «абсурдна, каб прэзыдэнт Януковіч прызямліўся на аэрадроме, які носіць імя Вацлава Гаўла».

Паводле яго слоў, калі прэзыдэнт Украіны прыбудзе ў горад, гарадзкая ўлада ня будзе арганізоўваць ніякіх захадаў, звычайных у выпадку візытаў кіраўнікоў дзяржаў, у прыватнасьці, не запросіць Януковіча на традыцыйны прыём у ратушу.

Мэр Прагі таксама дадаў, што чэская сталіца перадасьць у якасьці дапамогі пацярпелым украінскім дэманстрантам, параненым у сутыкненьнях ва Ўкраіне, 500 тысяч чэскіх крон.

Грошы перададуць ва Ўкраіну праз гуманітарную арганізацыю «Чалавек у бядзе». Гэтая арганізацыя тыдзень таму сама вырашыла надаць такую ж суму «ахвярам гвалту, мэтанакіраваных перасьледаў падчас пратэстаў, у выпадку неабходнасьці таксама іх сем’ям» ва Ўкраіне.

На мінулым тыдні з заклікам наогул адмяніць візыт прэзыдэнта Віктара Януковіча ў Чэхію зьвярнуўся да прэзыдэнта краіны Мілаша Зэмана шэраг чэскіх грамадзкіх дзеячаў, паэтаў, кінарэжысэраў, сьпевакоў, спартсмэнаў, кіраўнікоў адміністрацый гарадоў і абласьцей.

Прэзыдэнт Чэхіі запрасіў калегу з Украіны прыбыць з візытам у адказ на свой візыт ва Ўкраіну ў мінулым годзе. Чакаецца, што Януковіч прыбудзе ў Прагу ў красавіку і ў ходзе візыту таксама прыме ўдзел у міні-саміце праграмы Эўрапейскага зьвязу саюза «Ўсходняе партнэрства» з удзелам дзесяці кіраўнікоў дзяржаў-удзельніц ініцыятывы.

Прэзыдэнт Чэхіі Мілаш Зэман наведаў Украіну ў кастрычніку мінулага года, напярэдадні лістападаўскага саміту «Ўсходняга партнэрства » ў Вільні. Адной з тэм візыту была падтрымка эўрапейскай інтэграцыі Ўкраіны.

Але на віленскім саміце Ўкраіна адмовілася ад плянаванага падпісаньня пагадненьня аб асацыяцыі з Эўразьвязам, заявіўшы, што адкладае сваіх эўраінтэграцыйныя пляны праз ускладненыя ў сувязі з гэтым адносіны з Расеяй. Гэта прывяло да ўспышкі масавых пратэстаў ва Ўкраіне, якія ўзьніклі як акцыі ў падтрымку эўраінтэграцыі і працягваюцца да гэтага часу, ужо як выступленьні супраць улады Януковіча.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG