Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігару Паснову не ўдалося спагнаць 3 тысячы эўра з райвыканкаму


Ігар Пасноў у судзе

Ігар Пасноў у судзе

Кастрычніцкі суд Віцебску не задаволіў скаргу лекара на забарону пікету-рэквіему супраць міліцэйскага гвалту.

Судзьдзя Алена Папкова вырашыла, што Кастрычніцкая раённая адміністрацыя мела рацыю, забараніўшы акцыю Ігара Паснова, якую ен зьбіраўся правесьці летась у сьнежні. Аднак сам віцебскі лекар-«праўдаруб» лічыць, што раённыя ўлады нанесьлі яму асабістую абразу, ня даўшы правесьці аднаасобны жалобны пікет:

«Я прасіў дазволу, каб згадаць ахвяраў міліцэйскага гвалту, у тым ліку маіх знаёмых, адзін зь якіх быў забіты міліцыянтамі, якія перавысілі свае паўнамоцтвы. Я лічу, што гэта вялікая дзяржаўная праблема, калі ў міліцыі працуюць жорсткія людзі, таму і зьбіраўся правесьці пікет пад лёзунгам „Ачысьцім міліцыю ад асобаў, схільных да гвалту і садызму“. Забаранілі акцыю на той падставе, што я ня выканаў патрабаваньні, згаданыя ў рашэньні гарвыканкаму наконт арганізацыі масавых акцый — не заключыў дамовы на абслугоўваньне пікету зь міліцыяй, хуткай дапамогай і работнікамі камунальных службаў. Лічу, што ў дадзеным выпадку гэтыя патрабаваньні неабгрунтаваныя: сьмецьце пасьля сябе я здатны прыбраць і сам, калі яно будзе, выклікаць у выпадку неабходнасьці хуткую дапамогу таксама магу. А што да міліцыі, дык я знарок запрашаў усіх супрацоўнікаў абмеркаваць гэтую праблему».

Ігар Пасноў напісаў у судовай скарзе, складзенай з дапамогай праваабаронцы Пятра Іванова, што хоча спагнаць з чыноўнікаў тры тысячы эўра за маральную шкоду. У выпадку перамогі ён абяцаў перадаць гэтыя грошы дзіцячаму дому. Аднак у судзе прадстаўнікоў Кастрычніцкай адміністрацыі не было: судзьдзя зачытала афіцыйную паперу з просьбай разгледзець справу ў адсутнасьць чыноўнікаў, якія спаслаліся на службовую занятасьць. Дадатковае хадайніцтва, каб усё ж выклікаць чыноўнікаў у суд, таксама не было задаволена.

Судзьдзя Алена Папкова спрабавала забараніць праваабаронцам і мясцовым актывістам прысутнічаць на працэсе. Яна распачала суд на 5 хвілін раней за абвешчаны тэрмін і ахвотных, якія прыйшлі на працэс за пару мінут да вызначанага часу, у залю не пусьціла. Давялося зьвяртацца да старшыні суду і паказваць на гадзіньнік у калідоры, каб усё ж трапіць на суд.

Спадар Пасноў, незадаволены несправядлівасьцю з боку судзьдзі Алены Папковай, заявіў ёй адвод:

«Адразу стала зразумела, што судзьдзя не зацікаўленая ў аб’ектыўным разборы справы. Што яна нават ня хоча, каб працэс бачылі іншыя людзі. Але адвод прыняты ня быў, і Алена Папкова працягвала разгляд справы. Урэшце яна пастанавіла, што мае прэтэнзіі да дзяржаўных чыноўнікаў неабгрунтаваныя. А я мяркую, што такімі вось забаронамі на пікеты ды іншыя акцыі чыноўнікі штурхаюць грамадзянаў да нейкіх несанкцыянаваных дзеяньняў. Дык няхай тады ня дзівяцца, калі ў нас будзе свой „майдан“, бо нашы грамадзяне таксама хочуць карыстацца сваімі правамі на сходы, на публічнае выказваньне сваіх меркаваньняў. А ім замінаюць гэта рабіць».

Незадаволены вынікам, Ігар Пасноў зьбіраецца аспрэчваць рашэньне райсуду ў абласным судзе. І ў вышэйшых інстанцыях, калі гэта спатрэбіцца.

Ігар Пасноў (справа) і праваабаронца Пётар Іваноў

Ігар Пасноў (справа) і праваабаронца Пётар Іваноў

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG