Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Шалік, бірулька і кепка Жалнова трапілі пад падазрэньне


Алег Жалноў

Алег Жалноў

12 гадзін, ад 8.00 да 20.00, трымалі ў будынку ўпраўленьня ўнутраных спраў Бабруйскага гарвыканкаму вядомага блогера Алега Жалнова.

Пасьля вызваленьня ён распавёў карэспандэнту Свабоды, што прыйшоў на прыём да выканаўцы абавязкаў начальніка Сьледчага камітэту Бабруйску. Блогер хацеў удакладніць, дзе знаходзяцца матэрыялы праверкі па рэчах, якія былі раней канфіскаваныя зь яго кватэры:

«Аднак на ўваходзе супрацоўнік міліцыі запатрабаваў, каб я здаў свае рэчы. Я лічу, што гэта зьдзек. Каб паказаць абсурднасьць гэтага, на пытаньне апэратыўнага дзяжурнага, ці маю я зброю, я сказаў, што маю. Ён прапанаваў мне здаць. Я аддаў шарыкавую ручку. Ён кажа, што гэта ня зброя. Потым я здаў, як „зброю“, шалік, кепку, а бірульку аўтамабільнай сыгналізацыі як „выбуховае рэчыва“. Ён запісаў гэтыя рэчы ў журнал і даў ключ ад сэйфа. Я паклаў свае рэчы і падняўся да сьледчага.

Праз хвілін дзесяць прыйшоў маёр і сказаў, што паступіла заява, і прапанаваў мне пайсьці зь ім. Паспрабаваў мяне абшукаць і сказаў, што мне скажуць усё пазьней. А я ня мог зразумець у чым справа. Калі мы прыйшлі ў яго кабінэт, я ўбачыў праз вакно, што на вуліцы зьбіраюцца супрацоўнікі, якія працуюць у гэтым будынку. І як я потым зразумеў, паступіла несапраўднае паведамленьне пра рыхтаваны выбух. І таму ўсе супрацоўнікі пакідаюць будынак.

Потым на мяне надзелі кайданкі і вывелі на вуліцу. Мяне запіхнулі ў міліцэйскую машыну, дзе я прасядзеў каля гадзіны. Чамусьці прыяжджала пажарная, „разьмінаваньне“ і „хуткая“. Потым мяне завялі ў пакой дзяжурнай службы і правялі асабісты вобшук. Разьдзелі дагала, пры гэтым падчас ператрусу заходзіла прыбіральшчыца. У мяне забралі рэмень, шнуркі і павялі да сьледчага. Толькі там я даведаўся, што зьяўляюся падазраваным па артыкуле, які тычыцца заведама непраўдзівага паведамленьня пра рыхтаваны выбух».

Алег Жалноў дамогся, каб да яго прыехаў адвакат, які патлумачыў, што складу злачынства ў дзеяньнях блогера няма.

«Я не паведамляў ні пра які рыхтаваны выбух і не зьбіраўся гэтага рабіць», — адзначыў Жалноў.

Яго трымалі ў будынку пастарунку, пакуль ішло апытаньне супрацоўнікаў апэратыўна-дзяжурнай службы і пакуль зрабілі запіс зь відэакамэры ў фае. Потым Жалнову далі пастанову, у якой гаворыцца, што адсутнічаюць падставы для далейшага ўтрыманьня пад вартай. Рэчы Жалнову вярнулі толькі часткова. Не аддалі электронныя носьбіты інфармацыі, таксама рэчы, якія былі здадзены ў ячэйку (шалік, бірульку і кепку) забрала група па разьмінаваньні.
XS
SM
MD
LG