Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анколяг: «Няўжо нашы маці, сёстры, дзеці ня вартыя таго, каб пайсьці на невялікія затраты?»


Павал Маісееў

Павал Маісееў

4 лютага — Усясьветны дзень барацьбы з анкалягічнымі захворваньнямі.

Усясьветная арганізацыя аховы здароўя ў адмысловым дакладзе да гэтага дня папярэджвае пра новую хвалю анкахваробаў. У сьвеце штогод на рак захворваюць 14 мільёнаў чалавек, а ў бліжэйшыя 20 гадоў гэтая лічба вырасьце да 22 мільёнаў на год. І Беларусь, што да росту анкалягічных хваробаў, не выключэньне.

У Беларусі на ўліку ў анкалягічных дыспансэрах стаіць больш за 250 тысяч чалавек, гэта звыш 2,5% насельніцтва краіны. За 10 гадоў захворвальнасьць на рак у краіне вырасла на 28%. Сьмяротнасьць за той жа час зьнізілася на 8% — дзякуючы раньняй дыягностыцы. Але з-за росту колькасьці выпадкаў раку павялічыцца і сьмяротнасьць, прагназуе намесьнік дырэктара Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі Віктар Кахнюк:

«Анкалягічныя хваробы страшныя тым, што ў дынаміцы адбываецца павелічэньне захворвальнасьці. Калі казаць у абсалютных лічбах, гэта павелічэньне на 1 тысячу штогод. І лячэньне не заўсёды эфэктыўнае — з-за позьняй дыягностыкі. У структуры сьмяротнасьці анкалягічныя хваробы будуць перамяшчацца: з 13–15% павелічэньне да 25%. То бок кожны чацьвёрты...»

У жанчын на першым месцы стаіць рак скуры (мэлянома), на другім — рак малочнай залозы, затым ідуць рак кішэчніка і анказахворваньні рэпрадукцыйных органаў. У мужчын лідзіруе рак лёгкага, на другім месцы — мэлянома, далей ідуць рак прастаты, страўніка, тоўстай кішкі.

Цяпер у Беларусі распачатыя 4 скрынінгавыя праграмы: скрынінг раку малочнай залозы, скрынінг раку прастаты, скрынінг раку шыйкі маткі і скрынінг раку тоўстай кішкі, распавёў загадчык аддзяленьня проціракавай барацьбы Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі Павал Маісееў. А перад гэтым у Салігорску, Маладэчне і Першамайскім раёне Менску завяршыўся двухгадовы пілётны праект скрынінгу раку прастаты ў мужчын, які ахапіў больш за 21 тысячу чалавек:
Калі суседка сказала: „Я схадзіла, і ты схадзі“, — гэта будзе ў 10 разоў эфэктыўней, чым лекар скажа 10 разоў, што трэба пайсьці

«Што тычыцца скрынінгу, гэта сапраўды самы пэрспэктыўны шлях. Ёсьць такі выраз: сарафаннае радыё. Дык вось гэтае сарафаннае радыё, па выніках дасьледаваньняў, — самы эфэктыўны сродак прыцягваць людзей да гэтай праграмы. Там, дзе праводзіцца скрынінг, калі суседка сказала: „Я схадзіла, і ты схадзі“, — гэта будзе ў 10 разоў эфэктыўней, чым лекар скажа 10 разоў, што трэба пайсьці».

Статыстыка сьведчыць, што калі хвароба выяўляецца на раньняй стадыі, то яна даволі пасьпяхова лечыцца. Наколькі лёгка ў Беларусі зрабіць раньнюю дыягностыку? Гамяльчук Пётар Кузьняцоў, жывучы ў зоне павышанай рызыкі пасьля Чарнобылю, вырашыў разам з усёй сям’ёй прайсьці дасьледаваньне, каб проста быць спакойным, што ўсё добра:

Пётар Кузьняцоў

Пётар Кузьняцоў

«Калі я зьвярнуўся ў наш анкалягічны дыспансэр, то атрымаў такі адказ: „Калі ў вас няма ніякіх сымптомаў, то ніхто вас абсьледаваць ня будзе“. А справа ў тым, што сымптомы зьяўляюцца ўжо на трэцяй-чацьвёртай стадыі, калі хвароба ўжо амаль ня лечыцца. То бок атрымліваецца такая сытуацыя, што прэвэнтыўнай працы на выяўленьне ў нас не вядзецца, і дасьледаваньне правесьці амаль нерэальна. Адзінае, што мне параілі — гэта зрабіць можна самастойна, платна, але кожны орган паасобку дасьледаваць. І сказалі, што гэта зойме ня менш за месяц і каштаваць для сям’і будзе шмат мільёнаў».

Але і лекары, і нават самі анкапацыенты перакананыя, што калі справа тычыцца такой падступнай хваробы, як рак, і спакою блізкіх, варта ахвяраваць пэўнай сумай. Меркаваньне анколяга Паўла Маісеева:

«Ні ў кога не ўзьнікае пытаньня: чаму, да прыкладу, хатніх жывёлаў абсьледуюць за грошы? Дык няўжо чальцы нашай сям’і, маці, сёстры, дзеці ня вартыя таго, каб пайсьці на невялікія затраты? Пры ўсёй маёй павазе і любові да жывёлаў, мы да свайго здароўя і да здароўя блізкіх ставімся значна горш».

Анкапацыентка з 20-гадовым стажам Ірына Жыхар кажа, што, можна, вядома, чакаць паўгода чаргі на УЗІ, але яна гэтага ня робіць:

Ірына Жыхар

Ірына Жыхар

«Я гэта раблю кожны год за ўласныя грошы, нягледзячы на тое, што мне належыцца. У мяне ёсьць стандарт, і я раю ўсім раз на год зрабіць УЗІ шчытападобнай залозы, малочнай залозы, органаў брушной поласьці і малога тазу. Біяхімію і агульны аналіз крыві мы ўсе можам зрабіць у паліклініцы бясплатна. Яшчэ агляд гінэколяга і рэнтген. За ўсё гэта я заплаціла летась каля 600 тысяч».

Калі хвароба выяўлена на раньняй стадыі, тысячы людзей вылечваюцца ад раку. Але далёка ня ўсе гатовыя адкрыцца, што перамаглі рак — у грамадзтве дагэтуль існуюць стэрэатыпы і фобіі, кажа Ірына Жыхар. Яна ініцыявала стварэньне сеткі групаў узаемадзеяньня і псыхалягічнай падтрымкі анкапацыентаў, у якой актыўны ўдзел бяруць мэдыкі, псыхолягі, сацыяльныя працаўнікі:

«Калі я пачала займацца праблемай, я ніколі не магла сабе ўявіць, што ў ХХІ стагодзьдзі жывуць людзі, якія перакананыя, што рак перадаецца паветрана-кропельным шляхам. Але калі мы сутыкаемся з жанчынамі, якія, даведаўшыся пра свой дыягназ, вяртаюцца дадому, а мужы ім выстаўляюць чамаданы з рэчамі, таму што яны ня будуць жыць з такой жонкай, таму што яны, маўляў, заразяцца ракам, становіцца ўжо ня сьмешна. Гэта трагедыя».

За тры гады створана ўжо 9 такіх груп падтрымкі ў Менску, Рэчыцы, Гомелі, Клічаве, Смаргоні, Бабруйску ды іншых гарадах. Асабліва важную ролю такія групы адыгрываюць у невялікіх гарадах, кажа ініцыятарка стварэньня такой групы падтрымкі ў Смаргоні Ірына Фрэнкель, якая сама перамагла рак — яе пасьпяхова праапэравалі 18 гадоў таму. Бо ў раённых цэнтрах няма стацыянараў, дзе лечацца анкапацыенты, мясцовы лекар накіроўвае іх у вобласьць ці ў Бараўляны, а потым яны вяртаюцца да таго ж лекара:

Ірына Фрэнкель

Ірына Фрэнкель

«Прычым, калі яны вяртаюцца, ім патрэбны ня проста лекар, а псыхоляг. Таму мясцовы, раённы анколяг — гэта лекар у многіх абліччах павінен быць. А часу ў яго няма. І вось у нас у Смаргоні прайшоў праект па разьвіцьці сфэры паслуг сацыяльна-псыхалягічнай дапамогі анкапацыентам. Удзельнічалі псыхолягі тэрытарыяльнага цэнтру, знайшліся школьныя псыхолягі, якія гатовыя былі атрымаць навыкі па працы з анкахворымі. На выхадзе два псыхолягі і дзьве жанчыны-пацыенткі сталі сябрамі нашай арганізацыі».

У Беларусі цяпер працуе каля 500 лекараў-анколягаў. Іх не хапае, бо праца надзвычай напружаная. Часьцяком на 2–3 раёны працуе адзін лекар-анколяг. Анкапацыентка Натальля Сыравегіна, якая нядаўна перанесла апэрацыю, кажа:

Натальля Сыравегіна

Натальля Сыравегіна

«Часу ім не хапае на нас, часу. Нават проста паразмаўляць, патлумачыць, што адбываецца, якія могуць быць наступствы. Хірургічнае ўмяшаньне зрабілі як трэба. Хімію я прайшла, апраменьваньне — усё, што яны маглі, яны зрабілі. Яны займаліся толькі целам. Але яшчэ ёсьць і душа! Але гэта ўжо — не да іх. Таму што ў іх элемэнтарна няма часу, вельмі вялікая плынь хворых...»

Лекары-анколягі вельмі часта зазнаюць так званы «сындром эмацыйнага выгараньня», і ім самім часьцяком бывае патрэбная дапамога псыхолягаў, псыхатэрапэўтаў, кажа Ірына Жыхар. Бо часьцяком усю агрэсію пацыентаў, калі хвароба прагрэсіруе, прымаюць менавіта яны:

«Напэўна, яны прымаюць увесь выбух эмоцыяў, у першую чаргу, нэгатыўных эмоцыяў. Таму цяпер дыягназ кажуць „у твар“, ніхто не хавае яго. І вось гэта — прыняць на сябе — патрабуе пэўнай мужнасьці. Яшчэ тры гады таму я не магла ўявіць, што праблема тычыцца і іх: дапамагчы лекарам справіцца з тымі псыхалягічнымі стрэсамі, якія ўзьнікаюць у сувязі з той агрэсіяй пацыентаў, зь якой яны мусяць сутыкацца».

Але вельмі востра стаіць яшчэ праблема псыхалягічнай дапамогі і анкапацыентам, і лекарам. У Беларусі бракуе псыхолягаў, псыхатэрапэўтаў, якія маюць прафэсійныя навыкі працы з анкалягічнымі хворымі. Таму групы падтрымкі, грамадзкія арганізацыі, самі анкапацыенты часта мусяць шукаць псыхолягаў самастойна.

І лекары, і анкапацыенты цяпер у адзін голас кажуць: «Рак — гэта не прысуд», сьведчаньне чаму — і праект Радыё Свабода «Жыцьцё пасьля раку». Мэтай праекту было зьмяніць стэрэатыпы і расказаць пра людзей, якія перамаглі хваробу і лічаць, што гэтае выпрабаваньне зьмяніла і ўдасканаліла іхнае жыцьцё. Але перамагчы хваробу можна толькі разам, аб’яднаўшы намаганьні дзяржавы, лекараў, хворых, псыхолягаў, грамадзтва.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG