Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці ўдзельніка Плошчы-2010 судзіцца з гарадзенскім тэлебачаньнем


Ірына Салей
Ірына Салей

Ірына Салей падала пазоў на канал «Гродна плюс» за тое, што ў сюжэце пра затрыманьне міліцыянтамі гвалтаўніка быў паказаны плякат з фатаздымкам, імем і прозьвішчам ейнага сына Аляксея Салея. У кантэксьце гэта выглядала так, нібыта ён мае да гэтага непасрэднае дачыненьне.

Сёньня ў Ленінскім судзе Горадні адбылося апытаньне бакоў. Ірына Салей запатрабавала ад аўтараў сюжэту і ад тэлеканалу па 10 мільёнаў рублёў кампэнсацыі за маральныя страты і прыніжэньне яе гонару і годнасьці. Яна абураная дзеяньнямі каналу «Гродна плюс» і назвала сюжэт правакацыяй, празь якую ёй давялося страціць шмат здароўя. Ёй тэлефанавалі родныя, знаёмыя, яе распытвалі суседзі, а яна ня ведала, што адказаць.

Салей: «Паказваюць затрыманьне гвалтаўніка, які згвалціў дзяўчыну на вуліцы Паўлоўскага, і тут жа паказваюць на экране здымак майго сына, які насамрэч знаходзіцца ў вышуку, але з палітычных матываў. Ён сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў і быў на Плошчы 19 сьнежня. І ён да гэтага злачынства ня мае ніякага дачыненьня, бо зьехаў за мяжу».

Відэаапэратар Сяргей Печарыца і адказны выпускаючы Галіна Давыдзік, якая была аўтарам сюжэтаў, не прызналі, што дапусьцілі памылкі. Апэратар патлумачыў, што партрэт Аляксея Салея быў зьняты выпадкова, бо здымкі вяліся апэратыўна ў калідоры РАУС, дзе, акрамя дошкі «Іх шукае міліцыя», болей нічога не было, і ён, маўляў, сумленна гэта зьняў і нават ня ведаў, каго. А тое, што так змантавалі, маўляў, ня мае значэньня.

Давыдзік, якая адказвае і за мантаж сюжэту, патлумачыла, што ўзяла гэты здымак не ў сямейным альбоме, а на стэндзе ў міліцыі. І гэта, маўляў, не было памылкай: у падобных сюжэтах часта паказваюць дошку аб’яваў са злачынцамі, каб міліцыі лягчэй іх было шукаць.

Праўда, пасьля прагляду сюжэту ў судзе Давыдзік сказала, што разумее Ірыну Салей як маці, і заявіла, што канал можа перад ёю выбачыцца ў адной зь перадач і пракамэнтаваць сюжэт нанава.

Прадстаўнік тэлеканалу Вячаслаў Горбач, які таксама сьцьвярджаў, што супрацоўнікі каналу не дапусьцілі ніякіх памылак пры выпуску сюжэту, сказаў Салей, што да суду справа магла б не дайсьці, калі б пасьля выхаду ў эфір гэтага матэрыялу яна прыйшла ў рэдакцыю і распавяла пра тое, як яна
расхвалявалася.

Аляксей Салей
Аляксей Салей
Спадарыня Ірына цяпер кажа, што ёй стала шкада журналістаў і таму яна яшчэ будзе думаць: забраць пазоў ці ўсё ж пакінуць. Праваабаронца Ўладзімер Хільмановіч, які назіраў за падзеямі, выказаў сваё меркаваньне:

«Мне здаецца, што тут не было ніякага палітычнага падтэксту, але відавочны нізкі прафэсійны ўзровень журналістаў каналу „Гродна-плюс“ і іхняя неахайнасьць у працы».

Што да асобы Аляксея Салея і ягонага фота ў міліцыі, то спадарыня Ірына апавяла, што адразу пасьля Плошчы пачаліся ператрусы, у тым ліку і ў іхняй кватэры. Паводле яе, на сына хацелі завесьці крымінальную справу за нібыта незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць, але сьведак не знайшлося.

Тады заявілі, што ў ягоным кампутары выяўлены здымкі парнаграфічнага характару, узбудзілі крымінальную справу за распаўсюд парнаграфіі ды абвясьцілі Аляксея Салея ў вышук.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG