Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Літаратурны дэбют добрага пісьменьніка заўсёды цікава пачытаць, нягледзячы на ўзровень дэбюту.

Калі дэбют слабы ў параўнаньні з наступнымі творамі, нам цікава ўведаць, зь якога літаратурнага ўзроўню стартаваў наш аўтар і якія высновы ён зрабіў зь першай кніжкі для разьвіцьця свайго пісьменьніцкага ўмельства. Нават у слабым дэбюце выдатнага пісьменьніка, калі добра прыгледзецца, можна ўбачыць зародкі ягонай пазьнейшай велічы. Хрэстаматыйны прыклад гэткай сытуацыі — Джэймс Джойс са сваім дэбютным зборнікам апавяданьняў «Дублінцы» (раней за «Дублінцаў» Джойс выдаў зборнічак паэзіі, але мы яго тут ігнаруем). Калі б Джойс не напісаў «Партрэта маладога мастака» і «Ўліса», наўрад ці мы сёньня ведалі б што-колечы пра гэтага ірляндзкага пісьменьніка. А так — апрамененыя славай «Уліса» — «Дублінцы» ўвесь час перавыдаюцца і зьяўляюцца прадметам зацікаўленьня значна шырэйшага кола чытачоў, чым толькі прафэсары і студэнты англамоўнай літаратуры і філялёгіі.

Нярэдка аказваецца, што дэбют — самы цікавы і вартасны твор ва ўсёй пісьменьніцкай кар’еры. У такім выпадку кажуць, што аўтара хапіла толькі на першую кніжку. Як на мой густ, тыповым прыкладам гэткай сытуацыі зьяўляецца славуты раман Джозэфа Гэлера «Выкрут-22» з 1961 году. Пасьля гэтай выдатнай сатыры на вайну і вайсковае жыцьцё Гэлер напісаў шэраг іншых, наогул неблагіх раманаў, але ніводзін зь іх і не наблізіўся да ўзроўню ягонага дэбюту.

Сёньня мне хочацца напісаць пра знакамітыя празаічныя дэбюты пяці знакамітых пісьменьнікаў, якія свой ранг пацьвердзілі ўсёй пазьнейшай творчасьцю, а ня толькі першай кніжкай.

Robert Musil, «Die Verwirrungen des Zöglings Törleß», 1906.

Пра Робэрта Музіля (1880-1942) людзі чулі, калі наогул, хутчэй як пра аўтара няскончанага раману-эсэ «Чалавек без уласьцівасьцяў» (Der Mann ohne Eigenschaften). Але будзьма тут шчырымі — калі мы нешта і чулі пра гэты раман і яго значэньне для сусьветнай літаратуры, то ніхто з нас не прачытаў яго поўнасьцю. Проста ён занадта доўгі, хоць і ня скончаны, і занадта складаны, каб яго адолець дзеля чыстай чытацкай прыемнасьці, як, напрыклад, дэтэктывы Рэйманда Чандлера або Роса Макдоналда...

А вось раман «Хваляваньні выхаванца Цёрлеса» — у самы раз. Ён ня надта доўгі, і яго сюжэтная лінія даволі займальная; адначасова яго інтэлектуальная глыбіня ня меншая, чым «Чалавека без уласьцівасьцяў» (у кожным разе першы раман Музіля настолькі глыбокі, што ў яго і па сёньняшні дзень ныраюць плоймы літаратуразнаўцаў з усяго сьвету). Раман распавядае пра інтэлектуальна-эратычнае высьпяваньне (з садысцкай падбіўкай) маладога кадэта вайсковай школы дзесьці на ўскраіне Аўстра-Вугоршчыны. Кадэты Райцінг і Байнэбэрг схапілі свайго калегу Базіні на крадзяжы грошай і пачалі зьдзекавацца зь яго (ды пры нагодзе гвалціць) па начах на паддашшы школы, пагражаючы, што калі ён камусьці пісьне хоць слова пра гэтыя начныя практыкі, яны яго выдадуць як гнюснага злодзея. Да гэтага ўсяго прыглядаецца выхаванец кадэцкай школы Цёрлес, якога, з аднаго боку, адштурхоўвае садызм і вульгарнасьць Райцінга і Байнэбэрга, а з другога — неадольна прыцягвае Базіні і ягоная відавочная ахвота выконваць ролю ахвяры гвалту і прыніжэньня...

На гэтым, як думаю, мне варта спыніцца, каб не ператварыць мой «буктрэйлер» у «букспойлер». Калі вы яшчэ не прачыталі «Цёрлеса», дык паспрабуйце. Для мяне літаратурнае ХХ стагодзьдзе пачынаецца якраз з гэтага дэбютнага раману Робэрта Музіля.

Калісьці, на схіле 1980-х гадоў, я бачыў «Хваляваньні выхаванца Цёрлеса» ў сьпісе перакладаў, якія плянавала выдаць «Мастацкая літаратура» ў сваёй сэрыі «Скарбы сусьветнай літаратуры». Але потым час і выдавецкія пляны зьмяніліся, і гэты пераклад так і не зьявіўся. Вельмі шкада. Зь перакладамі мы ўсё яшчэ не дабраліся да ХХ стагодзьдзя, калі глядзець на літаратурны працэс у Беларусі без паблажак...

Louis-Ferdinand Céline, «Voyage au bout de la nuit », 1932.

Гэта найважнейшы францускі раман ХХ стагодзьдзя. Найважнейшы ў такім сэнсе, у якім «Уліс» Джойса — найважнейшы ангельскамоўны раман ХХ стагодзьдзя. Інакш кажучы, «Падарожжа на ўскрай ночы» Люі-Фэрдынанда Сэліна (1894-1961) — тая француская кніжка, якая зрабіла найбольшы ўплыў на францускіх пісьменьнікаў мінулага стагодзьдзя, хоць і ня ўсе былі ахвотныя прызнаць такое ўголас.

Усіх нас вучылі ў школе, што найважнейшыя францускія пісьменьнікі ХХ стагодзьдзя — гэта, прыкладам, Жан-Поль Сартр, Альбэр Камю, Андрэ Мальро — але калі вы прачытаеце гэты фэерычны дэбют Сэліна, дык зразумееце, што ў школе ўсіх нас падманвалі, і то даволі жорстка. Чаму нам у школе ня згадвалі пра Сэліна? А таму, што ён — адзін з найбольш лютых антысэмітаў, аўтар некалькіх зацята антысэміцкіх (і, на жаль, таленавітых) памфлетаў ды чалавек, які запляміў сябе калябарацыянізмам зь нямецкім акупантам падчас ІІ сусьветнай вайны. Яго за гэта судзілі і засудзілі пасьля вайны. Ды ўсё ж вялікая літаратура прабіваецца да чытача, нягледзячы ні на што. «Гэта нікчэмны тып, але вялікі пісьменьнік» — сказаў некалі пра Сэліна Мальро.

«Падарожжа на ўскрай ночы» — раман зь несумненна моцнай аўтабіяграфічнай асновай. Галоўны герой, Бардамю, як і Сэлін, бярэ ўдзел у І сусьветнай вайне, нейкі час працуе ў каляніяльнай Афрыцы, наведвае Амэрыку, а потым засноўвае лекарскую практыку ў адным зь бяднейшых кварталаў Парыжу. Калі Сартр і Камю сьцьвярджалі, што чалавечае існаваньне — абсурднае па вызначэньні, але можна яму надаць нейкі сэнс (напрыклад, бунтам супраць экзыстэнцыяльнага абсурду), то ў Сэліна ніякага такога суцяшэньня ня знойдзеце ні кроплі. Сэлін — не філёзаф, а пісьменьнік з прыроджаным нігілістычным поглядам на сьвет і чалавечую натуру, для якога няма нічога сьвятога. Увесь ягоны кашмарны сьвет толькі час ад часу асьвятляюць успышкі цынічнага гумару. Скажам шчыра — некаторыя старонкі ягонага дэбютнага раману немагчыма чытаць, не прыняўшы раней нейкі моцны сродак супраць ванітаў...

А стыль Сэліна... Пра яго літаратуразнаўцы, якія разьбіраюцца ў францускай мове, напісалі цэлую бібліятэку. Ягоны стыль — унікальны сплаў нізкага і высокага ў мове (францускага гарадзкога арго і слэнгу ды мату-перамату пачатку ХХ стагодзьдзя з самым рафінаваным літаратурным стылем ХІХ стагодзьдзя). Кажуць, што прыблізна 30% тэксту раману Сэліна — гэта ненарматыўная лексыка. Ня ведаю, ці такое ўвогуле магчыма перакруціць на беларускую мову...

Mervyn Peake, «Titus Groan», 1946.

Гэты ангельскі пісьменьнік, я адчуваю, малавядомы сярод ня толькі шырэйшай, але і вузейшай чытацкай публікі па-за Вялікабрытаніяй. Тым ня менш, ёсьць людзі, якія ведаюць ягоныя кнігі амаль на памяць і для якіх гэты пісьменьнік — культавая постаць. Нейкі час таму мне трапіў на вочы расейскамоўны сайт, прысьвечаны Мэрвіну Піку (1911-1968) і ягонай славутай трылёгіі пра насельнікаў замку Гормэнгаст (Gormenghast), першай часткай якой зьяўляецца «Тайтус Гроўн».

«Тайтус Гроўн» — гэта, насамрэч, чацьвёртая кніга Піка (раней ён выдаў ілюстраваныя ім тры кніжыцы абсурдных вершыкаў і гісторый для дзяцей), але што тычыцца Піка як пісьменьніка, якога помніць дарослая чытацкая публіка, дык гэты раман, я перакананы, можна спакойна лічыць ягоным сапраўдным дэбютам.

«Тайтус Гроўн» — адзін зь першых значных твораў жанру фэнтэзі ў сусьветнай літаратуры, які можна паставіць побач з «Хобітам» або «Ўладаром пярсьцёнкаў» Толкіна. Рэч толькі у тым, што калі ў Толкіна мы маем зусім фантастычны сьвет з выдуманымі істотамі, пачварамі, цудамі і дзівосамі, то фантастычны сьвет Піка, як у агульным пляне, так і ў сваіх дэталях, нагадвае нешта вядомае ў кожнай краіне, якая мела ў сваёй гісторыі пэрыяд сярэднявечча.

Агульная сытуацыя ў рамане такая: у семдзесят шостага па ліку графа на замку Гормэнгаст нараджаецца мужчынскі насьледнік, якраз згаданы ў загалоўку Тайтус. Калі раман заканчваецца, Тайтусу спаўняецца ўсяго два гады, так што ў сюжэце ён адыгрывае толькі невялікую ролю. А на першых ролях выступаюць там насельнікі замку, паны і слугі, для якіх час даўно спыніўся, і яны жывуць, дакладна паўтараючы жэсты і выконваючы рытуалы сваіх папярэднікаў, хоць ніхто ўжо ня помніць ні сэнсу, ні значэньня тых жэстаў і рытуалаў... Раман — спэцыфічна ангельскі, са спэцыфічна ангельскім гумарам і дыкенсаўскай любоўю да вымалёўваньня ўсялякіх дзівакоў, злыдняў і сэксуальна незадаволеных дзеваў... З сэксам, я тут, можа, перабаршчыў, але няхай застаецца — на затраўку...

Яшчэ раз выкажу перакладчыцкае шкадаваньне. Вось жа знаходзяцца ў беларускай прасторы перакладчыкі і перакладчыцы, якім чамусьці хочацца марнаваць свае маладыя гады на пераклад дзядулі Дыкенса і (джызус-крайст!) занафталіненай прабабулі Остэн, а вось пра Мэрвіна Піка яны і ведаць ня хочуць... А Мэрвін Пік — гэта ж «Дыкенс сягоньня», калі можна так выказацца...

Truman Capote, «Other Voices, Other Rooms», 1948.

«Іншыя галасы, іншыя пакоі» — шэдэўр, якіх ня так і шмат у амэрыканскай літаратуры, калі шэдэўрамі лічыць толькі тое, што дацягвае ўзроўнем да «Гоману і ятры» Ўільяма Фолкнэра або «Разьвітаньня са зброяй» Эрнэста Хэмінгуэя. Гэта кніжны дэбют Трумэна Капотэ, але тады, калі ён пісаў гэтую кніжку, ён ужо быў вядомы ў літаратурных колах ЗША як аўтар знакамітых апавяданьняў, апублікаваных у літаратурнай пэрыёдыцы. Таму нічога дзіўнага, што правы на кінэматаграфічную адаптацыю раману Галівуд выкупіў задоўга да яго выхаду. А калі раман выйшаў у францускім перакладзе, група маладых парыскіх эстэтаў стварыла клюб прыхільнікаў таленту амэрыканскага пісьменьніка. Няблага, як для дэбютанта, га?

Да ўсяго да гэтага выхад кніжкі выклікаў немалы скандал у пурытанскай часткі амэрыканскай чытацкай публікі фатаграфіяй аўтара на задняй вокладцы. Неверагодна, але праўдзіва — здымак апранутага Капотэ падаўся амэрыканцам значна больш сэксуальна непрыстойным, чым усе разам узятыя фоткі pin-up girls, якія тады тыражаваліся ў чорна-белых і каляровых амэрыканскіх часопісах. Магчыма, справа там была ў гомасэксуалізьме Капотэ, пра які шмат хто ведаў ужо тады...



«Іншыя галасы, іншыя пакоі», як і «Хваляваньні выхаванца Цёрлеса», можна аднесьці да «раманаў выхаваньня» (Bildungsroman). Яго героем зьяўляецца трынаццацігадовы Джоэл, які пасьля сьмерці маці пераяжджае з Новага Арлеану (Люізіяна) у задрыпаную мясьціну ў Місісіпі, дзе жыве ягоны бацька, якога ён ніколі ў жыцьці ня бачыў... Сапраўды не чыталі? Калі што, не прызнавайцеся...

Jo Nesbø, «Flaggermusmannen», 1997.

Калі кажуць, што для ўзьнікненьня вялікай нацыянальнай літаратуры спачатку трэба, каб нацыя прайшла праз этап вялікай імпэрыі, мне заўсёды прыходзіць на думку нарвэская літаратура, якую лічу адной з найцікавейшых у Эўропе. Якая з Нарвэгіі імпэрыя? От, пяцімільённы народ, які зацята ня хоча пазбывацца сваёй мужыцкай, зусім неімпэрскай спадчыны... А дэтэктывы Ю Нэсбю (нар. 1960) чытаюць ва ўсім сьвеце, у тым ліку ў даўніх і цяперашніх імпэрыях, як Вялікабрытанія, Францыя, Расея, ЗША...

«Чалавек-кажан» з 1997 году — першы раман з сэрыі дэтэктываў пра хітрамудрага нарвэскага сьледчага Гары Голе, алькаголіка, наркамана і выключна асацыяльнага тыпа, які зьяўляецца адзіным нацыянальным спэцыялістам па сэрыйных забойствах. У гэтым першым рамане Гары едзе ў Аўстралію, каб расьсьледаваць забойства маладой нарвэжкі... Сэкс, наркотыкі, абарыгены, кроў і віскі... І пагоня за забойцам, напрыклад, у тунэлях Сыднэйскага падводнага акварыюма...

Да сёньняшняга дня Нэсбю напісаў 10 раманаў пра Гары Голе... Ён — сусьветная знакамітасьць у жанры дэтэктыву. Штук сем зь ягоных дэтэктываў пра Гары Голе я ўжо адолеў. Ня ведаю, у чым палягае фэномэн скандынаўскай дэтэктыўнай літаратуры. Магчыма, што гэта і не літаратура наогул. Але калі ўжо вы возьмеце ў рукі такую кніжку і прачытаеце пяць-дзесяць старонак, ня веру, што ня схочаце дачытаць яе да канца...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG