Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Атрымаць лайк не складана — складана зрабіць рэальнае дзеяньне»


Паўлюк Быкоўскі

Паўлюк Быкоўскі

Як можна ацаніць ролю сацыяльных сетак у грамадзка-палітычным жыцьці Беларусі? Ці адыграюць яны функцыю арганізатара палітычных акцыяў? Чаму больш спрыяюць сацыяльныя сеткі — назапашваньню палітычнай актыўнасьці альбо выпусканьню пару незадаволенасьці? На гэтыя пытаньні адказвае мэдыя-экспэрт Паўлюк Быкоўкі.

— Падчас гарачых палітычных падзеяў у Паўночнай Афрыцы, Турэччыне, аглядальнікі зьвярталі шмат увагі на сацыяльныя сеткі, зьявіліся такія вызначэньні, як Твітэр-рэвалюцыя. Калі казаць пра беларускія рэаліі, ці адыграюць нейкі чыньнік сацыяльныя сеткі ў палітычных падзеях?

— На маю думку, значэньне сацыяльных сетак у «арабскай вясьне» моцна перабольшанае. Гэта проста яшчэ адзін спосаб камунікацыі, які далучыўся да тых традыцыйных, што там ужо былі — напрыклад, пятнічныя сустрэчы каля мячэці.

Калі казаць пра Беларусь, то гэта адносна новая зьява, і яна вельмі карысная для падтрыманьня «слабых» сувязяў. Для «моцных» сувязяў яе недастаткова, у рэальным жыцьці столькі чалавек трымаць у блізкім коле знаёмства немагчыма.

Як гэта працуе ў палітычным працэсе? Атрымаць лайк ці нейкі камэнтар на пэўную палітычную прапанову зусім не складана. Аднак значна больш складана зрабіць рэальнае дзеяньне, якое будзе каштаваць людзям часу і грошай.

— Але ж нібыта ёсьць такі прыклад — маўклівыя пратэсты летам 2011 году, якія арганізаваліся, асабліва на пачатковым этапе, выключна ў сацыяльных сетках...

— Палітычны флэш-моб, які быў арганізаваны летам 2011 году («Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі»), сапраўды значным чыньнікам меў канал камунікацыі праз сацыяльныя сеткі. Але гэта была ідэя, якая магла пашырацца ня толькі праз сацыяльныя сеткі, і яна выйшла на вуліцы ня толькі дзякуючы гэтаму каналу. Разам з тым, гэта не было палітычным дзеяньнем у прамым сэнсе, бо гэта не было змаганьнем за ўладу. І хаця паводле цяперашняга беларускага заканадаўства гэта ўжо трапляе пад «масавае мерапрыемства», тады людзі ня думалі, што яны нешта парушаюць. Зь іншага боку, яны не пераварочвалі рэжым, гэта не было рэвалюцыяй. Але такое выкарыстаньне сацыяльных сетак дало пэўны плён, асабліва калі глядзець з гледзішча апазыцыі.

— Увогуле існуе меркаваньне, што існаваньне сацыяльных сетак і апазыцыйных сайтаў патрэбна ўладам, каб «выпускаўся пар», каб не назапашвалася пратэстная энэргія. Маўляў, калі б улады зачынілі Інтэрнэт, гэта хутчэй бы вывела людзей на вуліцы.

— Я не прыхільнік такога меркаваньня. Ёсьць прыклад Казахстана, дзе забараняліся і Фэйсбук, і ЖЖ. Гэта ня стала нагодай для масавых пратэстаў — былі лякальныя пратэсты каля правайдэраў, але гэта не перарасло ў нешта большае. Але і ўлады вымушаныя былі пайсьці на пэўныя саступкі, асабліва падчас старшынства Казахстана ў АБСЭ.

Ня думаю, што ў Беларусі забарона сацыяльных сетак паўплывала б на большую мабілізацыю пратэстных масаў. Проста людзям было б больш складана камунікаваць і шукаць аднадумцаў.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG