Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бабруйску затрымалі блогера за «спробу падрыву» пастарунка

абноўлена

Алег Жалноў
Алег Жалноў

Вядомага бабруйскага блогера Алега Жалнова затрымалі ва ўпраўленьні ўнутраных спраў Баруйскага гарвыканкаму за «спробу дыстанцыйнага падрыву» гэтага будынка.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведаміў, што прычынай падазрэньняў стала бірулька з гукавым сыгналам, якая зазьвінела ў кішэні Жалнова.

Прыйсьці ў пастарунак блогера прымусіла крымінальная справа, якую завялі на яго сына Аляксея. На сёньня быў прызначаны допыт сына ў сьледчага, і Жалноў-старэйшы зьбіраўся здымаць яго на відэа.

Паводле праваабаронцаў, гэтая крымінальная справа — працяг гісторыі з канфліктам ля будынка ДАІ. У мінулым годзе адбылося некалькі судовых пасяджэньняў, у кватэры Жалновых сканфіскавалі тэхніку, якую дагэтуль не вярнулі. Блогера аштрафавалі за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі. Абскардзіць пастанову мясцовага суду ў абласным судзе Жалнову не ўдалося, а цяпер гісторыя займела крымінальны працяг.

Аляксея Жалнова абвінавачваюць паводле артыкула крымінальнага кодэксу «гвалт ці пагроза прымяненьня гвалту ў адносінах да супрацоўніка органаў унутраных спраў». Маўляў, падчас верасьнёвага канфлікту ля будынка ДАІ Аляксей Жалноў ударыў «даішніка» Аляксандра Бутоўскага па галаве.

Алег Жалноў настойвае, што ягоны сын не выкарыстоўваў фізычнай сілы супраць Бутоўскага.

«У сына ў адной руцэ была відэакамэра, за другую, пад локаць, яго вёў у аддзяленьне «даішнік». То бок ударыць Аляксей нават пры ўсім жаданьні ня мог, яго рукі былі занятыя. Але Бутоўскі сьцьвярджае, што ў яго было страсеньне мозгу і разьбітыя вусны. Супрацоўнікі ДАІ проста скарысталіся тым, што ўнутры будынка няма камэры назіраньня, і цяпер могуць казаць усё што заўгодна, — расказаў блогер бабруйскім праваабаронцам, пасьля таго як даведаўся пра заведзеную крымінальную справу.

«Гэтая „крыміналка“ — помста мне за ўсе відэаролікі, за гэтыя суды. Проста да мяне яны не змаглі дабрацца, вырашылі дзейнічаць праз сына», — дадаў Алег Жалноў.

4 верасьня мінулага года Алег Жалноў і яго сын выпадкова сталі сьведкамі парушэньня правілаў дарожнага руху супрацоўнікамі міліцыі — няправільнай паркоўкі на ходніку. Блогер зафіксаваў гэта на відэакамэру і адразу ж зьвярнуўся з заявай да супрацоўнікаў ДАІ, якія ў той час знаходзіліся побач.
У выніку тады міліцыянты затрымалі Жалнова і яго сына. На блогера склалі два адміністратыўныя пратаколы.

Жонка Алега Жалнова Яўгенія сказала карэспандэнту Свабоды, што прыйшла сёньня ў пастарунак на пачатку 16-й гадзіны.

«Спачатку мне сказалі, што мужа выпусьцяць праз хвілін 15. Потым я тэлефанавала адсюль і мне адказвалі: „Пачакайце“. Сына, казалі, што выпусьцяць праз паўтары гадзіны, а выпусьцілі празь дзьве з паловай гадзіны. Міліцыянты сказалі, што мужа апыталі і цяпер апытваюць супрацоўнікаў міліцыі, і потым будуць прымаць рашэньне „ў рамках закону“. Потым сказалі не хвалявацца, яшчэ пачакаць гадзіну».

Сын Аляксей апавёў, што павінен быў сустрэцца з бацькам а 9:30 каля юрыдычнай кансультацыі:

«Але ён не прыйшоў і не адказваў на мае тэлефанаваньні, ён быў недасягальны. На 11:30 у мяне была позва. Там быў допыт і вочная стаўка. Нічога паведаміць не магу, бо падпісаў паперу пра неразгалошваньне. А пра затрыманьне бацькі даведаўся, калі сам выйшаў з пастарунку».

Дзяжурны ўпраўленьня ўнутраных спраў Бабруйскага гарвыканкаму пацьвердзіў карэспандэнту Свабоды, што Алег Жалноў быў затрыманы. Аднак ён адмовіўся назваць прычыны затрыманьня:

«Не скажу, ён нібыта ўжо пайшоў. Я ня сьледчы і не магу вам сказаць. Мы яго не затрымлівалі, яго затрымлівала сьледзтва. Сьледчы камітэт нам не дае справаздачы. Гэта асобная структура, якая толькі арандуе ў нас будынак».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG