Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Косаве ўшанавалі Тадэвуша Касьцюшку


Некалькі дзясяткаў чалавек сабраліся на ўрачыстасьці да ўгодкаў нараджэньня Тадэвуша Касьцюшкі на яго радзіме ў Косаве на Берасьцейшчыне.

Ушанаваць змагара за свабоду прыехалі дыпляматы ЗША, Польшчы, Украіны, Швайцарыі, прадстаўнікі ўлады і дэмакратычнай грамадзкасьці.

На пачатку ўрачыстасьцяў да мэмарыяльнага каменя з выявай Тадэвуша Касьцюшкі ўсклалі кветкі. Івацэвіцкія чыноўнікі традыцыйна прывезьлі вянок з чырвона-зялёнымі стужкамі. Потым кветкі ўсклалі дыпляматы і прадстаўнікі грамадзкасьці. Берасьцейскія сацыял-дэмакраты і актывісты кампаніі «Гавары праўду» сфатаграфаваліся з сваімі сьцягамі.

Пасьля прысутныя накіраваліся ў сядзібу-музэй Тадэвуша Касьцюшкі, дзе ў часе экскурсіі прагледзелі дакумэнтальны фільм пра нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы і ЗША. Замежныя госьці прэзэнтавалі музэю свае падарункі, прадстаўнікі польскай фундацыі Касьцюшкі распавялі пра пляны адкрыць у Тэрэспалі помнік у гонар Канстытуцыі Рэчы Паспалітай. Палякі павезьлі да гэтага помніка зямлю з падмуркаў сядзібы Касьцюшкі.

Кіраўніца Берасьцейскай філіі прафсаюзу РЭП Зінаіда Міхнюк, прысутная на ўрачыстасьцях, выказала Свабодзе думку, што на радзіму Касьцюшкі павінна прыяжджаць больш беларусаў:

«Вельмі прыемна сёньня бачыць тут прадстаўнікоў міжнароднай грамадзкасьці. Але сорамна, што тут так мала беларусаў... Калі цяжка, то трэба вось тут пабываць, дзе быў такі чалавек, у якога, можа, перашкодаў было болей, чым у нас».

Жыхар Кобрына Аляксандар Мех кажа, што сьвята нараджэньня Тадэвуша Касьцюшкі павінна быць агульнанацыянальным і ў ім павінны браць шырэйшы ўдзел прадстаўнікі як апазыцыі, так і дзяржаўнай улады:

«Вельмі шкада, што ў гэтым сьвяце не бяруць удзелу палітычныя дзеячы зь Менску. А што да дзяржаўнага ўзроўню, гэтае сьвята павінны прадстаўляць афіцыйны кіраўнік Берасьцейскай вобласьці і хтосьці з афіцыйнага лукашэнкаўскага ўраду».
XS
SM
MD
LG