Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генадзь Суднік: Да мяне ставяцца з павагай – і гэтым я абавязаны мове


Генадзь Суднік (1943–2013)

Генадзь Суднік (1943–2013)

Радыё Свабода публікуе анкеты, у якіх нашы чытачы распавядаюць, як прыйшлі да беларускай мовы, і што яна значыць у іх жыцьці. Дасылайце вашы адказы: svaboda@rferl.org.

Анкета «Жывая мова»

1. Чаму і як вы пачалі гаварыць па-беларуску?
2. Дзе і як вы карыстаецеся мовай?
3. Як мова дапамагла вам ў працы, жыцьцёвых сытуацыях?
4. Якія цяжкасьці стварыла?
5. Што б вы параілі «Свабодзе»?



1. Я ў школе як сын афіцэра (было такое савецкае правіла) мову не вучыў. Аднак напрыканцы школы патрапіў (зноў жа па «афіцэрскай прычыне» ў Магілёў, у 10-ю клясу. Тут мы і засталіся сям'ёй, бо паходжаньнем бацькі зь Віцебшчыны і Меншчыны. Надумаў я паступіць у БДУ, на журфак. Завочна. А да таго часу ўжо працаваў малодшым літаратурным работнікам у «Магілёўскай праўдзе». А па калідорах рэдакцыі хадзілі і самым што ні на ёсьць натуральным чынам гаварылі па-беларуску Аляксей Пысін, Аркадзь Кандрусевіч, Васіль Матэвушаў, Марыя Карпенка, Іван Патапаў, Іван Дабранскі, Іван Аношкін... Эх, як і мне хацелася быць зь імі! А потым – праца ў Дзяржтэлерадыё БССР пры Генадзю Бураўкіну, у Магілёве, мова працы, зносінаў, дакумэнтаў і г.д. магла быць і была выключна беларускай. На вуліцы, у асяродзьдзі сяброў, дома, у грамадзкіх справах і мне мова сталася роднай ад часоў Зянона Пазьняка, грамадзкай дзейнасьці Васіля Быкава, уступленьня на самым пачатку ў прафэсійны грамадзкі цэх БАЖ.

2. Стараюся паўсюль. Аднак, калі дакладна знаю, што чалавек мовы нашай не разумее, саступаю... Характар наш такі, не?

3. Ды ўся прафэсійная кар'ера зьвязаная менавіта з больш старанным, аб'ёмным і поўным пасьціжэньнем нашай мовы. Нават тыя зь сяброў (школьных), хто «не протів твоего языка, а мне уже самому поздно, да і необходімості такой нет – посмотрі вокруг», да самога мяне ставяцца з павагай – і гэтым я таксама абавязаны мове.

4. Не было такога.

5. Так трымаць, сябры і калегі! Гэта мы тут жывімся вашай працай – тэмамі, думкамі, камэнтарамі. Але, калі мільгане якая больш-менш нештампаваная ідэя – падзелімся.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG