Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яўген Касцюкевіч: Адчуць смак мовы мне дапамаглі сацыяльныя сеткі


Аўтар Аляксандра Баярына
Аўтар Аляксандра Баярына

Радыё Свабода публікуе анкеты, у якіх нашы чытачы распавядаюць, як прыйшлі да беларускай мовы, і што яна значыць у іх жыцьці. Дасылайце вашы адказы: svaboda@rferl.org.

Анкета «Жывая мова»

1. Чаму і як вы пачалі гаварыць па-беларуску?
2. Дзе і як вы карыстаецеся мовай?
3. Як мова дапамагла вам ў працы, жыцьцёвых сытуацыях?
4. Якія цяжкасьці стварыла?
5. Што б вы параілі «Свабодзе»?



1. Пасьля плошчы 2010 я зразумеў, што ў маёй роднай краіне робіцца нешта страшнае і несправядлівае, таму больш нельга глядзець на гэта абыякава. Там і пачаўся мой фактычны шлях да мовы і беларушчыны (хаця за падзеямі выбараў я назіраў з Расеі, бо быў там на заробках). Уцяміўшы, што зьмяніць сытуацыю ў краіне можна толькі пачаўшы зь сябе, я вырашыў удасканаліць веданьне роднай мовы і знайсьці беларускамоўных сяброў. У гэтым мне дапамаглі сацыяльныя сеткі, дзе я знайшоў сяброў і кнігі (асабліва Караткевіч), у якіх я адчуў смак мовы! Спачатку я думаў размаўляць толькі зь беларускамоўнымі сябрамі, але потым, пакапаўшыся ў сабе, адкінуўшы сарамлівасьць і перадсуды, зразумеў, што менавіта беларуская мова – гэта мой сродак камунікацыі і гэта натуральна.

2. Паўсюль карыстаюся мовай – на запраўках і ў грамадзкім транспарце, у рэстарацыях і крамах. Зь незнаёмымі, сябрамі і бацькамі.

3. Самае галоўнае, што мова дапамагла знайсьці мне самога сябе, бо цяпер я ня той пануры, ціхі, незадаволены хлапчук; я стаў грамадзка актыўным, пазытыўна настроеным чалавекам, адкрытым для ўсяго новага. Толькі зразумеўшы хто я такі, свае карані, для мяне пачалося сапраўднае жыцьцё. Яшчэ адно важнейшае дасягненьне, якое мне дапамагла зьдзейсьніць мова – гэта знайсьці сваё каханьне, менавіта на вечарынах па вывучэньню беларускай мовы я і пазнаёміўся са сваёй каханай, зь якой мы хутка будзем граць вясельле ў нацыянальным стылі.

4. Ніякіх цяжкасьцей. Нават сустрэўшы на адпачынку ў Афрыцы украінцаў, мы зразумелі адны адных, размаўляючы на сваіх родных мовах, у выніку ў мяне ёсьць сябры ў Кіеве. Адзінае, што расіяне не заўсёды разумеюць беларускую, але, калі мне ад гэтага чалавека нешта трэба, можна і на расійскую перайсьці (урэшце, гэта ж ён – цемра, што не валодае мовай краіны, у якой жыве).

5. Зычу «Свабодзе» посьпехаў у працы! Мне ўсё ў вас падабаецца, паболей інтэрактыўных і творчых конкурсаў – гэта цікава!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG