Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арсень Ліс: На справу беларушчыны гляджу з аптымізмам


Арсень Ліс

Арсень Ліс

4 лютага споўнілася 80 гадоў выбітнаму беларускаму навукоўцу, пісьменьніку і літаратуразнаўцу Арсеню Лісу. Арсень Сяргеевіч у свой юбілей даў інтэрвію карэспандэнту Радыё Свабода.

«Лічу, што пашанцавала сёньня мне з надвор’ем — такі сонечны дзень! Гадзінкі паўтары я пахадзіў, палюбаваўся прыродай. Які прыгожы дзень, які прыгожы сьвет, які прыгожы край наш! Паглядзеў на гэтыя бярозы, якія стаяць у лёгкім ранішнім тумане. А якое сонца! Яно нясе надзею, што скора вясна. І што можна будзе дачакацца, як казалі нашы продкі, травы», — адказаў Арсень Ліс на віншаваньні з днём народзінаў і пажаданьні здароўя, творчых посьпехаў і асабістага шчасьця.

Жывучы ў Менску ў мікрараёне Вяснянка, юбіляр мае магчымасьць штодня бачыць прыроду: рэчку і добра дагледжаны лесапарк.

Размова з Арсенем Лісам зараджала аптымізмам.

Арсень Ліс напісаў шмат кніг пра выбітных дзеячаў беларускай культуры, ён вядомы як бліскучы ўкладальнік кніг па беларускай культуры, напісаў некалькі сцэнараў для дакумэнтальных фільмаў, якія сталі падзеямі беларускага дакумэнтальнага кіно. У 1986 годзе Арсень Ліс быў ушанаваны Дзяржаўнай прэміяй БССР за ўдзел у падрыхтоўцы і выданьні акадэмічнага збору беларускай народнай творчасьці. Ён працягвае сваю літаратурную і навуковую дзейнасьць. Якімі працамі адзначаны ягоны юбілей?

«У сэрыі „Кнігазбор“ выйшаў мой том „Выбранае“. Там новага, праўда, няшмат, але ўпершыню ідзе нарыс пра Аляксандра Цьвікевіча, нашага выдатнага навукоўца і палітыка. І яшчэ зьмясьціў там эсэ пра дзядоў майго дзяцінства — адметных вясковых людзей. Гэта як галасы майго дзяцінства, якія гадоў 10 таму неяк у мяне пачалі гучаць. Гэтыя галасы я запісаў — гэта ёсьць у маёй кнізе».

Арсень Ліс працягвае ўдзельнічаць і ў грамадзкім жыцьці Беларусі, ён адзін з актыўных сяброў Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына».

Адказаў спадар Ліс і на пытаньне пра тое, як ён ацэньвае сёньняшні стан і пэрспэктывы беларушчыны:
Збольшага мяне ўсё ж радуе моладзь. Справа зь беларушчынай не безнадзейная, хоць і не такая простая

«Збольшага мяне ўсё ж радуе моладзь. Справа зь беларушчынай не безнадзейная, хоць і не такая простая. Але ж глядзіце, мы столькі выдаём кніг! Вунь „Залатая калекцыя“ — гэта ўжо чатыры кнігі беларускай літаратуры, пачынаючы з 11 стагодзьдзя. Яны выйшлі ў асноўным намаганьнямі Інстытуту літаратуры, ужо, на жаль, былога, бо ён цяпер там у агульнай структуры. У бібліятэцы „Беларускі кнігазбор“, якую выпускае Кастусь Цьвірка, ужо больш за 60 кніг — а гэта ж стратэгічны напрамак, накіраваны ў нашу будучыню. Збольшага моладзь радуе. Часам паэта маладога прачытаеш, якога ніколі не чытаў, а ў яго і голас, і пазыцыя грамадзкая вельмі цьвярозая, рэальная, пэрспэктыўная. Вось нядаўна прачытаў вершы Зьмітрака Кузьменкі ў „Беларускім часе“ — такое радуе.

А вось што на вуліцы радзей чуваць беларускую мову, гэта непакоіць. У 90-я гады больш было чуваць. За 20 гадоў мы тут наперад, на жаль, ніяк не прасунуліся. Але я не лічу, што мы безнадзейныя, што паколькі нас ЮНЭСКА запісвае ў „Белую кнігу“, то мы гэтак і сапраўды зьніклі. Не, будзем расьці».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG