Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сядзеў пры Сталіне. Сеў бы і пры Пуціне?


Гэта — генэрал Аляксандар Гарбатаў пад Магілёвам, 1944 год. Сёньня яго пасадзілі б на 5 гадоў або далі б штраф 15 тыс. USD. У 1938-ым ён быў арыштаваны, НКВДзісты катавалі яго суткамі, і, як ён потым прыгадваў, галоўным яго жаданьнем было — памерці. Гэтыя свае ўспаміны ён у 60-ых надрукаваў у апальным «Новым мире» Твардоўскага — дзе тады друкаваліся Салжаніцын, Быкаў, Астаф’еў, Аксёнаў. Хто чытаў «Московскую сагу» таго самага Аксёнава (ну альбо сэрыял глядзеў, з Арбакайтэ) — дык генэрал Градаў шмат у чым сьпісаны з Гарбатава: у 1941-ым яго вызвалілі і кінулі на фронт — Айчына табе даравала, Айчына табе верыць. Дакажы і ты сваю любоў, змый свае памылкі крывёю, колькі там у цябе яе пасьля катаваньняў засталося.

Мой дзед бачыў Гарбатава ў Бэрліне. Канешне, бачыў здалёк: генэрал быў камэндантам Бэрліну, дзед — салдатам. Але Гарбатава салдаты любілі: на вайне ён ашчаджаў людзей. Такая слава за ім ішла яшчэ са Сталінграду. Паводле словаў дзеда, звычайна камандзіры ні ў што ня ставілі салдацкія жыцьці, і тое, што дзед прайшоў вайну ад першага да апошняга дня і выжыў, хаця і быў цяжка паранены — ён сам лічыў цудам (яго жонка, маці маёй маці, мая бабуля, загінула ў першыя дні вайны, калі немцы бамбілі Магілёў — і трое малалетніх дачок без бацькоў выжылі толькі Божай ды людзкой спагадай).

Я спадзяюся, што сёньня дзеду за ягоныя расповеды пра мэтады савецкіх камандзіраў нічога б не было: сьпісалі б на палітычную несьвядомасьць простага селяніна, дый расказваў ён гэта толькі ўнукам. А вось Гарбатаў мог бы атрымаць штраф 500 тыс. расейскіх руб., альбо нават — 5 гадоў турмы. Менавіта такую адказнасьць — у тым выпадку, калі гэта адбываецца праз СМІ — прадугледжвае ўнесены ў Дзярждуму РФ закон, які, сярод іншага, забараняе крытыку дзеяньняў Чырвонай Арміі.

Бо Гарбатаў не пытаньне задаў, як журналісты расейскага тэлеканалу «Дождь», а адназначна заявіў — і ня ўнукам, а праз СМІ («Новый мир») — наконт сьвятое сьвятых, наконт трыюмфальнага эпілёгу вайны: «З ваеннага пункту гледжаньня, Бэрлін ня трэба было штурмаваць. Горад дастаткова было ўзяць у кола, і ён сам здаўся б праз тыдзень—другі. Нямеччына капітулявала б непазьбежна. А на штурме, у самы пярэдадзень перамогі, у вулічных баях мы паклалі ня менш за сто тысяч салдат. І якія людзі былі — залатыя, столькі ўсяго прайшлі, і ўжо кожны думаў: заўтра жонку, дзяцей убачу...»

Але, канешне, ці варта чакаць праўдзівых (а галоўнае — правільных!) ацэнак ад салдата зь перадавой ці баявога генэрала? Крытэрый праўды пра вайну цяпер вызначаюць дэпутаты, выкармленыя ў лубянскіх кабінэтах.

Чаму я пішу пра гэта — законапраект жа разглядаецца расейскімі, не беларускімі дэпутатамі? Ёсьць у мяне адчуваньне, што нешта падобнае зробяць і ў Менску. Тым больш, што такі закон быў прыняты ў Кіеве — у пакеце сумнавядомых «антымайданаўскіх» законаў; і ён не адменены. А галоўнае — у Беларусі, як і ў Расеі (прычым Менск тут апярэджвае Маскву) тэма вайны манапалізаваная і цынічна эксплюатуецца ў інтарэсах аўтарытарных правіцеляў. Якім (калі меркаваць па іх дзеяньнях) бліжэйшыя да сэрца не ахвяры той вайны, а генэралісімус таварыш Сталін.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG