Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька, Калякін і Янукевіч ацэньваюць Клічка, Цягнібока і Яцанюка


Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

Свабода папрасіла кіраўнікоў беларускіх апазыцыйных палітычных партыяў ацаніць дзейнасьць лідэраў украінскай апазыцыі Віталя Клічка, Алега Цягнібока і Арсенія Яцанюка.

Анатоль Лябедзька: Ідэі ўкраінскай апазыцыі перагукаюцца зь дзеяньнямі беларускай


Кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька праводзіць паралелі паміж Майданам-2004 і тым падзеямі, якія адбываюцца ў Кіеве апошнія месяцы:

«Клічко, Цягнібок і Яцанюк робяць усё магчымае, каб утрымаць разьвіцьцё падзеяў у прававым рэчышчы. Яны арыентуюцца на настроі Майдану. Гэтая сувязь больш моцная, чым у 2004-м, калі Майдан глядзеў у рот лідэрам. Цяпер ёсьць двухбаковая сувязь.

Пасылы лідэраў украінскай апазыцыі перагукаюцца з тым, што выкарыстоўвае беларуская: кропкавыя санкцыі супраць парушальнікаў законаў, вызваленьне ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.

Іх стратэгія і тактыка аптымальная для той сытуацыі, якая цяпер ёсьць.

Украінская апазыцыя мае моцныя аналітычныя структуры, і даваць парады збоку было б не зусім правільна, паліткарэктна і тактоўна.

Падзеі ва Ўкраіне — гэта агульнаэўрапейская праблема. Ад вынікаў залежыць шмат што на постсавецкай прасторы. Самае галоўнае, каб былі вынікі, якія можна памацаць рукой, — каб было болей дэмакратыі, дабрабыту. Тады гэта істотна паўплывае на падзеі ў Беларусі».


Сяргей Калякін: Гэтыя людзі не кіруюць усімі працэсамі на Майдане


Сяргей Калякін

Сяргей Калякін

Сяргей Калякін, кіраўнік Партыі левых «Справядлівы сьвет», ацэньваючы Віталя Клічка, Алега Цягнібока і Арсенія Яцанюка, адзначае: яны не кантралююць сытуацыю на 100%:

«Большая частка тых, хто выйшаў на Майдан, пратэстуюць супраць жорсткіх дзеяньняў органаў аховы парадку, а не таму, што іх туды паклікала апазыцыя.

На мой погляд, выхад для Ўкраіны — гэта правядзеньне датэрміновых парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў. Пра гэта ўжо заявіў Януковіч. Я думаю, што апазыцыі на гэта трэба пагаджацца, бо гэта былі іхныя патрабаваньні.

А ўжо пасьля трэба зладзіць рэфэрэндум з пытаньнем пра геапалітычнае вызначэньне Ўкраіны.

Усе сілавыя сцэнары вырашэньня канфлікту абсалютна забойчыя як для Ўкраіны, так і для лідэраў апазыцыі.

Я як назіральнік бачу, што гэтыя тры лідэры апазыцыі не кіруюць многімі тымі працэсамі, якія там адбываюцца ва Ўкраіне.

Правядзеньне выбараў — слушны варыянт, ён дазволіць спыніць працэс, які можа прывесьці да грамадзянскай вайны. Ці хопіць у іх для гэтага аўтарытэту, альбо перамогуць сілы, якія маюць іншыя інтарэсы, — гэта вялікае пытаньне.

У Клічка, Цягнібока і Яцанюка ёсьць агульныя інтарэсы — адхіленьне ад улады Віктара Януковіча. Але яны канкурэнты паміж сабой. Я думаю, што калі будуць выбары прэзыдэнта ці ў Раду, паміж імі будзе маса праблемаў».


Аляксей Янукевіч: Патрабаваньне павінна быць адно — адстаўка Януковіча


Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

Кіраўнік Партыі БНФ Аляксей Янукевіч кажа, што тройцы Клічко — Цягнібок — Яцанюк трэба хутчэй вызначацца, хто зь іх будзе адзіным лідэрам.

«Гэтыя асобы паказалі сябе лідэрамі, якія адпавядаюць чаканьням украінскага грамадзтва. Лічу, што іхныя спробы зрабіць захады, каб не дапусьціць радыкалізацыі настрояў, былі слушныя, нягледзячы на тое, што такая пазыцыя не заўсёды знаходзіла падтрымку пратэстоўцаў.

А калі падзеі радыкалізаваліся, Клічко, Цягнібок і Яцанюк ня сталі абвінавачваць пратэстоўцаў, а салідарызаваліся зь імі.

Што ім варта параіць? Вылучыць адзінага лідэра. Быў момант, калі народ на Майдане ясна патрабаваў, каб быў адзіны лідэр. А яны тады ня здолелі дамовіцца, хто будзе лідэрам.

Выглядае, што Клічко больш пасуе на гэтую ролю. Яму трэба брацца, а іншым варта пагадзіцца з такім рашэньнем.

Трэба больш выразна дамагацца адстаўкі Віктара Януковіча. Усе размовы пра перавыбары Вярхоўнай Рады, пра новы склад Кабінэту міністраў толькі размываюць фокус.

А галоўным патрабаваньнем павінна стаць адстаўка Януковіча».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG