Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі гімн: час зьбіраць і кідаць камяні


Севярын Квяткоўскі

Севярын Квяткоўскі

«Ще не вмерла Україна...», – амаль штодня круціцца ў мяне ў галаве матыў. Фрагмэнт украінскага гімну я чую ці ня кожны дзень як фон жывой тансьляцыі з Кіеву.

Я даўно ведаю галоўную нацыянальную песьню ўкраінцаў – у аранжыроўцы гурту «Воплі Відоплясова» са складанкі «Українська героічна пісня». Па канцэпцыі зборнік нагадвае беларускі супольны музычны альбом «Я нарадзіўся тут», дзе сучасныя беларускія выканаўцы сьпяваюць як клясычныя, так і нанова створаныя беларускія патрыятычныя песьні.

Памятаю, як дзесяць гадоў таму, калі я быў на канцэрце «Я нарадзіўся тут», заля ўставала некалькі разоў. На «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», на «Пагоні» і на «Магутным Божа».

На момант выхаду дыску «Я нарадзіўся тут» у 2000 годзе, дыскусіі ў беларускім грамадзтве пра гімн для дзяржавы сталіся ўжо неактуальнымі, бо вайна ўсяму нацыянальнаму, апроч рэглямэнтаванага канонамі БССР, трывала ў Беларусі сёмы год.

Зрэшты, столькі ж трымаўся грамадзянскі, а нават больш – інтэлектуальна-эмацыйны супраціў сілам, якія імкнуліся зьвесьці нацыянальную беларускую ідэю да кароткага абзаца ў энцыкляпэдыі.

Чаму ў 1991-м прынялі нацыянальную сымболіку, а бээсэсэраўскі гімн (бяз словаў) пакінулі? Ёсьць вэрсія, што некаторыя з тагачасных лідэраў нацыянальнага адраджэнскага руху мелі амбіцыі на аўтарства гімна нанова паўсталай беларускай дзяржавы.

Адпаведна быў абвешчаны конкурс, грамадзкае абмеркаваньне будучага гімну. А пасьля прыйшоў першы прэзыдэнт, і зрабіў па-свойму. Ёсьць нейкая няўлоўная сувязь між дыскусіяй пра гімн, і магчымасьцю такога рэзкага павароту ад будаваньня нацыянальнай дзяржавы да рэгрэсу.

Тым ня менш, дыскусія працягнулася – ужо ў дысыдэнцкіх нацыянальных колах, і паволі прыціхла. А шырокія масы беларусаў так і не пасьпелі дазнацца пра існаваньне альтэрнатываў.

Пры тым, што праз вулічныя акцыі пратэсту новаму рэжыму ад 1995 па 2011 гады прайшлі сотні тысяч людзей, яны так і не пачулі, адпаведна не дазналіся, і ўрэшце не засьпявалі нацыянальную беларускую песьню-гімн.

***
У кароткай дыскусіі ў сеціве адна мая фрэндэса радавалася, што беларуская мова існуе ня толькі ў «інтэлектуальным гета», але ў друкаванай прадукцыі «для народа»...

Парадокс у тым, што інтэлектуалы па вызначэньні ня могуць быць большасьцю. Немагчыма зрабіць шматтыражку «Весьнік інтэлектуала». Інтэлектуалаў мала, інтэлектуалы раскіданыя ў прасторы, і працуюць за станкамі ўласнай сьвядомасьці. А перасякаюцца зрэдку ў нешматлікіх дыскусійных прасторах у рэальнасьці: на прэзэнтацыях, у тэле- радыёперадачы, ці проста ў прыватных размовах.

Вось у такім маленькім дыскусійным клюбе калісьці нарадзіўся тэкст будучага гімна «Ще не вмерла Україна...».

***
У сярэдзіне ХІХ ст. ва Ўкраіне ствараюцца ўкраінафільскія гурткі.
У перакладзе на сучасныя паняткі назавем іх – асяродкі сьвядомых украінцаў.

Невялікае кола інтэлектуалаў распрацоўвае ўкраінскую нацыянальную ідэю, робіць захады ў асьвеце простых украінскіх людзей. Падобная – беларуская – праца актывізуецца крыху пазьней, на мяжы стагодзьдзяў.

З пункту гледжаньня колькасьці гурткоў – дык цэлы рух. Але дэ-факта адсотак сьвядомых украінцаў яшчэ проста мізэрны адносна ўсяго народу ад Сяна да Дона. А пасьля паўстаньня 1863 году царскія ўлады дык наогул душаць якія-кольвек публічныя нацыянальныя праявы.

У 1862-м у адным з асяродкаў такога «інтэлектуальнага гета» пішацца верш «Ще не вмерла Україна». Дваццацітрохгадовы ўдзельнік супольнай з сэрбскімі студэнтамі вечарыны Павло Чубінскі чуе сэрбскую народную песьню са словамі пра змаганьне з ворагамі за свабоду. Малады чалавек уражваецца, адштурхоўваецца ад сэрбскага тэксту, імправізуе, бярэ першы радок папулярнага польскага Маршу Дамброўскага «Jeszcze Polska Nie Zginęła», піша свой уласны тэкст.

***
У 1980-х асяродкі сьвядомых беларусаў будавалі сваю візію незалежнай Беларусі. Інтэлектуал ня можа наўпрост паўплываць на тыктанічныя зварушэньні грамадзтва. Але можа ў патрэбны час прапанаваць ідэю.

І калі надарыўся час – гэтае «інтэлектуальнае гета», а насамрэч, проста – інтэлектуальныя колы – прапанавалі шырокім масам і сьцяг, і герб, і ідэю адраджэньня беларускай мовы, і аднаўленьне/стварэньне незалежнай Беларусі.

Калі ў 1980-х зьбіраліся камяні, то ў 1990-х камяні раскідаліся. То бок, назапашаныя веды і ідэі актыўна ўкідваліся ў людзкое поле, і вельмі хутка некалькі тысяч «беларусафілаў» прырасьлі сотнямі тысяч прыхільнікаў.

Вось толькі як не дамовіліся адразу ў 1980-х пра гімн, так гэтая праблема перакачавала на пачатак 1990-х, так і не было чаго сьпяваць ужо падчас вулічнага змаганьня за сваю годнасьць пасьля 1994-га.

Нядаўна меў са знаёмцамі гутарку на гэтую падзабытую тэму беларускага гімну. І пачуў, відаць, тое, што казалі і пра ўкраінскі гімн цягам апошніх паўтара стагодзьдзя.

«Ніводзін з варыянтаў не адпавядае рэаліям!», «Занадта ваяўніча!», «Занадта патрыярхальна!», «Занадта рэлігійна!».

Да прыкладу, украінскі гімн перапісвалі некалькі разоў, акурат зыходзячы з рэаліяў таго ці іншага часу. Прыбіралі пра ворагаў маскалёў, пасьля зусім пра ворагаў. Цяперашняя вэрсія прынятая ня так даўно – у 2003-м.

***
У 2000-х ва ўлады было эканамічнае «працьвітаніе», а ў стваральнікаў і далучаных да нацыянальнага руху – ідэйная разгубленасьць. З абодвух бакоў – застой.

Калі я сёньня бачу проста ажыятажны інтарэс да праекту «Мова ці кава» і адпачкаванага ад яе «Мова нанова», ці сотні тысяч праглядаў анімацыйнага фільма «Будзьма беларусамі!», я разумею, што перад мною – абноўленыя «беларусафільскія гурткі».

Толькі далучаюцца да іх людзі з базавымі ведамі гісторыі і ўяўленьнем пра будучыню краіны. Ім ня трэба тлумачыць, чаму Вільня – старадаўняя беларуская сталіца, што такое БНР і чаму «Пагоня» – нацыянальны сымбаль беларусаў. І што Беларусь мусіць быць незалежнай сучаснай краінай. І ўзьнікае адно жаданьне да гурткоў – болей! А да жаданьня – разуменьне, што пры больш-менш адкрытай грамадзкай сытуацыі тэма новай Беларусі будзе запатрабаваная не на ўзроўні гурткоў, а ў шырокіх колах.

За дваццаць пяць гадоў з моманту, калі беларускія інтэлектуальныя асяродкі выйшлі з кухань, майстэрняў і лясных палянак у шырокі сьвет, беларускае грамадзтва стала больш складаным і разгалінаваным. Пра Беларусь як сваю краіну, а не тэрыторыю сумеснага жыхарства, думаюць вельмі розныя людзі. Розных заняткаў, дастаткаў і палітычных поглядаў.

Магчыма, у новых «беларусафільскіх гуртках» высьпее варыянт беларускага гімну, дзе на базе традыцыйнага тэксту магла б быць рэдакцыя з улікам рэаліяў ХХІ стагодзьдзя.

А разам з гімнам абноўленая Беларуская Ідэя – усіхная, якая ў пераломны для краіны момант можа аб'яднаць правых і левых, заможных і ня вельмі, людзей розных рэлігій і этнічнага паходжаньня. Ідэя супольнага Дому. Тое, што мы ў той ці іншай ступені бачым цяпер ва Ўкраіне.

Тое, што пачыналася ў нас у 1990-х, і што мы празь недасьведчанасьць, ці нават палітычную і грамадзянскую наіўнасьць не дарабілі.

Мы зноў зьбіраем камяні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG