Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінская апазыцыя хоча вяртаньня дэмакратычнай Канстытуцыі


Тры апазыцыйныя фракцыі ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны спадзяюцца на фармаваньне новай парлямэнцкай большасьці, вяртаньне да Канстытуцыі 2004 года і фармаваньне новага кааліцыйнага ўраду.

Сёньня ў Кіеве пачынаецца чарговая сэсія Вярхоўнай Рады Ўкраіны, на якую ўскладваюць свае спадзяваньні мітынгоўцы, што трэці месяц пратэстуюць на Майдане незалежнасьці ў Кіеве і ў іншых гарадах Украіны.

Апазыцыя ў Вярхоўнай Радзе настойвае на прыняцьці закона аб вяртаньні варыянту Канстытуцыі, які быў ухвалены пад час Аранжавай рэвалюцыі ў 2004 годзе, але з прыходам да ўлады Віктара Януковіча ў 2010 годзе быў скасаваны рашэньнем Канстытуцыйнага суда.

У выпадку аднаўленьня Канстытуцыі 2004 года, якая прадугледжвае парлямэнцка-прэзыдэнцкую форму кіраваньня, урад будзе фармавацца парлямэнцкай кааліцыяй.

Прадстаўнікі партый «Бацькаўшчына», «Ўдар» і «Свабода» спадзяюцца далучыць да сябе пазафранкцыйных дэпутатаў і дэпутатаў-мажарытарнікаў. Паводле лідэраў гэтых франкцый, яны вядуць інтэнсіўныя перамовы на гэты конт.

Аднак на гэты час невядома, ці маюць яны разам большасьць у Радзе 226 галасоў.

Кіроўная на сёньня большасьць у складзе Партыі рэгіёнаў і камуністаў ня хоча разглядаць канстытуцыйную рэформу. У папярэдні парадак дня, разасланы прэсавай службай Вярхоўнай Рады, гэтае пытаньне ня ўключанае.

Лідэр фракцыі «Бацькаўшчыны» Арсеній Яцанюк перакананы:

«Адзіны шлях да стабілізацыі сытуацыі — аднаўленьне канстытуцыйнага правапарадку ў краіне і вяртаньне да Канстытуцыі 2004 года. Ва Ўкраіне павінны быць адмененыя дыктатарскія паўнамоцтвы дзейнага прэзыдэнта».

Лідэр фракцыі партыі УДАР Віталь Клічко яго цалкам падтрымлівае:

«Усё ўжо пераканаліся, што канцэнтрацыя ўлады ў адных руках — небясьпечная. І зараз не стаіць пытаньне, калі вяртацца да парлямэнцка-прэзідэнцкай формы кіраваньня. Неадкладна».

У сваю чаргу, лідэр фракцыі кіроўнай Партыі рэгіёнаў Аляксандр Яфрэмаў заявіў:

«Мы павінны разумець, што калі ўлада будзе зьмяняцца такім чынам цяпер, то гэтак жа яна будзе мяняцца і далей. І ніякага эвалюцыйнага мэханізму ў працы нашай дзяржавы мы закладваць не будзем».

Паводле сьпікера Рады Ўладзімера Рыбака, у парлямэнце па стане на ўчорашні дзень не было зарэгістраваных прапаноў аб унясеньні зьмяненьняў у Канстытуцыю Украіны:

«Павінен быць закон. Яго павінны разгледзець спэцыялісты, камітэт. Гэтага пакуль няма», — сказаў ён.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG