Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

136 журналістаў пацярпелі ва Ўкраіне


Валянтэры выносяць параненую журналістку зь месца сутычак на вуліцы Грушэўскага, 20 студзеня.

Валянтэры выносяць параненую журналістку зь месца сутычак на вуліцы Грушэўскага, 20 студзеня.

Ад 21 лістапада, за 74 дні з пачатку масавых пратэстаў ва Ўкраіне, 136 журналістаў пацярпелі пры выкананьні прафэсійных абавязкаў.

Гэта вынікае з дасьледаваньня ўкраінскага Інстытута масавай інфармацыі. Гэтая ўстанова праверыла зьвесткі пра пацярпелых журналістаў, фатографаў і апэратараў падчас выкананьня імі прафэсійных абавязкаў у зоне сутыкненьняў пратэстоўцаў, міліцыі і «цітушак» у Кіеве і іншых гарадах.

Пад увагу прымаліся толькі выпадкі, зьвязаныя з прафэсійнай дзейнасьцю, і такія, дзе журналісты атрымалі рэальныя раненьні або пашкоджаньня тэхнікі.

У інстытуце адзначаюць, што большасьць журналістаў — 80 выпадкаў — пацярпелі за апошнія 2 тыдні (з 19 студзеня па 2 лютага 2014 году).

Больш за ўсё, 54 журналісты, пацярпелі ад зьбіцьця міліцыяй ці байцамі «Беркута».

27 журналістаў атрымалі раненьні ад выбуху сьвятлошумавых гранат, на 21 работніка СМІ нападалі «цітушкі». Было зафіксавана 17 выпадкаў раненьняў журналістаў ад куль, якія ляцелі з боку міліцыі на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве. Таксама былі 2 выпадкі, калі «беркутаўцы» цэлілі журналістам у камэры, аднак тыя пасьпявалі схавацца, і кулі не дасягалі мэты.

Яшчэ 19 журналістаў пацярпелі ў выніку іншых дзеяньняў, напрыклад, ад цісканіны паміж міліцыяй і прысутнымі, ад камянёў, якія ляцелі з розных бакоў, і ад атручаньня сьлезацечным газам.

31-му журналісту пашкодзілі або цалкам зьнішчылі тэхніку — відэакамэры, фотаапараты, пляншэты, флэшкі і іншае.

Адзінаццаць журналістаў затрымлівала або арыштоўвала міліцыя.

У беларускага фотажурналіста Васіля Фядосенку, які працуе для агенцтва Reuters у Кіеве, 22 студзеня трапілі гумовай куляй. Яна патрапіла журналісту ў лоб паміж каскай і абарончымі акулярамі.

26 студзеня здымачную групу «Белсату» — журналістаў Юр’я Высоцкага і Сяргея Марчыка ў Чаркасах зьбіў «Беркут». У журналістаў забралі тэхніку і дакумэнты.

XS
SM
MD
LG