Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зрухі ў візавым пытаньні як пачатак лібэралізацыі?


Андрэй Казакевіч

Андрэй Казакевіч

Як паведаміў кіраўнік візавага аддзелу Генэральнага дырэктарату ўнутраных спраў Эўракамісіі Ян дэ Чэстэр, Эўракамісія зацікаўленая ў тым, каб беларусы маглі максымальна карыстацца ўсімі магчымасьцямі Візавага кодэксу Эўразьвязу дзеля спрошчанага атрыманьня шэнгенскіх візаў. Спадар Чэстэр падкрэсьліў, што Беларусь афіцыйна адказала на прапанову Эўразьвязу пачаць перамовы аб спрашчэньні візавага рэжыму і рэадмісіі. У выпадку пасьпяховага правядзеньня перамоваў і падпісаньня дакумэнтаў кошт шэнгенскіх візаў для беларусаў будзе зьніжаны, для некаторых катэгорыяў грамадзян візы стануць бясплатнымі.

Ці азначае гэтая заява, што ў візавым пытаньні нарэшце адбыліся істотныя зрухі, і чым тады гэта выклікана? Ці можна сказаць, што беларускія ўлады гатовыя пайсьці на новую лібэралізацыю адносінаў з Эўразьвязам? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг, дырэктар інстытуту «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч.

— Упершыню за апошнія гады зробленыя заявы, якія можна разглядаць як крокі ў кірунку спрашчэньня візавага рэжыму. Ці можна гэта расцэньваць як сур’ёзны рух у гэтым рэчышчы?

— Думаю, так. Асабліва ўлічваючы тое, наколькі доўга гэтая працэдура ўзгаднялася і рыхтавалася. Вядома, гэта пакуль яшчэ ня нейкія канкрэтныя рашэньні, але гэта прынамсі можна назваць пэўным прагрэсам.

— А што зьмянілася — чаму гэты прагрэс стаў магчымым? Нагадаю, што калі міністар замежных спраў Уладзімер Макей у Вільні заявіў, што Беларусь гатовая пачаць перамовы аб спрашчэньні візавага рэжыму, то шмат хто з аналітыкаў паставіўся да гэтага вельмі скептычна. Што адбылося ў адносінах паміж афіцыйным Менскам і Брусэлем, што машына візавага пытаньня ўсё ж закруцілася?

— Сыгналы таго, што трэба выходзіць з сытуацыі, якія склалася пасьля 19 сьнежня 2010 году, зьявіліся даволі даўно, каля году таму. Былі і кансультацыі на гэты конт паміж бакамі, і ўзгадненьні пазыцыяў. Пакуль што нельга казаць пра нейкія канкрэтныя крокі, але сёньняшнія заявы вакол візаў — гэта ня нейкае раптоўнае рашэньне, яны дастаткова доўга рыхтаваліся.

Галоўная прычына ў тым, што замарожваньне стасункаў паміж Менскам і Эўразьвязам гуляе як супраць Беларусі, так і — у пэўнай ступені — не зусім добрае для ўсходняй палітыкі Эўразьвязу, бо вялікі сэгмэнт проста выпадаў, многія праграмы былі замарожаныя. Таму я б разглядаў сёньняшнія крокі як частку гэтага працэсу, спробу нармалізаваць адносіны, прынамсі намацаць нейкі грунт для выхаду з тупіку, які склаўся пасьля 19 сьнежня 2010 году.

— Ці можна тут казаць, што беларускія ўлады гатовыя пайсьці на лібэралізацыю стасункаў з Эўразьвязам — на што яны традыцыйна ідуць напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў?

— Пакуль пра гэта рана казаць, бо канкрэтных крокаў з боку Менску пакуль не было. Усё-ткі ў 2008–10 годзе такія крокі мелі месца. Але прынамсі прамацваньне глебы з боку Менску ёсьць — і гэта зьвязана ня столькі з выбарамі, колькі з неабходнасьцю дывэрсыфікаваць сваю зьнешнюю палітыку, знайсьці новыя апірышчы, магчыма, супрацьвагу Расеі.

Але я б пакуль не лічыў гэта пачаткам абвяшчэньня палітыкі лібэралізацыі адносінаў з Эўразьвязам. Гэта проста пэўная прыкмета, якая можа сьведчыць пра тое, што такія пляны, магчыма, разглядаюцца беларускім кіраўніцтвам.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG