Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Голас вылечаных пацыентаў — гэта вельмі сур’ёзны аргумэнт»


На пачатак 2014 году на дыспансэрным уліку з прычыны злаякасных новаўтварэньняў стаяць больш за 250 тысяч чалавек — гэта 2,5% жыхароў краіны.

Напярэдадні Ўсясьветнага дня барацьбы з анкалягічнымі захворваньнямі ў Менску лекары, анкапацыенты і журналісты абмеркавалі, як аб’яднаць намаганьні і прыцягнуць увагу грамадзтва да гэтай праблемы, бо тэндэнцыя росту захворвальнасьці на рак будзе захоўвацца.

Загадчык аддзяленьня проціракавай барацьбы Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі Павал Маісееў лічыць, што сёньня трэба казаць пра недахоп інфармаванасьці, пра недахоп разуменьня, недахоп зносінаў — то бок пра інфармацыйны вакуўм. Бо часьцяком і журналісты, і тыя грамадзяне, якіх гэтая хвароба не закранула, стараюцца «ня бачыць» анкалягічную тэматыку, бо яна выклікае страх. Але ўбачыць праблему давядзецца, бо колькасьць хворых на рак расьце:

«У нас сёньня хварэць можна на ўсё што заўгодна: ад СНІДу да пранцаў. І нават некаторыя хваробы выклікаюць ледзьве не пачуцьцё гонару, ледзьве не спачуваньні. А вось анкапацыент з дыягназам „рак“ часьцяком лічыцца такім небясьпечным элемэнтам. І вось калі ў грамадзтве мы не наладзім такі дыялёг, такое кантактаваньне з усімі ўдзельнікамі гэтага працэсу, нічога ня выйдзе».
Павал Маісееў

Павал Маісееў


Старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Беларуская арганізацыя працоўных жанчын» Ірына Жыхар, анкапацыент з 20-гадовым стажам, стала ініцыятарам стварэньня ў розных гарадах Беларусі ініцыятыўных групаў узаемадапамогі і псыхалягічнай падтрымкі анкахворых з актыўным удзелам мэдыкаў, псыхолягаў, сацыяльных працаўнікоў:

«Для таго каб даць рады гэтаму выкліку, намаганьняў адных мэдыкаў недастаткова. Калі мы хочам даць рады анказахворваньню, мы павінны аб’яднаць намаганьні: ураду, мэдыкаў, прамыслоўцаў, сыстэмы аховы здароўя і саміх анкапацыентаў. І я рада, што за тры гады склалася даволі шырокае кола аднадумцаў. Калі я чытаю, што анкалягічныя суполкі анкапацыентаў у Эўропе існуюць 80 гадоў, для мяне гэта вельмі сур’ёзны аргумэнт, што праца павінна рабіцца шырока і з прыцягненьнем шмат каго».
Ірына Жыхар

Ірына Жыхар


Як толькі пацыент выходзіць са шпіталя, пачынаецца ну калі ня бездань, то яма, кажа загадчык аддзяленьня РНПЦ анкалёгіі Павал Маісееў. Здаецца, лекары зрабілі сваю справу і павінны перадаваць анкапацыентаў у іншыя рукі, павінна існаваць служба сацыяльнай дапамогі, псыхалягічнай рэабілітацыі, сацыяльнай рэабілітацыі. Але, на думку спадара Маісеева, у Беларусі гэтая сыстэма ня створаная.

«Пацыенты застаюцца ня толькі сам-насам з сабой, сваякамі, але яшчэ і з грамадзтвам, якое не разумее і ня хоча разумець гэтых пацыентаў, якія становяцца калі не ізгоямі, то людзі зь нейкім кляймом. Памятаю, як адна пацыентка прасіла: вы на нашых картачках не пішыце „анкалёгія“, каб нас у паліклініцы не адкідалі ў іншы бок, каб мы былі такія, як усе».

Ініцыятыва саміх анкапацыентаў — дапамагчы сабе і такім самым хворым — падхоплена ўжо ў сямі гарадах краіны: Менску, Гомелі, Бабруйску, Клічаве, Смаргоні ды іншых. Ствараюцца такія суполкі ў Горадні, Пінску, кажа Ірына Жыхар:

«Напэўна, хтосьці скажа: за тры гады дзевяць групаў — хіба гэта шмат? Але паверце мне: у краіне, дзе яшчэ 3 гады таму не было анкапацыентаў, гатовых адкрыць свае твары, тое, што ў сямі гарадах краіны працуюць супольнасьці людзей, якія гатовыя дапамагчы ня толькі сабе, але і іншым, гэта вялікае дасягненьне. Голас вылечаных пацыентаў — гэта вельмі сур’ёзны аргумэнт».

Сёньня Беларуская асацыяцыя працоўных жанчын сумесна з камандай сайту oncopacient.by узнагародзіла журналістаў, якія пішуць пра анкалягічных хворых. Конкурс праходзіў пад дэвізам «Хвароба, што зьмяніла жыцьцё». Калектыў Радыё Свабода атрымаў грамату за мультымэдыйны праект «Жыцьцё пасьля раку» — пра жыцьцёвыя гісторыі людзей, якія перамаглі гэтую падступную хваробу.
Ліст падзякі для Радыё Свабода

Ліст падзякі для Радыё Свабода

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG